Праўду ўсё адно не данясеш да свядомасці таго, хто не жадае яе чуць.

Зараз па пецярбургскім «Пятым канале» ідзе перадача Дзмітрыя Быкава, у якой дыскутуюць на тэму «Славянскае братэрства: міф ці рэальнасць?», але замест таго, каб абмяркоўваць праблемы славянства, госці студыі (у тым ліку awas1952) займаюцца дэмагагічным ананізмам і пляжаць сп. Шушкевіча за падпісанне Белавежскай дамовы ў снежні 1991 г. Васэрман спрабуе даказаць, што беларусаў і ўкраінцаў насамрэч не існуе, і што 10 мільёнаў беларусаў — рускія…  Фраза пра тое, што беларускай мовы і літаратуры не існуе, наогул — вяршыня маразму і шавінізму.

Адзіны выхаваны чалавек (акрамя Шушкевіча) з гэтай кампаніі — яўрэй-ліберал Гозман (leonid_gozman), які нагадаў Васэрману пра беларускую літаратуру і сказаў, што вельмі любіць творчасць Караткевіча. Я не ліберал, канечне, але Гозмана паважаю, бо ў дадзеным выпадку ён кажа абсалютна слушныя і відавочныя рэчы — Расія можа ствараць нейкія саюзы з іншымі дзяржавамі на прынцыпах ўзаемапавагі і эканамічна-культурнай прывабнасці (то бок, фактычна па ўзоры Еўразвязу). Пры сённяшнім стаўленні да суседзяў ніякіх саюзаў не будзе. Але яго спрабуе заткнуць Пал Палыч Барадзін, які імкнецца даказаць, што Расія і «Белоруссія» — адна дзяржава. Show must go on, без клоўнаў сумна жыць.

Я вось толькі не разумею, навошта Станіслаў Станіслававіч наведаў гэты балаган? Ён спрабаваў распавесці пра тое, як царская ўлада сістэматычна знішчала беларусаў, пра крыважэрнасць Пятра Першага, пра тое, як тапталі беларускі народ. Пра тое, што ўжо ў 19 стагоддзі беларуская мова была распаўсюджанай і распрацаванай, што ўжо тады квітнела літаратура, нягледзячы на стаўленне царскай улады, якая не дазваляла нават звацца беларусамі і г.д. Я гляджу ў экран і думаю: спадар Шушкевіч, навошта? Для каго гэта? Для Васэрмана? Яму барада замінае слухаць, валасы ў вушах. Для Барадзіна? Ён адпрацоўвае на «гаспадароў». Дык навошта? Дзеля папулярнасці?

Праўду ўсё адно не данясеш да свядомасці таго, хто не жадае яе чуць.

alex-poetry.livejournal.com