Плошча вачыма непасрэднага ўдзельніка.

Ну, пагулялі ў дэмакратыю і хопіць.

 

Цяпер шмат чаго павылазіла з розных бакоў. Уключыў БТ па вяртанні, стала брыдка… “Міліцыя зачысціла плошчу ад купкі непажаданых элементаў, якія здзяйснялі акты вандалізму”.

Уласна, калі каму цікава, што і як было .. пакуль свежа ў памяці. За якасць фота прабачце. Мыльніца ..

На Кастрычніцкай я не быў. Выехаў крыху пазней, паслухаў першыя вынікі з ЦВК. Да таго часу ўжо ў твітэры (угу) адымаў, што калона ідзе на плошчу Незалежнасці, туды і паехаў. Людзей… хто скажа пра сто тысяч, не верце. Я не эксперт у такіх ацэнках, але тысяч 10-15 гэта будзе рэалістычна.

 

Варта было адысці крыху далей ад асноўнай масы, там карціна не моцна адрознівалася ад звычайнага выхаднога дня на плошчы. Спачатку людзі прыбывалі, а потым нават сталі сыходзіць.

Тым не менш людзей было шмат і было ўсё даволі пазітыўна і весела. Жартавалі, знаходзілі знаёмых, размаўлялі. Іранічна казалі, што вось калі Ленін цяпер выступіць, то рэжым сапраўды ўпадзе.

П’яных не было, неадэкватных таксама. Шмат моладзі, шмат і людзей сярэдняга ўзросту і пажылых. Пару падлеткаў бегала, але па-мойму яны проста спачатку на плошчы былі, а потым прыбілася да натоўпу.

Незразумелай засталася задума са ўзломам дзвярэй Дома Урада. Ці то гэта была правакацыя, ці то свае ж асоабліва буйныя пастараліся. Адныя дзверы ўзламалі, далей не прайшлі, дзеля чагосці разбілі шкло…

У астатнім абстаноўка была добразычлівай і нават пацешнай. Пачалі выступаць кандыдаты ў прэзідэнты.

 

Анансавалі Саннікава, але яго так ніхто і не пачуў. Арганізацыя наогул была “на ўзроўні”. Уключылі апаратуру і доўга аб’яўлялі “кандыдаты ў прэзідэнты, падыдзіце калі ласка да Леніна” … кандыдаты асабліва не рваліся. Раманчука па-мойму так і не дагукаліся зусім.

Тым часам пачалі падцягвацца галоўныя госці вечарыны…

Мабыць, адразу не зразумелі, што трэба перакідваць сілы на іншую плошчу. Ці час для чагосці давалі.

Зрэшты, адразу прыступілі да дзеянняў. Адціснулі людзей ад будынка Дома Урада, адначасна разбілі галаву Рымашэўскаму (быў ад мяне ўвогуле ў двух метрах, стала не па сабе). Пасля гэтага Рымашэўскі яшчэ і выступіць паспеў ужо з пабітай галавой на тэму, што міліцыя такая ж частка адзінага народа, што “ня трэба біць міліцыю”. Уласна, міліцыю ніхто біць і не збіраўся. Ніякіх баевікоў у натоўпе не было, звычайныя людзі, многія нават не актыўная апазіцыя а так, амаль выпадковыя мінакі.

Што характэрна пасля гэтай прамовы міліцыя хуценька стала адыходзіць з пазіцый, чым выклікала ў натоўпе крыкі “малайцы!” і пасялілі нейкую надзею.

Зрэшты, сэнс гэтага манеўру я так і не зразумеў, таму што хвілін праз 15-20 на плошчу з боку Мяснікова пайшлі куды больш шматлікія сілы міліцыі, АМАПу, ваенных і няведама каго яшчэ…

Уласна, можаце заўважыць, як шэрагі людзей сталі зграбнейшымі… гэта спецслужбы “пайшлі ў народ”, адціскаючы людзей ад арганізатараў акцыі. Паколькі супраціву фактычна не было, вельмі хутка натоўп быў разрэзаны на часткі.

А новыя сілы ўсё прыбывалі для ўжо ачаплення плошчы.

Далей уласна, усе пабеглі і я пабег …

Здымаць на бягу вельмі нязручна, скажу я вам… Скажу толькі, што ўсе б у нас так эфектыўна працавалі, як спецслужбы пры разгоне людзей. Гутарак ніякіх не было. Перамоваў таксама. Нават гучнагаварыцеляў з заклікам разысціся не было. Проста пачалі стукаць у шчыты і пайшлі на людзей. Ішлі даволі хутка. Пару разоў натыкаўся на шчыты, таму як не паспяваў. Рэльеф плошчы Незалежнасці, самі разумееце… таксама не спрыяе хуткаму перасоўванню. Народ слізгаў, падаў, многія паразбіваі галовы на маіх вачах, проста таму што падалі і біліся аб парапеты. Тых, хто недастаткова хутка адыходзіў, падганялі нагамі і дубінкамі.

 

У асноўным даставалася людзям старэйшага ўзросту, частка з якіх не паспявала адыходзіць, а хтосьці проста ня верачы сваім вачам спрабаваў крычаць “што ж вы робіце”, але зразумелая справа, ніхто іх не слухаў. Пры гэтым зноў-такі канфігурацыя плошчы вельмі мудрагелістая, таму гнаны натоўп з аднаго боку натыкаўся на такуі ж натоўп, які заганяўся другім кардонам з другога боку, цісканіна і іншыя любата…

Жудасна стала, калі азірнуўся на секунду на трыбуну каля Леніна. Калі людзей адціснулі ад арганізатараў, на іх проста накінуліся з усіх бакоў і сталі збіваць дубінкамі. Відовішча было жудаснае. Не ўяўляю, у якім стане цяпер арганізатары. Як я разумею, там было мінімум трое кандыдатаў у прэзідэнты: Рымашэўскі, Саннікаў і Кастусёў. Саннікава сам не бачыў, але нібыта быў там, астатніх бачыў дакладна…

Варта аддаць належнае людзям, падтрымлівалі адзін аднаго, не давалі ўпасці, стараліся не штурхацца.

 

Людзей адціскалі ў бок метро, там нібыта ўжо была цісканіна больш моцная і многіх пахапалі. Я адышоў да касцёла, там было вальней і відаць было, як плошча расчышчаецца ад людзей. Потым ужо шэрагі пайшлі і туды, але шляхі да адступлення не перакрываліся, як у раёне гасцініцы Менск і метро, так што да Нямігі людзі сыходзілі практычна свабодна. Жартавалі, што самі на Валадарку ідзем … сыходзячы, ізноў праходзіў міма Мяснікова. Аўтазакі і аўтобусы з міліцыяй ўсё прыбывалі, хоць на плошчы ўжо нікога не заставалася.

Такое вось сумнае сачыненне на тэму, як я правёў выходныя .. асадак застаўся … страшэнна непрыемны.

 

veter-r-r.livejournal.com