Я не чула ніводнага беларускага слова навокал сябе, не сустрэла ніводнага аднадумца ў той час, таму, баюся, што не маю права распавядаць пра беларусізацыю 90-х.

Заўсёды чытаю блог Сьвятланы Рамонак на tut.by. Дзяўчына (ёй год 17) піша таленавітыя вершы, называе іх слэмам (не надта ведаю, што гэта такое, але мне падабаецца) і фэнтэзійныя апавяданні на тэму бел. фальклёру. Але пішу пра яе не дзеля піяру блога. Сёння яна напісала пост-разважанне на тэму чаму мы адмаўляемся гаварыць па-беларуску з мноствам пытанняў. У каментары я заўважыла, што каб не згарнулі беларусізацыю 90-х, большая частка гэткіх пытанняў адпала бы сама сабой. Дзяўчына на гэта адрэагавала наступным пастом у якім просіць распавесці як адбывалася беларусізацыя? Што вы памятаеце з тых часоў і як гэта на вас паўплывала?

Што мне адказаць? Як сядзела на сваёй канапе і слухала Беларускую Маладзёжную з якой аднойчы даведалась, што Францыск Скарына раней за Фёдарава надрукаваў пераклад Бібліі? Ці як узахлёб чытала часопіс Крыніца з беларускамоўнымі коміксамі і фоткамі карцін Ісачова? Як глядзела праграму «Крок» ды паседжанні вярхоўнага савета з выступамі Пазьняка і адкрывала для сябе тутэйшую Атлантыду? Купляла шматтомнік Караткевіча, плакала над лёсам яго герояў, чытала ў часопісе «Маладосць» Ермаловіча і Геніюш, не разумеючы шмат словаў, перапісвала ў сшытак усе беларускамоўныя вершы, што трапляліся ў рукі, вучыла словы, шмат словаў. Я не чула ніводнага беларускага слова навокал сябе, не сустрэла ніводнага аднадумца ў той час, таму, баюся, што не маю права распавядаць пра беларусізацыю 90-х. Хаця, ведаю, што яна была, бо знаёмы вучыўся ў тыя часы ў палітэху і лаяўся з-за пераходу выкладання на беларускую мову. Нешта ж было? А што канкрэтна? Дапамажыце адказаць ці самі адкажыце… А можа яе ніхто не згортваў і я не маю рацыі? А можа яе ўсё ж і не было?

 

michalinka.livejournal.com