Альбо пан пасол жартаваў па-чорнаму, альбо ён нічога не ведае пра стан спраў, альбо ўсё ведае, ды глядзіць на беларскую яву халодным позіркам імперца.

Расея дае мноства прыкладаў не толькі трагічнага, але трагікамічнага. Мы маглі бачыць, як бэкаў-пэкаў-мэкаў пан Мядзведзеў, шукаючы словы для ацэнкі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. З іх вынікала, што ў Крамлі сядзіць слабак. Мы бачылі, як блудасловяць кіраўнікі трох тэлеканалаў на тэму свабоды слова. Можна было падумаць, што гэта тры клеркі з цэнзарнага ведамства, а не тытаны тэлеімперыі.

Знайсці падтрымку ў пошуках шляхоў дэмакратыі ў суседняй краіне не ўдавалася і не ўдасца. Кіраўнік ЦВК Расеі Чураў паказаў, што ён тая ж ярмошына, яму беларускі варыянт татальнага падману спадабаўся, відаць, так і далажыў таму, хто яго прысылаў у Менск. Чалавек неакрэсленых заняткаў пан Барадзін не жартуючы цытаваў Сталіна, падчас выбараў важна не тое, як галасуюць, а як лічаць.

Пасол Расеі пан Сурыкаў задоўга да дня выбараў абалваньваў слухачоў і гледачоў цвёрдым перакананнем, што вусаты верхавод упэўнена пераможа ў першым туры. Мо яму загадзя паказалі падрыхтаваныя пратаколы?! А на пераднавагодняй прэс-канферэнцыі дамаляваў партрэт сваё Расеі, якая ўсё больш і больш становіцца для нас чужой.

«Трэба ўмець ствараць партыі, структураваць іх, каб партыі былі не толькі цемечкам і побач нейкія групы паплечнікаў. Каб гэта былі раённыя, абалсныя і нізавыя ячэйкі, праз якія партыі маглі б весці агітацыю праз выбарцаў. Прыгэтым пастаянна, а не толькі ў год выбараў».

Такая моцная парада, ды лічы, дарэмная! Хапай на ўзбраенне, — і крокам руш да перамогі!

Альбо пан пасол жартаваў па-чорнаму, альбо ён нічога не ведае пра стан спраў, альбо ўсё ведае, ды глядзіць на беларскую яву халодным позіркам імперца.

Партыі душыліся і душацца (насуперак законадаўства, на якое так любіць спасылацца пан пасол). Не толькі ў год выбараў, а заўсёды. Тое, што ў нас існуюць партыі (ва ўсечаным, мізэрным маштабе) — заслуга мужнасці асобных людзей. Чалавек, які ўступае ў партыі, адразу становіцца асобай, якую прэсуюць ідэолагі, гэбэшнікі, начальнікі аддзелаў, цэхаў і нават майстры. Мо пан пасол не ведае, што малады чалавек, які прызнаецца ў сімпатыях да некай партыі, ніколі і нідзе не будзе прыняты на працу?!

Прафсаюзы, напрыклад, не партыі, яны не маюць мэтай прыход да ўлады. Але і гэтым арганізацыям немагчыма знайсці юрыдычны адрас, немагчыма атрымаць рэгістрацыю.

Патрымалі б вы, пан пасол, свае парады пры сабе. Яны падобныя, прабачце, на парады ідыёта. А вы ж не такі.

 

mikalaj-achyzha.livejournal.com