Спрабуючы адаптаваць падыход Хабермаса да нашых умоў, сп.Шуман не знаходзіць нічога лепшага, як “уціснуць” камунікатыўныя зносіны ў навуку, культуру і этыку.

Андрэй Шуман у назве свайго артыкула ставіць пытанне аб магчымасці дэмакратычных пераменаў у Беларусі пры цяперашнім палітычным рэжыме і напрыканцы артыкула робіць наступную выснову:  перамены магчымыя, калі не засяроджвацца на палітыцы, а дэмакратызаваць (то бок рабіць публічнымі) навуку, этыку і культуру; праўда, пры гэтым дадае слова “тэарэтычна”. Цытую: “… тэарэтычна пачаць дэмакратызаваць Беларусь можна было б і пры цяперашнім палітычным рэжыме. Для гэтага трэба няшмат: санкцыя ўлады на развіццё непалітычнай публічнасці, умацаванне каштоўнасці сацыяльных зносін, згортванне сетак камунальных сувязяў”.

 

Камунальныя сувязі тут трэба разумець як процілегласць камунікатыўным зносінам. Пра першыя казаў Аляксандр Зіноўеў, апісваючы савецкае грамадства, а пра другія – Юрген Хабермас, паказваючы, што дачыненні ў грамадстве не абмяжоўваюцца сацыяльнымі зносінамі,заснаванымі на дамове (што мяркуе выкананне абавязкаў, замацаваных у законах і разнастайных пагадненнях), але  могуць узнікаць і трымацца на простым жаданні асобы быць с кімсьці побач. Так, шлюбны кантракт знаходзіцца ў полі сацыяльных зносін, а вось любоўнае паразуменне “без штампа ў пашпарце” – ужо ў камунікатыўным полі (такі прыклад для ілюстрацыі падыходу Хабермаса прыводзіць сам сп.Шуман).

 

Агулам, камунікатыўныя зносіны, на думку Хабермаса, здольныя змякчаць непазбежную сацыяльную няроўнасць, што прысутнічае ў сацыяльных зносінах (бо законы ўсё-ткі ствараюцца пад значным уплывам тых, хто хоча заставацца, так бы мовіць, “пры сваіх”: ва ўладзе ці з някепскім прыбыткам). Менавіта таму і неабходныя шматлікія NGO. “Гэтыя арганізацыі павінны прыцягваць увагу да важных грамадскіх праблемаў і кантраляваць дзеянні ўрада і прыватных прадпрымальнікаў. Яны таксама дазваляюць прадстаўнікам розных слаёў грамадства фармаваць навыкі выказвання актыўнай грамадзянскай пазіцыі. NGO могуць аказваць вельмі розныя сацыяльныя паслугі: арганізоўваць хоспісы, выступаць за ахову навакольнага асяроддзя, змагацца за правы меншасцяў”.  Такім чынам, праз узмацненне камунікатыўных адносін адбываецца дэмакратазыцая грамадства ў межах існуючай сістэмы сацыяльных зносін.

 

У Зіноўева камунальныя сувязі таксама ідуць у пары з сацыяльнымі зносінамі, але, у адрозненне ад камунікатыўных, яны не змякчаюць сацыяльную няроўнасць, таму што з’яўляюцца  непублічнымі і “накіраваныя на атрыманне непасрэднай выгады ад змовы адных супраць іншых”. Зразумела, што сам тэрмін, які прапанаваў Зіноўеў, з’явіўся дзякуючы савецкаму феномену камунальнай кватэры. Праўда, павыходзіўшы з кватэр на шырэйшую прастору, камунальныя сувязі зліліся ў пэўным сімбіёзе з сацыяльнымі зносінамі: у партыйна-наменклатурнай верхавіне панавалі тыя ж самые інтрыгі і бруд, што і ў дачыненнях паміж жыхарамі канкрэтнай камунальнай кватэры. У выніку, перад разбурэннем СССР у нас не было ні толькі камунікатыўных зносін, якія б спрыялі дэмакратызацыі савецкага ладу, але, па сутнасці, і паўнавартасных сацыяльных дачыненняў.

 

Незалежная Беларусь, па ўсім відаць, не спяшаецца пазбаўляцца ад савецкай спадчыны. Адносна гэтага сп.Шуман заўважае, што брацца за рэалізацыю праекта Хаберамаса у нашай краіне яшчэ рана. Адразу трэба ачысціць сацыяльныя сувязі ад прымешку камунальных і ўжо пасля гэтага рабіць камунікатыўныя зносіны процівагай сацыяльным. Здаецца, слушна; як кажуць, маем тое, што маем, будзем рэальна глядзець на рэчы. Але далей сп.Шуман піша: “Рэдукаваць камунальныя адносіны можна толькі адным спосабам – старанна замяняць іх камунікатыўнымі адносінамі. Для гэтага трэба фармаваць у Беларусі публічную прастору. Можна пры гэтым цалкам табуяваць палітычную публічнасць. Без яе грамадства лёгка можа абысціся. Хай кіруючы рэжым спіць спакойна. Але вось без публічнасці ў сферы навукі, культуры, этыкі абысціся нельга. Без іх грамадства задыхаецца ў смуродзе камунальных зносін”.

 

Не веру, што гэты пасаж належыць аднаму з лепшых логікаў, якіх я толькі сустракаў! Такое адчуванне, што затлуміць мне галаву хоча прайдзісвет ідэолаг, які на развітанне абавязкова вымавіць дзяжурную фразу пра шырокі спектр магчымасцяў для ўсіх слаёў насельніцтва ва ўмовах палітычнай стабільнасці. Можа, я чаго не разумею, але…  Прычым тут Хабермас? Навошта чапляцца за камунікатыўныя зносіны, калі яны праз табуяванне палітычнай публічнасці загадзя заганяюцца ў гета, з якога яны не могуць супрацьстаяць несправядллівасці сацыяльных зносін? Сп.Шуман піша, што без палітычнай публічнасці грамадства можа лёгка абысціся. Дык яно і цяпер абыходзіцца. І прычыны такога грамадскага аскетызму навідавоку: у лепшым выпадку, звальненне з працы, пасля чаго даводзіцца быць сапраўдным аскетам.

 

Спрабуючы адаптаваць падыход Хабермаса да нашых умоў, сп.Шуман не знаходзіць нічога лепшага, як “уціснуць” камунікатыўныя зносіны ў навуку, культуру і этыку. Чаму ён вырашыў, што менавіта ў гэтых сферах не стае публічнасці і што ад такога недахопу грамадства “задыхаецца ў смуродзе камунальных зносін”? Мо таму, што добра ведае норавы ў беларускім акадэмічным асяродку? Так, норавы, сапраўды, камунальныя, бо, на жаль, большасць нашых навукоўцаў (асабліва ў гуманітарнай галіне) маюць вельмі сціплыя заслугі (часцей за ўсё толькі стаж), а такія асобы самыя верныя адэпты “камунальшчыны”.  Але што за бяда грамадству, калі ў “тэрарыуме аднадумцаў” пяць калег жаруць аднаго?..

 

Ці тут размова пра неабходнасць публічных навуковых спрэчак? Дык і канферэнцыі ж ёсць, і абароны дысертацый адбываюцца публічна, і на сайтах “Наше мнение” і “Arche” можна паспрачацца, калі ёсць жаданне і няма боязі выступіць пад сваім прозвішчам, а не nick’ам . Нават на тэлебачанне навукоўцаў запрашаюць – якой яшчэ публічнасці ім трэба?!

 

Мяркую, каб сп.Шуман займаўся прыродазнаўчымі ці тэхнічнымі навукамі, то ён бы так не пераймаўся наконт публічнасці навукі. Я дазволіў сабе трохі пажартваць пра тэрарыум і тэлебачанне, хаця сутнасць клопату калегі ўцяміў адразу. Праблема ў тым, што ў нас да гэтае пары нібыта застаецца запатрабаваным падзяленне навук, якое існавала за часамі СССР. Тады казалі, што ёсць навукі “агульначалавечыя”, а ёсць такія, што падзяляюцца на “сацыялістычныя” і “буржуазныя”. Да другіх адносілі грамадскія навукі. Вядома ж, адно, калі піша пра грамадства наскрозь “буржуазны фрэйдыст”, і зусім іншая рэч, калі гэта робіць “сапраўдны марксіст”. Цяпер такога жорсткага падзялення няма, затое свабоду даследчыка ў акадэмічным асяродку па-ранейшаму часцяком абмяжоўваць “дырэктывамі” адносна тэм і падыходаў да іх раскрыцця. У якім бы савеце суіскальнік навуковай ступені ні абараняўся, ВАК усё роўна адзін, і толькі там ведаюць, каму можна даваць ступень, а каму не, ды яшчэ і не прызнаюць пасведчанні, што выпісваюцца атэстацыйнымі камісіямі ў Маскве, Пецярбургу ці, крый Божа, Вільні.

 

І адкуль столькі гонару? Так, з камунальнай кухні, ахвотна пагаджаюся са сп.Шуманам. Якое выйсце? Ствараць навуковыя суполкі, якія будуць трымацца розных падыходаў і адстойваць іх падчас публічных дэбатаў, напасрэдна на канферэнцыях і праз друк. І спрачацца так, каб ажно калоны Акадэміі Навук трэсліся! Гэта і ёсць публічнасць, заснаваная на камунікатыўных зносінах. Чаму такое немагчыма? Таму што тыя навукі, якія займаюцца грамадствам, знаходзяцца ў Беларусі пад пільным ідэалагічным наглядам. А хто ў нашых абшарах галоўны ідэолаг? Прэзідэнт Лукашэнка (ён сам не раз у гэтым прызнаваўся). А хто ў нас прызначае Старшыню прэзідыума Акадэміі навук? Прэзідэнт Лукашэнка.  А хто – старшыню ВАК? Прэзідэнт Лукашэнка. Нават Нобелеўскі лаўрэат Жарэс Алфёраў не пераканаў нашага прэзідэнта ў тым, што кіраўніка Акадэміі навук павінны выбіраць самі навукоўцы.

 

Што тычыцца публічнасці ў сферы культуры і этыкі, то пра гэта нават страшна фантазіраваць.  Але усё-ткі дазволю сабе дзве фантазійныя замалёўкі. Першая: шточацвер а 18 гадзіне чатыры сотні чалавек збіраюцца каля Мінгарвыканкама і патрабуюць вярнуць галоўнаму праспекту сталіцы імя Скарыны. І другая: ва ўсіх газетах і па ўсіх каналах журналісты, аналітыкі, палітыкі ды іншыя грамадзяне Беларусі задаюць адно пытанне: “Чаму ў краіне не абвешчаная жалоба ў памяць аб загінулых падчас выбуху на “Пінскдрэве”?”

 

Хацелі табуяваць публічнасць у палітычнай прасторы? Калі ласка. Ніхто з удзельнікаў трох акцый (навуковай, культурніцкай і выкліканай маральным абурэннем)і не плануе ісці ў дэпутаты Нацыянальнага сходу, ніхто не заклікае да адстаўкі прэзідэнта ці ўрада. Кожны занепакоены нейкім канкрэтным фактам ці падзеяй.

 

Дык ці дасць улада “санкцыю на развіццё непалітычнай публічнасці”, як пра тое марыць сп.Шуман?

 

ihardrako.livejournal.com