Альбо зноў пра танкі і любоў.

 

 

 

Краіна У  стаіць у края …
Краіна  Р   яе штурхае…
Краіна Б сама такая ж,
але з надзеяй пазірае…

Як ні хавай галаву ў бульбу, як ні сунься са сваёй хатай “на самы край”, але няма ўжо паратунку ад украінская бяды і беларусам. Асабісты прыклад: дзве сястры-беларускі (мае стрыечныя), адна жыве ў Кіеве, другая ў Круглым — сталі амаль ворагамі. А як жа йнакш? Першая глядзіць украінскае ТВ і назірае падзеі на ўласныя вочы, другая  бачыць толькі расейскія каналы і верыць ім куды больш, чым роднай сястры. Дый насамрэч, данбаскі канфлікт толькі частка той інфармацыйнай і сьветапогляднай вайны, што пачалася на нашых вачах. Калі пяцігадовая кіяўлянка пытае сваю бабулю — ці сталі ёй ворагамі беларускія кузіны? — дарослым ёсьць над чым задумацца, нават каб адказаць дзіцяці.

Дык як даць рады гэтай бядзе? Што можна зрабіць? Вунь і Акунін, і Макарэвіч, і Хадаркоўскі, і многія іншыя вядомыя расейцы развялі рукам, адно слова — татальнае народнае “ачмурэньне”! А што можам  мы — быццам бы і не расіяны, але ж далёка і не ўкраінцы! Ці ёсьць у сёньняшнім геапалітычным разломе трэці, мірны шлях, які ня бачны захопленым рэвалюцыйным гневам нашым паўднёвым, ці вялікадзяржаўным энтузіязмам усходнім братам. Мо беларусу гэта відаць лепш, чым “маскалю” ці “хахлу”? Ёсьць у мяне адчуваньне, што ад адказу на гэтае пытаньне залежаць і лёс самой Беларусі. Ускосна гэта падцвердзіў і Лукашэнка, выступіўшы ў ролі галоўнага замірэнца данецкай вайны, а насамрэч, відаць, ратуючы сваю палітычную будучыню.

Дык што ж бачыцца беларусу у гэтай вайне і ва ўкраінскіх падзеях увогуле? Шукаць першапрычыны канфлікту ў Маскве ці Вашынгтоне — занятак марны. Бо ўсе рэвалюцыі (не выключэньне і майданная) нараджаюцца з унутранных прычын канкрэтнай краіны. Экспарт рэвалюцый – застарэлы і шматкроць абвергнуты міф, за які сёньня трымаюцца хіба параноікі ці прафесійныя “салаўі”-прапагандысты жыдамасонскай змовы. Майдан быў народжаны ўкраінскай уладай і яе сацыяльна-эканамічнай палітыкай, якую да апошняга падтрымлівала і Масква. Слабасьць маскоўскага сябра-Януковіча і перамога рэвалюцыі, з аднаго боку, стала непрыемным сюрпрызам для Крамля, а з другога — дазволіла атрымаць з гэтай паразы пэўныя палітычныя выгоды.

Што да рэвалюцыі, то лічыць яе вялікім шчасьцем (як вучыла нас савецкая школа) будзе памылкова. Любая рэвалюцыя ёсьць неспланаванным прарывам даўно сасьпелых сацыяльных “гнайнікоў” і толькі напачатку можа прынесьці палёгку, але зусім не хуткае “выздараўленьне”. За нечаканым “прарывам” ідуць іншыя “разрывы” ў жыцьці грамадзтва і дзяржавы. Першая эйфарыя вызваленьня ад “ланцугоў” мінулага перакрываецца новымі і не толькі новымі праблемамі. Бунты, інтэрвецыя, вайна, перакрой межаў – традыцыйныя  наступствы рэвалюцыйных пераваротаў. У дадзеным выпадку Масква зусім не “па-брацку”, але ж вельмі прагматычна скарысталася з рэвалюцыйнага бязладдзя ў суседзяў: спачатку адцяпала Крым, а потым нацэлілася і на крымскі “калідор”, бо існаване ў складзе Расеі “вострава Крым” абяцае быць даволі дарагім задавальненьнем. Наяўнасьць данецкага сепаратызму стала дадатковым фактарам і нават “маральным апраўданьнем” гэтай стратэгіі, якім грэх было б не скарыстацца “адражэнцам” імперыі. Бо, адна справа тупа захапіць тэрыторыю суседняй дзяржавы, а зусім іншая — вызваліць “рускагаварашчых братоў” з-пад прыгнёту “антынароднай кіеўскай хунты”. Каб не было гарачых данбаскіх хлопцаў, іх трэба было б прыдумаць. І яны з’явіліся там і тады, калі стала трэба “для каго нада”. І ніякая прапаганда мяне не пераканае, што данецкая вайна стала б магчымай без расейскій зброі, а без вайскова-кадравых “уліваньняў” і рэальных гарантый з боку Расеі, ДНР і ЛНР праіснавалі б даўжэй за адэскі ці днепрапятроўскі антымайдан. У сувязі з гэтым узьнікае крамольнае пытаньне: “што горш?” — сьмерць сарака чалавек і пажар у адэскім доме прафсаюзаў ці ахвяра ў 40 тысяч і разбурэньне цэлага рэгіёна? Думаю, што адэсіты, а сёньня ўжо і данбасцы адкажуць на яго адназначна і не так, як паўгады назад. А вось што да  Расеі, то яе адказ нам невядомы, тым больш афіцыйна яна …адмаўляе і ўдзел, і палітычную заангажаванасьць ва ўкраінскіх падзеях. “Нас там няма, а вам нешта здалося…” – вось такая шчырасьць “стрэйшага брата”.

Аднак вернемся да Беларусі, дзе пакуль няма вайны, але ёсьць праблемы не нашмат лепшыя за ўкраінскія. Хоць у нас і добра вядома прымаўка, — “абы не было вайны” — якую многія да нядаўняга часу ўспрымалі іранічна, але адных словаў ужо мала. Каб сапраўды ў нас не было вайны (а пагатоў рэвалюцыі!) трэба нешта рабіць. Як вядома, лепшы спосаб пазьбяганьня рэвалюцый — гэта… эвалюцыя, то бок паступовае рэфармаваньне эканомікі, дзеля павышэньне прыватнага дабрабыту і нацыяльнага багацьця. Калі б гэта было не так, то арганізаваць рэвалюцыю, напрыклад, у Сінгапуры, Фінляндыі ці мікраскапічным Люксембургу было б — раз плюнуць! Пару мільёнаў “зялёных” на патрэбы рэвалюцыянераў ад хітрых кітайцаў, усеюдных янкі альбо ціхіх маскоўцаў і …тамтэйшы “майдан” зьмяце любую ўладу! Гэта па тэорыі “сусветнай змовы”. А па жыцьці мы бачым, што рэвалюцыі здараюцца не ў багатых і маленькіх, а ў вялікіх і бедных, або проста захраслых ва ўчорашнім дні. Ці далёка Беларусь зайшла наперад за 20 гадоў? Па заробках засела недзе паміж Літвой і Таджыкістанам, а па эканамічных рэформах значна бліжэй да апошняга. Таму казаць пра нізкі рэвалюцыйны патэнцыял у Беларусі пакуль рана. Рэфармаваньне, ці то па кітайскіх, сінгапурскіх ці хоць па эстонскіх узорах, практычна не пачыналася. Расейскае ж энергетычнае “спонсарства” і закручваньне тутэйшых палітычных “шрубаў” не будзе вечным. Як і здароўе нязменнага “слупа” дзяржаўнай вертыкалі. Таму, калі думаць не толькі пра 2015, а і пра 2025 і 2035 год, у кране трэба нешта мяняць.

Што да вайны, асабліва вайны грамадзянскай, якая на маю думку горш, чым замежная інтэрвенцыя, то найлепшы сродак ад яе — еднасьць і нацыянальная салідарнасьць, то бок тое, дзеля чаго за апошнія гады зроблена яшчэ менш, чым дзеля эканомікі. Так, ішлі размовы пра “пошук нацыянальнай ідэі”, былі спробы “сінтызаваць” яе інтэлектуальнымі ці адміністрацыйнымі сродкамі, але і пошук той, і “мазгавыя штурмы” былі малавыніковымі. Бо нацыяльная ідэя не прыдумляецца на загад начальства і не знаходзіцца раптам як “сякера пад лавай”, а вырастае натуральным чынам, як дрэва ад кораня ці як дом з падмурка. Корань той — наша гісторыя, падмурак — культура і мова, звычкі ды традыцыі. І далёкія, і блізкія, арганічна злучаныя і ўплеценыя ў сучасны кантэкст, у праблемы сёньнешняга часу. Трэба добра ведаць сваю мінуўчыну, але гэта не значыць, што варта цягнуць нас у ВКЛ ці ў СССР. Варта карыстацца чужым вопытам і лепшымі набыткамі іншых, але найперш трэба шанаваць сваё. Моцная нацыянальная ідэнтычнасьць ёсьць умовай пасьпяховай самарэалізацыі народа, але ж яна ствараецца праз сямейнае выхаваньне, сістэму адукацыі, стварэньне нацыянальнага інфармацыйнага ландшафта. Пакуль у гэтым кірунку Беларусь зрабіла вельмі мала, а некаторыя пачынаньні (тое ж стаўленьне да мовы) можна адзначыць нават знакам “мінус”.

Што да інфармацыйнай прасторы краіны, то панаваньне расейскага ТВ становіцца пагражальным. Большасьць насельніцтва не карыстаецца інтэрнэтам і, чэрпаючы інфармацыю толькі з НТВ ці РТР, пазіраюць на тую ж Украіну вачымі ачмурэлых пуцінскіх “салаўёў”. Па-першае, гэта проста амаральна — уціхую пачынаць вайну з суседам, карыстаючыся яго “сямейнымі праблемамі”. А па-другое, такая неразважлівая, агрэсіўная  палітыка зусім не супадае з інтарэсамі беларускага грамадзтва і нават сённяшняй улады. Гісторыя навейшых часоў сьведчыць: хто пачынае вайну, той у рэшце-рэшт яе і прайграе. Здаецца мне, што імперскі рэванш Расеі – з той жа серыі гістарычных памылак, якія канчаюцца катастрофай для сваіх ініцыятараў. Вось простае пытаньне: Крэмль хваліцца, што за тыдзень можа узяць Кіеў,  а за два тыдні — Варшаву і Будапешт. Ну, хай возьме, а што потым? Прынясе туды сваю карупцыю, эканамічны развал і сацыяльную дэградацыю? Масква ўжо так ашчасьлівіла свой народ, што хоча падзяліцца тым шчасьцем з іншымі? Што можа даць Расея акрамя нафты, газа, аўтамата Калашнікава і сістэмы “Град”? Месіянскія патугі Масквы пасьля распаду СССР гэта нават не пародыя на краіну Саветаў ці расейскую імперыю, а злая карыкатура, антыўтопія пад назваю “як зрабіць, каб усё згубіць”. Рускі сьвет, пра які так пякуцца сёньняшнія імпер-рэваншысты, на жаль, чакае працяглая цемра. Але з цемры, той сьвет выйдзе ўжо іншым, магчыма не толькі з “масквой у галаве” і  не з адным “царом-бацюшкам” начале. Тое ж праходзілі іншыя — гішпанскі, ангельскі, фрацузкі ды нямецкі сьвет. Перажывуць, думаю, яго і нашы ўсходнія суседзі. Прынамсі расейскай мове, у адрозняньне ад беларускай, у бліжэйшыя 200 год нічога не пагражае. Але, як будзе звацца тая краіна — Масковія, Пітэрляндыя, Росіястан, Сібірусія ці Паўночная Імперыя — не так і важна. Для нас галоўнае, каб Беларусь не згінула ў тым гэапалітычным разломе, захавала сваё нацыянальнае і палітычнае “я”. Вы скажаце — гэта не рэальна, трэцяга шляху для нас няма? А я думаю, пакуль ёсьць, хоць прайсьці яго цяжэй, чым проста кінуцца з патрахамі ў еўразійскую багну або раптам запісацца ў прасунутыя еўрааптымісты.

А пачынаць трэба з узважанай інфармацыйнай палітыкі і эканомікі. Прысутнасьць еўрапейскай, польскай і ўкраінскай ТВ-інфармацыі, а найперш развіцьцё і ўмацаваньне сваёй — вось, што трэба беларусам, якія насамрэч дастаткова прагматычныя, каб самастойна скласьці праўдзівую карціну сьвету. Прыцягненьне замежных інвестыцый і тэхналогій, паляпшэньне бізнес-клімата (і не толькі для замежных удзельнікаў) — другі складнік “антырэвалюцыйнай” і “антываеннай” праграмы. Думаю, потым будуць і наступныя, больш далёкасяжныя крокі ў сацыяльнай сферы, культуры, адукацыі, моўнай практыцы. Але большасьць беларусаў пагадзіцца, што тут ад рэвалюцыі карысьці будзе мала, бо за ёй па старой звычцы і, вядома ж “з братняй славянскай любоўю”, прыйдуць танкі, якія стануць “вызваляць” Беларусь ад беларусаў, як калісьці “ратавалі” Будапешт ад мадзьяраў, Прагу ад чэхаў, а сёньня Украіну — ад украінцаў. А ці трэба нам тая “танкавая любоў”? Пытаньне быццам бы рытарычнае. Аднак, калі тут нічога не мяняць, то і не заўважым, як яна ўлезе ў дом без нашага дазволу…