Эх, чаму ніхто не здыме нам такога Вітаўта?

 

 

Прачытаў на навінніках, што збіраюцца здымаць фільм пра Аляксандра нашага Вітаўта. Нешта мне прадчуваецца, што чакае нас чарговы «традыцыйны Вітаўт». І гэта шкада. Бо калі чытаць пра яго не ў панегірыках, то паўстае, падаецца, не меней, а тое і болей прывабная фігура, і нашмат болей жывая.

 

Длугаш, малодшы сучаснік Вітаўта, выводзіць яго ідэальным макіявеліянскім principe, яркім, але далёка не пернічным.

Вітаўт-Аляксандр трымаў іх [падданых] у паслухмяным павінавенні дзвума мерамі, без якіх усякая ўлада гаспадра ў іх была б сумніўная, нетрывалая і падобная да ценю, а менавіта страхам, бо ён быў схільны да пакаранняў, грозны і бязлітасны, а таксама клопатам сваім, бо ў паходах і ў задавальненні патрэбаў кожнага быў ён скоры, шчодры й вялікадушны.

А вось так Вітаўт у Длугаша ваюе:

[1401] Паколькі паміж вялікі князем літоўскім Аляксандрам і крыжакамі Прусіі і Лівоніі ўзніклі новыя раздоры, магістр лівонскі, уварваўшыся з войскамі як вораг у Літву, пачаў усяляк яе спусташаць.

 

Вялікі князь літоўскі Аляксандр-Вітаўт не адважваўся аказаць супраціўленне, ведаючы, што ягоныя сілы слабейшыя, а яго падданыя няўстойлівыя й ненадзейныя. Аднак ён трымаў напагатове сваіх рыцараў і ваяроў, загадаўшы ім сабрацца ў Вільні. Але калі лівонцы, учыніўшы спусташэнні, не баючыся ворага вярталіся з Літвы дамоў, Аляксандр, вялікі князь літоўскі, папоўніўшы свае сілы рыцарамі, якіх прыслаў на дапамогу кароль польскі Ўладзіслаў, пачаў іх пераследваць. Пры гэтым князь гэтулькі ўмела хаваўся, што, падманваючы ўсіх іхніх дазорных, ішоў проста па слядох ворага і займаў на наступны дзень іх учорашнія стаянкі, дзе знаходзіў яшчэ гарачыя ачагі ды рэшты сена і аўса. Калі ж лівонскае войска дасягнула сваёй зямлі і рыцары паспяшаліся разысціся па дамох, каб пабачыць жонак і дзяцей, вялікі князь літоўскі Аляксандр, уступіўшы ў Лівонію, пасля спусташэння многіх лівонскіх паселішчаў і гарадоў забойствамі, рабаваннем і пажарамі, захоплівае ўмацаваны горад Дзвіну.

Ну, і маё ўлюбёнае:

[1392] Згубіўшы князя Аляксандра-Вігунта, самага мілага яму з братоў, Уладзіслаў, кароль польскі, клапоцячыся найперш пра дабрабыт і спакой роднай Літоўскай зямлі, з якой яго звязвала вялікая любоў, а затым і пра бяспеку астатніх сваіх братоў, каб не быць і ім атручанымі, задумаў прымірыцца з князем Вітаўтам.

Эх, чаму ніхто не здыме нам такога Вітаўта?

 

ilnur.livejournal.com

 

 


 

 

Пра фільм чытайце таксама ТУТ.