Вось і прайшло 20 гадоў жыцьця. Ды якога жыцьця! Для беларусаў — эпохі фатальных перамен, узлёту і разбурэньня ілюзій, часу прынцыповай неўступлівасьці адных ды згодніцтва і спаўзаньня да “рэалій жыцьця” другіх.

“Незалежнасьць Беларусі наўпрост залежыць

 ад расейскага бардаку: чым мацней там

 бардак, тым больш незалежнасьці тут.

-А калі бардак там аднойчы скончыцца?

— Адна надзея, што да таго часу мы

 пасьпеем навесьці парадак тут.

Свой і сапраўдны.”

З беларускага фальклёру

Вось і прайшло 20 гадоў жыцьця. Ды якога жыцьця! Для беларусаў — эпохі фатальных перамен, узлёту і разбурэньня ілюзій, часу прынцыповай неўступлівасьці адных ды згодніцтва і спаўзаньня да “рэалій жыцьця” другіх. Да нядаўняга часу я адносіў сябе да ліку першых, да той меншасьці, што не памяняла свае  погляды, нягледзячы на неспрыяльнасьць палітычных і сацыяльных варункаў. І вось цяпер задумаўся — ці так добра быць упартым дагматыкам, зацятым кансэрватарам сваіх перакананьняў і памылак? Чаму памылак? Бо яны ёсьць у кожнага чалавека, і хто ведае, што з учорашніх догмаў стане памылкай, а што застанецца доўгатэрміновай ісьцінай. Таму любая аўта-рэвізія можа стаць пачаткам здрады, а можа — нараджэньнем новага шляху ў будучыню. Не ведаю, што будзе ў маім выпадку, але паспрабую агледзяць крытычным вокам здавалася б беззаганныя пастулаты часоў раньняй незалежнасьці.

Рускі сьвет і расейская цемра

Для пачатку аб Расеі і расейшчыне. За 20 год у бок нашай усходняе суседкі выпушчана столькі “зьнішчальных” стрэлаў, што паўтараць у соты раз словы Пазьняка ці Дубаўца ня мае сэнсу. Але вось я сказаў – у бок усходняй суседкі — а ў сэрцы некаторых беларусаў пры гэтым неяк непрыемна “кольнула”. І не толькі ў сэрцы нашых “западно-русаў”, суайчыньнікаў зангажаваных у ідэялогію “рускага сьвету” ці знаўцаў імперскай гісторыі, але і простых беларусаў, шэраговых гадаванцаў савецкай школы і эпохі. Што б ні казалі нашы прынцыповыя “антырасейцы”, больш 90% інфармацыі і амаль уся адукацыя атрымана намі па-расейску. Відаць, то не вельмі добра, але ж гэта гістарычны факт, які моцна ўплывае на жыцьцё і настроі людзей незалежна ад нашых суб’ектыўных жаданьняў. Асабіста я меў 6-гадовы перыяд, калі не чытаў і прынцыпова пазьбягаў любых расейскамоўных крыніц інфармацыі. Як бачыце, выжыў і не вельмі каб здурнеў (як тое абяцаў без расейскай мовы АРЛ), але і не скажу каб гэта было вельмі лёгка і зручна. Для такой ахвяры большасьць беларусаў, пэўна ж, не гатова, хаця карысьць ад яе для нацыянальнай сьвядомасьці фантастычная! І ўсё ж пасьпешлівасьць і жорсткі прымус у гэтай справе можа мець адваротны эфект. Русіфікацыя ішла многія дзесяцігоддзі, калі не стагоддзі, і беларусізацыя не можа быць маланкавай і адначасна эфектыўнай. Больш важна ёй быць пасьлядоўнай, настойлівай і натуральнай. Мы прысутнічаем бадай пры першым яе акце — асучасваньні і актуалізацыі, закладцы яе інтэлектуальных і соцыё-культурных муроў. Што б ні казалі нашы творцы, расейская культурная прастора для спажыўца куды больш прывабная і распрацаваная, рэзка пазбівіцца ад яе без стратаў для шэраговага абывацеля немагчыма. Аднак прадукаваньне кіча і мас-культуры беларускага паходжаньня не адзіная праблема. Для аматараў элітных жанраў “пазбавіцца”  расейскіх першакрыніц і духоўнай сувязі з тамтэйшымі аўтарытэтамі яшчэ больш балюча. Эфект “звужэньня” інтэлектуальнай прасторы пры перасяленьні ў беларускае “гета”, сапраўды існуе. Аднак ці варта рабіць з гэтага трагедыю? Для творцаў наадварот, гэта дае больш магчымасьцяў і перспектыў для самарэалізацыі. Перакладаць Цветаеву ці Бродзкага — сапраўды марны занятак. Лягчэй зрабіць сваё. Альбо парастварыць на беларускую не менш значныя творы з іншых культурных арэалаў, якіх мы не бачылі з-за высокага расейскага “плоту”. Так, расейская культура  з’ява сур’ёзная, у асобных сферах дасягнула сусьветных узораў, але расейскі культурны шавінізм ды месіянскія комплексы, на жаль, сталі часткай і савецкага, і постсавецкага выхаваньня, стрыжнем яе ідэялогіі і палітыкі. Адсюль грэблівае стаўленьне маладукаваных, а часта проста “цёмных” расейска-моўных грамадзян да ўсяго “нярускага”. Сярод тых, хто валодае прынамсі 2-3 мовамі, такая агрэсіўная ксенафобія сустракаецца значна радзей. І беларусы з ліку тых, хто мае шанец вырвацца з заганнага кола гэтай “расейскай цемры”.

Аднак вернемся да палітычнага лёсу “рускага сьвету”. Тут быццам бы ўсё ясна — прагнозы пачатку 90-х  спраўджваюцца. Вялікадзяржаўная параза 1991 году і постімперская “ломка” 90-х, асэнсаваная і перажытая Крамлём, перайшла ў стадыю рэваншызму, які выліўся ў супрацьстаяньне з Украінай і анэксію Крыма. Першая аналогія якая ўзьнікае — Нямеччына 30-х гадоў мінулага веку. Тая ж “прыніжаная” нацыя паўстае супраць сваіх “крыўдзіцеляў”. Сацыяльная напружанасьць і перад-рэвалюцыйная сітуацыя  скіроўваецца ўладай у “канструктыўнае” рэчышча — зьнешнюю агрэсію. Спосаб  выпрабаваны і эфектыўны ў тактычным плане, але сумніўны ў стратэгічнай перспектыве. Ні Гітлер, ні Напалеон не здолялі выканаць свае планы, хоць і ўскуламесілі ўсю Еўропу. Пуцін у ролі “фюрэра” нацыі і “выратавальніка” Расеі спачатку карыкатурны, але цяпер цалкам рэальны. Настолькі рэальны, што нашым “западно-русам” можна рыхтавацца да доўгай камандзіроўкі на Калыму ці Сахалін, бо заняпалыя “гулагі” даўно чакаюць новых адраджэнцаў. Хаця, мяркую, тутэйшыя сімпатызанты імперыі не настолькі яе гарачыя патрыёты, каб памяняць Гародню і Віцебск на кар’ерны рост у краі вечнай мерзлаты. У крайнім выпадку яны складуць сьпісы самых “нярускіх беларусаў” для братняй “дапамогі” паўночнай імперыі, чым самі выправяцца падтрымліваць “старэйшага брата”. Аднак Бог ім суддзя, дзе жыць і рабіць кар’еру, хай выбіраюць самі. Мы ж застанемся тут, бо іншага месца ня мелі і мець ня будзем. А вось дзе застанецца “рускі сьвет”— пытаньне адкрытае.

Возьмем радыкальны варыянт: пасьля спробы імперскага рэваншу, які працягнецца 10-12 год, Масква страціць кантроль над сваімі ўсходнімі і паўднёвымі (якая іронія лёсу!) рэгіёнамі, якія ў той ці іншай форме здабудуць суверэнітэт. Прычым не ўсюды гэта будуць выключна этнічныя рухі, вырашальнае значэньне могуць мець і рэгіянальныя эканамічныя інтарэсы багатых на рэсурсы абшараў з расейскамоўным насельніцтвам. Урэшце, “рускі сьвет”, як і “гішпанскі”, “ангельскі”  ці “нямецкі” рана ці позна  стане супольнасьцю дзяржаў, якіх яднаюць мова ці гістарычнае мінулае, але падзяляюць палітычныя мадэлі і сацыяльна-эканамічныя інтарэсы. У прынцыпе, гэта ўжо адбылося з былымі саюзнымі рэспублікамі, але сам трэнд можа стаць галоўным і ў РФ. Тым больш, сёньняшняя стратэгія Крамля, заснаваная на праяданьні прыроднай рэнты, мілітарызацыі краіны і зьнешняй агрэсіі, рана ці позна прывядзе да перамогі цэнтрабежных сіл. Праўда, сцэнар разьвіцьця падзей можа быць і менш радыкальны ці  больш катастрафічны. Ды хай тое займае (кажу без усякай крыўды), галовы саміх расейцаў. Наш лёс будзе вырашацца, як гэта ні банальна, не ў Маскве і не ў Бруселі, а ў стольным Менску. Дзе  вось ужо 20 год адно і тое ж, ці дакладней — адзін і той жа, да аскоміны на зубах, знаёмы твар …

Здрада ці перамога: роля асобы ў гісторыі

Нельга сказаць, што твар той за 20 год зусім не памяняўся: стала менш валасоў, больш зморшчын і стомленасьці ў поглядзе. Не памянялася толькі прага да ўлады, спосабы дасягненьня мэтаў і сама палітыка. 20 год зацятага змаганьня як мінімум на чатыры “франты”, 20 год без права на памылку. Няўжо такі памылак і не было? А само ўзыходжаньне на ўладную вяршыню — хіба не памылка гісторыі? Ды не, спадарства, пані гісторыя памылак ня робіць, яна робіць толькі тое, што дазваляюць ёй людзі, а дакладней — чаго яны жадаюць. Вось і палітык, асабліва палітык пасьпяховы, робіць тое ж самае — задавальняе прыхаваныя ці наяўныя жаданьні людзей. Спачатку адгадвае іх, ня горш за экстрасэнса, а потым вядзе за сабой “да жаданай мэты”ці водзіць за нос, што ў прынцыпе адно і тое ж. Калі ж ён перастае задавальняць жаданьні большасьці, гісторыя рукамі тых жа людзей прыбірае свайго абранца. Лукашэнка пакуль ўпэўнена трымаецца ў сядле гісторыі. Значыць фатальных памылак яшчэ не зрабіў, і большасьць людзей пераканана ў ягоных экстра-палітычных здольнасьцях. Да нядаўняга часу, мяне сярод той большасьці не было, аднак перамены на палітычным “фронце”, прымусілі засумнявацца ў сваёй рацыі.

Наконт “франтоў”. Першы “беларускі фронт”, застаецца без зрухаў — глухая абарона апазіцыі, рэдкія партызанскія вылазкі і акцыі асобных яе прадстаўнікоў, руціннае пазіцыйнае супрацьстаяньне. Другі “беларускі фронт”— рух і фронда бюракратыі яшчэ больш глухі і бесперспектыўны: барацьба з карупцыяй і гучныя наменклатурныя  “пасадкі” — вечны рухавік аўтарытарнай улады. На “заходнім фронце” таксама без перамен: ніхто з бакоў ня мае жаданьня, а хутчэй і сродкаў, мяняць сітуацыю. А вось “усходні фронт” адзіны, дзе падзеі разгортваюцца калі не імкліва, то даволі драматычна.  Халодная, “перманентная вайна” з Масквой, увайшла ў новую стадыю. Набліжаецца “восень патрыярха”, самага трывалага палітыка ўсходняй Еўропы.

Рэальны палітык заўсёды нявольнік гісторыі. Не самавольны авантурнік ці самадур-гаспадар, а вечны закладнік сітуацыі, у якой вымушаны дзейнічаць. І чым глыбей ён гэта разумее, тым даўжэй ягоны палітычны лёс. Ён ня можа зрабіць немагчымае, бо заўсёды абмежаваны ідэйнымі, інтэлектуальнымі, фінансавымі ці матэрыальнымі рэсурсамі, зьвязаны па руках і нагах хаўруснікамі і ворагамі, апанентамі і падначаленымі, абяцаньнямі і пагрозамі, і ,канечне, страхам. Найперш страхам страціць уладу. Думаю, у аўтарытарнага лідара гэтае пачуцьцё з узростам толькі мацнее, і ўжо не любоў да радзімы ці клопат пра нацыянальныя  інтарэсы, а менавіта страх пры жыцьці страціць уладу, становіцца галоўным стымулам да выжываньня. І вось самае галоўнае — каб інтарэсы дзяржавы і яе кіраўніка ў гэты момант не разыйшліся, каб улада атаясамлівала сябе з дзяржавай, а дзяржава з нацыяй.

Сёньня напэўна рана падводзіць вынікі эпохі Лукашэнкі, бо само ўладараньне  яшчэ ў зеніце, фінал яго неясны і ёсьць пакуль, амаль гіпатэтычная, але магчымасьць нешта памяняць. Аднак сэнс і галоўны кірунак ягонай улады зараз відавочны як ніколі: балансаваньне на гэапалітычным разломе Еўропа-Азіёпа, эканамічнае выжываньне за кошт традыцыйных сувязяў з Расеяй, пры стварэньні адносна аўтаномнай сацыяльна-палітычнай сістэмы (т.з. “беларускай мадэлі”), умацаваньне цэнтральнай улады, пры поўным заняпадзе апазіцыйных, рэгіянальных ды сэпаратысцкіх рухаў, і, як не дзіўна, захаваньне праеўрапейскіх ілюзій ці гіпатэтычных еўрапейскіх перспектыў. Паколькі старт лукашэнкавага марафону быў пры панаваньні прарасейскіх настрояў тутэйшага людства, то рыторыка і дзеяньні яго былі цалкам у рэчышчы “братэрскага адзінства”. Пост-ельцынская эпоха, якая прынесла “мяса-малочныя”, “нафта-газавыя”, “цукровыя”, “калійныя” ды іншыя эканамічныя “войны”, пазбавіла гэтую палітыку былой “бескарысьлівай” шчырасьці, але ўзмацніла прапагандысцкую рыторыку: знойдзены раней вобраз апошняга і самага вернага сябра-хаўрусьніка, стаў сьвядома эксплуатавацца ў вельмі прагматычных мэтах — дзеля фінансаваньне беларускага эканамічнага “цуда” і ўмацаваньня персанальнай улады АРЛ. У Крамля практычна не было выбару, настолькі ўдала гэты вобраз падыгрываў імперскім комплексам Масквы і не патратрабаваў занадта шмат — 5-6 мрд$ у год — такія то грошы!. Гэтая тактыка выжываньня аўтарытарнага рэжыма “пад крылом” Расеі мела два наступствы. Па-першае, аддаліла дзьве краіны ў палітычным плане, бо расейскі наменклатурна-алігархавы капіталізм і тутэйшы аўтарытарны сацыялізм маюць розныя сацыяльная крыніцы і кірункі разьвіцьця. Па-другое, эканамічная залежнасьць ад Расеі наадварот узрасла, бо наша нерэфармаваная эканоміка “ратавалася” ад сусьветвых выклікаў на рынках Расеі і яе ж таннымі энэргарэсурсамі, а ў выніку патрапіла амаль у наркатычную фінансавую залежнасьць ад крамлёўскіх спонсараў. Добра гэта ці кепска?

Як бы там не было, на маю думку, сёньня паўстае новая рэдакцыя старой беларускай дылемы: што для народа важней — “мова” ці “каўбаса”? У пачатку 90-х пасьля савецкай галадухі беларусы выбралі “каўбасу”. Сёньня ў якасьці “каўбасы” выступае расейскі энэргетычна-фінансавы “допінг”, а “мовы” —  беларуская палітычная мадэль “моцнай рукі” з адсталай эканомікай. Пакуль у Лукашэнкі атрымлівалася спалучаць гэтыя  рэчы, але хутка давядзецца рабіць выбар. Крымска-украінскія падзеі сігналізуюць пра ягонае набліжэньне. Ёсьць праўда меркаваньне, што выбар будзе рабіць толькі адзін чалавек, які мае добры нюх да палітычнай небяспекі, але кепскі слых да нацыянальных праблем. І тады мае нататкі губляюць усякі сэнс, бо адсутнасьць тактычных памылак на працягу 20 год перакрэсьлена толькі адной стратэгічная недарэчнасьцю, зробленай яшчэ ў 1994 годзе. Многія нашы радыкалы з ліку праеўрапейцаў, лібералаў або супер-ліцьвіністых, менавіта так і лічаць. Я не падзяляю падобны песімізм, бо тады давядзецца “вяртацца” на 100, а то і на 200 год назад ды склаўшы рукі чакаць цудадзейснага ўваскрашэньня ВКЛ ці якога іншага гістарычнага дзіва. А гэта ўжо не палітыка, а фэнтэзі на тэму — вось кабы я бы … Але ў нас гаворка пра палітыку, таму рэальны выбар адбываецца паміж лукашэнкавай “рэспублікай” і  расейскай “цемрай”.  У ідэале, было б прасьцей, калі б скончылася маскоўская “халява” і выбару не адбылося, але ў бліжэйшыя гады Расея не ўпадзе так нізка, як напачатку 90-х. Таму выбар будзе. А той, хто будзе яго рабіць, насамрэч вымушаны арыентавацца і на свой электарат, раней званы народам. Бо пакуль ён усё ж палітык, а не літаратар-фантазёр. Вось і атрымліваецца, што ўпершыню за 20 год давядзецца далучыцца да электарата, а з дзьвух напасьцяў выбіраць сваю, тутэйшую. Так, гэта здрада, калі наступным крокам стане “рэферэндум” пад дуламі расейскіх аўтаматаў. А можа і маленькая перамога, калі першая беларуская “манархія” праз  ……дцаць гадоў стане ўсё ж звычайнай дэмакратыяй.

Беларускі палёт — невысокі, недалёкі і пакуль што нядоўгі. Няўжо ён скончыцца, так і не дасягнуўшы сваіх мэтаў і свайго апагею, вярнуўшы нас да блуканьня па чужых  айчынах, культурах і традыцыях?