Людзі сыходзяць у незваротнасць яшчэ і з-за таго, што большасць блізкіх ім людзей ужо знаходзіцца там.

Час цячэ, і ўсё болей і болей дарагіх табе людзей апынаецца ў незваротнасці. Ты разумееш, што большасці з іх зрабілася сумна сярод нас – чужых, варожых, жорсткасэрдных. Людзі сыходзяць у незваротнасць яшчэ і з-за таго, што большасць блізкіх ім людзей ужо знаходзіцца там.

 

***

 

Серыяльныя формулы

Лацінаамерыканскія тэлесерыялы трымаюцца на тым, што багатыя плачуць; а расейскія – на тым, што і мянты спрабуюць жартаваць.

 

***

 

Смачнае паветра

На перапынках я выбягаў са школы ў адліжную, змрочную, шэрую зіму. Без палітона і шапкі, як сядзеў за патртаю ў касцюме, так і бег, так і ляцеў па ледзяной сцежцы з высознай гары. Густое, вадзяністае, смачнае паветра напаўняла грудзі… Цяпер мне не хапае таго смачнага паветра.

 

***

 

Дзяўчынка-старая

У маім двары жыве Дзяўчынка-старая. Яна была дзяўчынкаю, крыху падрасла і зрабілася старою. Яшчэ ў пазамінулым годзе яна гуляла з дзецьмі ў пясочніцы, а сягоння сядзіць разам са старымі бабамі на прыпад’езднай лаве. Яна крыху “ку-ку”, і яе шкада. Днямі яе збіў легкавік. Каб не аб’язджаць увесь наш вялікі прывакзальны квартал з процьмаю светлафораў, машыны пруцца праз двор. Яны едуць па двары, як па вуліцы. Не дзіва, што Дзяўчынка-старая трапіла пад колы. Дзякуй лёсу, усё абыйшлося лёгкімі пашкоджанямі. Дзяўчынка-старая зноў сядзіць на лаве, яна амаль такая, як астатнія бабулькі, толькі кавенькі ў яе няма.

 

adam-hlobus.livejournal.com