Дваццаць гадоў нашы дзеячы “дзеля паразуменьня” пераходзяць з народам на “русский изык”. А народ усё не разумее й не разумее. Дваццаць гадоў не прымае. І ніколі, думаю, ня прыме.

Бо чамусьці ў большасьці працягвае лічыць роднай мовай беларускую. Таму нашы дзеячы яму як бы й ня нашы.

Нашы дзеячы адукаваныя людзі й таму, пераходзячы на русский, стараюцца гаварыць граматна, зусім як іх калегі ў Маскве ці Самары, як зусім такія сабе истиннорусские деятели. А народ усё не разумее й не прымае іх, бо ў большасьці працягвае лічыць сябе беларусамі. Таму нашы дзеячы выглядаюць яму як нейкія прыежджыя з Масквы эмісары-нямцовы, дарма што мясцовага разьліву.

Магчыма, нашых дзеячоў у іхным спадзяваньні натхняе прыклад ППРБ, які ўжо 16 гадоў водзіць іх вакол пальца, размаўляе нібыта па-руску, і народ яго выбірае й выбірае. Але ППРБ размаўляе на трасянцы і сам разумее сваю рускую мову ў нейкім скарынаўскім вымярэньні. Ён можа пра тое й ня думаць, але трасянка – зьява беларускага моўнага поля (калі хочаце, яна й ёсьць беларускай мовай у пэўнай яе мадыфікацыі), тутэйшая, якая культывуецца ў дзяржаўных межах Беларусі і сканчаецца акурат перад расейскай мяжой.

 

Акурат там, дзе парадаксальным чынам пачынаюцца расейскамоўныя памкненьні нашых дзеячоў, бо іхнае жаданьне быць лепей зразумелымі народам проста выносіць іх за межы краіны.

Народ выбірае трасянку, бо яна свая, кампрамісная й ненавязьлівая. Беларуская літаратурная можа трохі напружваць (а можа й не, толкам яшчэ ніхто не спрабаваў). Расейская правільная, па-першае, не свая, па-другое, сымбалізуе нейкі твой выбар з падвохам і цяжкім дыханьнем чырвонага мядзьведзя на заднім пляне. А ну яго…

На маю думку, у агляднай пэрспэктыве жыцьця нашага й нашых непасрэдных нашчадкаў пераход на расейскую “для народнага разуменьня” ня быў, ня ёсьць і ніколі ня будзе выніковым. Наадварот, ён ужо даўно сымбалізуе паразу. Згадваю газэту “Свабода” 1990-х, якая выходзіла масавым накладам па-беларуску. Варта было ёй увесьці білінгвізм, як наклад упаў у дзесяць разоў, а ўрэшце і ўсё выданьне накрылася медным тазам.

У Беларусі большасьць людзей гавораць не па-расейску, а па-руску. Каму ўдаецца разгадаць гэты нацыянальны рэбус, той мае шанец. Расейская літаратурная мова не зьяўляецца ў нас рэальным сродкам камунікацыі з народам, бо яна – як бы расейская як бы мова. І ўсе кампаніі, кандыдаты і праграмы, што дзеля паразуменьня з народам пераходзяць на “русский изык”, з гэтага самага моманту ў вачах народа ператвараюцца ў фантомныя кампаніі, псэўдакандыдатаў і праграмы палёту на Марс.

 

ivansaj.livejournal.com