Ва Украіне днямі быў прэзентаваны фотапраект Расціслава Шпука «Літаратары ў вобразе бамжоў».

31 траўня ў львоўскай арт-кавярні «Кватэра 35″ адкрылася выстава аўтара пад назвай «Без адзнак мастацкага жыцця». У фокусе фатографа пабывалі Тарас Прахаська, Юры Андруховіч, Сафія Андруховіч, Юры Іздрык, Алег Гнатаў і іншыя. Агулам у галерэі прадстаўленыя партрэты каля 50 літаратараў.

 

Сафія Андруховіч

«Без адзнак мастацкага жыцця» – гэта праект фатографа Расціслава Шпука і паэта Грыцка Семенчука для вулічнага сацыяльна-культурніцкага часопіса «Проста неба», які распаўсюджваюць бяздомныя людзі. Мэтай часопіса і фотапраекту ў прыватнасці з’яўляецца сацыяльная інтэграцыя маргіналізаванай часткі насельніцва.

 

Уладзімір Ешкілёў

На вуліцах горада часта можна сустрэць бамжоў, якія да мінакоў звяртаюцца з уласнымі вершамі. Ад паэта да бамжа – адзін крок. Нібыта ў гэтым і прачытваецца канцэпцыя праекту.

«Юрка Андруховіч быў самым пільным: ён адзіны захацеў пабачыць свае фота ў вобразе перад тым, як іх пабачаць у часопісе іншыя. Пісьменнікам і іншым мастакам наогул уласцівае жаданне падабацца, але ў гэтай фотасесіі яны адкінулі гэтае жаданне і згралі цудоўна», – кажа аўтар праекту Расціслаў Шпук.

 

Юры Андруховіч

Рызыкнулі не спадабацца чытачам чэшскія, а пасля і беларускія літаратары, з’явіўшыся на глянцавых старонках календароў цалкам аголенымі. Гэтая з’ява займела такі розгалас, што распранацца з асветніцкімі мэтамі сталі нават бібліятэкары.

 

 

У Аўстраліі для папулярызацыі кніг ужываюць традыцыйныя рэкламныя метады – запрашаюць зняцца для рэкламы айчынных зорак кіно і шоў-бізнэсу.

Самы ж просты спосаб актывізаваць увагу да кнігі як арт-аб’екту – гэта шматлікія фотаконкурсы кшталту «Мы і кнігі«.

 

 

Вось, напрыклад, фотаздымак-пераможца Міжнароднага фотаконкурсу «Мужчына сярод кніг» у намінацыі «Аматарская фатаграфія».

 

Гэта, безумоўна, далёка не ўсе прыклады папулярызацыі літаратуры з дапамогай фотамастацтва, аднак што-нішто мы ўжо маем і ў дыскурсе беларускай культуры. Ёсць куды развівацца.

 

prajdzisvet.org