Адзін з самых заўзятых афіцыйных прапагандыстаў, галоўны рэдактар часопіса «Беларуская думка» Вадзім Гігін паспеў ускочыць у апошні вагон. Літаральна напярэдадні ўвядзення Еўрасаюзам візавых санкцый, якія распаўсюдзіліся і на Гігіна, ён пабываў у Страсбургу.

У «развітальным матэрыяле» з Еўропы ён апісаў карцінку, якая жыва сведчыць, што так званыя «афіцыйныя беларускія аналітыкі» — вялікія фантазёры. Яны настолькі далёкія ад цывілізаваных рэалій, што праўдападобна нават не могуць прыдумаць патрэбную карцінку.

Вось як апісвае Гігін слуханні ў ПАРЭ па беларускім пытанні (менавіта з гэтай мэтай ён у апошні раз і ездзіў у Страсбург):

«У апусцелым холе будынка Савета Еўропы ў Страсбургу да мяне падышоў пажылы чалавек:» Малайцы, хлопцы, добра выступалі!» — сказаў ён па-ангельску, праўда, вельмі-вельмі ціха, аглядаючыся па баках.

 

Аказалася, гэта прафесар аднаго з французскіх універсітэтаў. Мы перакінуліся некалькімі фразамі.

 

Высветлілася, што мой суразмоўца ўважліва сочыць за поспехамі нашай краіны і шчыра імі захапляецца.

 

«Ну, а як вы галасавалі па рэзалюцыі?» — спытаў я, маючы на ўвазе выніковы дакумент Канферэнцыі няўрадавых арганізацый Савета Еўропы па Беларусі. Стары патупіў вочы і шчыра адказаў: «Я галасаваў супраць вас». Майму здзіўленню не было мяжы. «Тут так прынята, зразумейце», — сумна растлумачыў прафесар».

Бедны Гігін за той кароткі час, на які яму ўдалося вырвацца ад зашуганных беларускіх чыноўнікаў да еўрапейскіх, галоўнага не паспеў заўважыць: у Еўропе ў размовах ніхто не пераходзіць на шэпт, таму што незаконная праслухоўка там крымінальна караецца. І галасуюць там дэпутаты не так, як загадвае прэзідэнцкая Адміністрацыя, а ў адпаведнасці са сваімі перакананнямі. Усё, што апісаў Гігін, у Еўропе акрат не прынята, таму фальшыўка вылезла ў дэталях.

Як бы тое ні было, гадавая шэнгенская віза ў пашпарце галоўнага рэдактара «Беларускай думкі» ужо ануляваная. Аб гэтым з горыччу паведаміў у эфіры Беларускага тэлебачання іншы «спявак рэжыму» з таго ж спісу Юры Пракопаў, назваўшы тое, што адбываецца «карнымі мерамі і новай формай цэнзуры».

Дарэчы, сам Гігін мяркуе, што ён у «чорным спісе» апынуўся надоўга. У каментары журналістам з нагоды ўключэння свайго прозвішча ў стоп-лісты Еўрасаюза, ён заявіў, што «гадоў праз дзесяць-дваццаць спадзяецца зайсці ў Парыжы ў мячэць Парыжскай Богамаці, а таксама прайсціся па пыльных шматнацыянальных і шматмоўных лёнданскім вуліцах».

І яшчэ раз прадэманстраваў, што ня ведае Еўропы — яна не настолькі крыважэрная, каб памятаць дрэннае дзесяцігоддзямі.

 

nv-online.info

 

Больш артыкулаў па тэме:

Пациент последнего вагона