«Маніфэст аб абароне нацыянальных інтарэсаў» выклікаў прадказальнае раздражненне ў мэтавай аўдыторыі сайту «Белорусский партизан» і асцярожную цікавасць некаторых расейскіх СМІ. Вызначылася з пазіцыяй адносна «Маніфэсту» і кампанія «Гавары праўду!», апублікаваўшы на сваім сайце артыкул Я. Крэстоўскага Маніфэст» ад лукавага.

Беларускі народны фронт прэзентаваў «Маніфест аб абароне нацыянальных інтарэсаў», у якім адмаўляецца ад дапамогі Расеі і заклікае ўсіх кандыдатаў у прэзідэнты падпісаць антырасейскую дэкларацыю. Непадпісанты будуць абвешчаныя здраднікамі інтарэсаў беларускага народа і стаўленікамі Крамля.

Ніякая іншая краіна свету, ніякі іншы этнас і нават магчымая агрэсіўная пазазямная цывілізацыя небяспекі беларускаму народу, на думку кандыдата ў прэзідэнты ад народнага фронту сп. Кастусёва і яго каманды, не нясе. Больш за тое, Кастусёў прадыктаваў ўсім кандыдатам у прэзідэнты, а іх на сённяшні момант не менш за паўтары дзесяткі, ідэалагічны складнік іх перадвыбарных кампаніяў. Кандыдаты, як школьнікі, павінны былі запісаць, што «… усведамляючы адной з асноўных каштоўнасцяў нацыянальныя інтарэсы Беларусі, лічыць непрымальным для сябе ўдзел у выбарчай кампаніі паводле Крамлёўскіх сцэнараў, бо яны перасьледуюць мэту захаваць і ўмацаваць залежнасць Беларусі ад Расеі, створанай цяперашнім рэжымам, і не прывядуць да рэальнай дэмакратызацыі краіны … ».

Па сутнасці справы вылучэнец БНФ пагражае ўсёй беларускай дэмакратычнай супольнасці, што калі той ці іншы палітык не падпіша “маніфест”, то ён аўтаматычна становіцца «ворагам беларускага народа» з усімі выцякаючымі наступствамі.

Акрамя таго, кандыдат Кастусёў ў презентуемым «Маніфэсце аб абароне нацыянальных інтарэсаў» прапісвае шэраг крокаў, якія варта зрабіць пасьля прыходу да ўлады нацыянальна-дэмакратычнага кандыдата. Крокі такія: выхад Беларусі з Мытнага саюза і АДКБ, вывад расейскіх баз з тэрыторыі Беларусі, рассакрэчвання інфармацыі аб наступствах Чарнобыльскай катастрофы і прывядзенне санітарных нормаў да еўрапейскіх стандартаў, паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі, падтрымка беларускай мовы і культуры.

Ну, з выхадам Беларусі з Мытнага саюза нацыянал-дэмакрат, неяк паспяшаўся. Паўнавартасная мяжа з Расеяй прывядзе да поўнага краху не толькі большасці дзяржаўных прадпрыемстваў, але і значнай часткі малога і сярэдняга бізнесу ў Беларусі. Тады спадара нацыяналіста самі ж беларусы пагоняць у шыю з прэзідэнцкага крэсла і ніякія чарнобыльскія санітарныя нормы, падтрымка мовы і дэмаграфічныя меры яму не дапамогуць.

Вось жа якое дэжавю здарылася з некаторымі кіраўнікамі «фронту», ну ніяк яны не могуць адхрысціцца ад жадання зрабіць усё хутка і адразу. Яшчэ ў пачатку 90-х была выдатная магчымасць пачаць будаўніцтва грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, і  ідэя, што магла б аб’яднаць, была — тая самая Чарнобыльская катастрофа і хлусьня ўлады вакол яе. Так, хлусілі ў Маскве, але хлусілі і ў Менску! Вось тады і трэба было аб’ядноўваць грамадства і ісці крыжовым паходам на сваіх і чужых бюракратаў-камуністаў і патрабаваць праўды. Ды не захацеў гэтага рабіць Зянон Пазняк і частка яго атачэння, ён жадаў далей ад Расеі ўцячы, заняўшы згодніцкую пазіцыю з камуністычнай кіруючай большасцю. А хто перашкаджаў пасля прыняцця Дэкларацыі аб незалежнасці і ГК НЗ распусціць камуністычны парламент і правесці новыя выбары? Не, трэба было гуляцца ў бірулькі з нацыянальнымі сімваламі, перайменаванне вуліц … Ну, і дзе наш прыгожы сцяг і старажытны герб? Дзе праспект Скарыны? Дзе сам Пазьняк? Вось я і пытаю: Хто падкасіў пад корань пакуль яшчэ кволую грамадзянскую супольнасць нацыяналістычнымі праграмамі і антырасейскім лёзунгамі?

 

У нас што сёння — другую серыю паказваюць? Зноў будзем з рускімі ваяваць, а сваю дамарошчаную дыктатуру пакінем у спакоі?

Усё, здаецца, паўтараецца. Тады, у 90-м менавіта з Масквы дзьмулі вятры пераменаў. Адтуль прыйшла свабода і незалежнасць, што б сёння ні казалі спадары нацыянальныя дэмакраты. Мы яе прамянялі на моцную прэзідэнцкую ўладу, якая стала пасля абсалютнай асабістай уладай, таму што, не будзем хлусіць, і лідэр БНФ, і іншыя вядомыя палітыкі бачылі ля руля дзяржавы сябе. Таму й узрост прэзідэнцкі паменшылі да трыццаці пяці, і абіраць кіраўніка дзяржавы прапісалі ўсенародна, а была ж прапанова першыя два тэрміны абіраць прэзідэнта ў Парламенце. Спяшаліся …

Цяпер зноў з Расеі нам кідаюць выратавальны круг, пачаўшы распавядаць беларусам пра іх жа рэжым праўду. І зноў мы падазраем Маскву ў імперскіх амбіцыях, быццам не разумеючы, што толькі змена рэжыму прынясе нам магчымасць стаць грамадзянамі і стварыць дэмакратычнае грамадства, здольныя больш не дапускаць ніякіх дыктатураў. Вось тады й дарэчы будзе клопат пра мову, культуру, поўны нейтралітэт, радыяцыйную бяспеку і іншыя выгоды цывілізацыі пры, натуральна, поўнай і безумоўнай незалежнасці. Ды і, напэўна, можна спытаць спадароў нацыянальных дэмакратаў: А чаму, уласна, маючы тэлеканал «Белсат», які вяшчае не першы год на Беларусь, ніхто з працуючых там беларускіх або польскіх журналістаў не асмеліўся і піснуць аб тым, што не пабаяліся зрабіць іх расейскія калегі? Або «Хросны бацька» умацоўвае рэжым Лукашэнкі?

Не ведаю, ці падпіша хто-небудзь з палітыкаў маніфест БНФ, але дакладна ведаю, што рабіць гэтага нельга. Пастка там, раскол грамадства, хаос і бедства для людзей. Ва ўсіх цывілізаваных краінах свету існуе надэтнічная мадэль дзяржавы, дзе не нацыя, а грамадзянін, яго жыццё і інтарэсы — вышэй за ўсё. Усё астатняе — ад лукавага.

 

zapraudu.info