Прэзідэнты Польшчы і Расеі Браніслаў Камароўскі і Дзімітры Мядзведзеў наведаюць сёння месца авіякатастрофы на смаленскім аэрадроме “ Паўночны” і мемарыяльны комплекс “ Катынь”.

Гэтым самым завершыцца адзначэнне гадавіны смаленскай трагедыі, якое прайшло ў атмасферы мала адпаведнай для адзначэння агульнанацыяльнай бяды.

 

Увесь учорашні дзень я глядзеў і слухаў у польскіх СМІ паведамленні пра гадавіну смаленскай трагедыі. Як і можна было спадзявацца, усё прайшло не ў самай лепшай атмасферы, найперш з прычыны таго, што адбылося некалькі асобных мерапрыемстваў: афіцыйных і апазіцыйных і пры тым у некалькіх гарадох: найперш у Варшаве і ў Кракаве.

 

Калі прэзідэнт, прэм’ер і частка сваякоў загінулых спярша сабраліся на экуменічнай багаслужбе ля помніка ахвяраў авіякатастрофы на вайсковых могілках “Павонзкі” у Варшаве, не было сярод іх лідараў апазіцыйнай партыі “Права і справядлівасць” і часткі сваякоў. Адны і другія пабывалі на дзвюх асобных Імшах у галоўнай сталічнай катэдры. Прыхільнікі “Права і справядлівасці” арганізавалі ўскладанне кветак да памяткай дошкі ля прэзідэнцкага Палацу ў Варшаве. Пры гэтым адбылася штурханіна паміж праваахоўнымі органамі і тымі, хто спрабаваў прарвацца пра агароджу. Сябры і прыхільнікі найбуйнейшай апазіцыйнай партыі спярша арганізавалі вялікі сход у Палацы Культуры і навукі а затым, па-палудні, буйную дэманстрацыю ля прэзідэнцкага палацу.

 

У сваёй эмацыйнай прамове, якая была менш жалобнай а больш праграмана-палітычнай, Яраслаў Качынскі недвухсэнсоўна заявіў, што ёсць сапраўдныя палякі – патрыёты і ёсць прадажныя палітыкі ў цяперашнім кіраўніцтве краіны. Паводле яго, прэм’ер Дональд Туск разам з Расіяй зацягваюць, блытаюць, зацягваюць следства ў справе авіякатастрофы яўна не імкнучыся да высвятлення праўды. Па словах Качынскага, цяперашняе кіраўніцтва краіны не дзейнічае ў інтарэсах сваёй краіны і ў сувязі з гэтым не мае маральнага права выступаць ад яе імя.

 

“Польшча тут-дзе мы”. “ Туск і Схэтына – у Берлін”- красамоўна адлюстроўвалі такую пазіцыю гэтыя словы транспаранты прыхільнікаў апазіцыі. Адносна смаленскай трагедыі, самая радыкальная частка апазіцыі не выключае нават тэорыі замаху.

 

Са свайго боку, прэзідэнт Браніслаў Камароўскі ў сваіх выступленнях шмат гаварыў узважана, спакойна, заклікаў да суцішэння злых эмоцыяў. Паводле яго “ найлепшым помнікам у памяць аб ахвярах катастрофы быў бы помнік нацыянальнай згоды ў агульнай жалобе”. Па-мойму “ Газета выборча” у сваім артыкуле даволі трапна назвала ўчорашнія мерапрыемствы двума словамі “ Жалоба і пагарда”. Былі малітвы, прыгожыя казані, знічы, вянкі, ганаровыя салюты, але былі і поўныя нянавісці заявы і транспаранты.

 

Несумненна, учорашнія мерапрыемствы былі азмрочаныя непрыемным інцыдэнтам. Напярэдадні гадавіны смаленскай трагедыі, расійскія ўлады спадцішка змянілі памятную шыльду на месцы трагедыі. Яе ўстанавілі без кансультацыі ні з польскімі ні з расейскімі ўладамі дзве ўдавы ахвяраў катастрофы. Смаленскія ўлады знялі польскамоўную шыльду і памясцілі побач сябе дзве: польска – і расейскамоўную, але пры гэтым сцерлі з іх напамін аб тым, што польская дэлегацыя накіроўвалася ў Катынь на месца савецкага генацыду супраць палякаў. Смаленскі губернатар даволі з’едліва нагадаў палякам, што ў Расіі дзяржаўнай мовай з’яўляецца расейская, а зрэшты – ахвярам Катыні прысвечаны асобны мемарыял. Тым ня менш гэты факт абурыў ня толькі многіх польскіх палітыкаў, але і шырокія колы польскага грамадства.

 

Агульнае ўражанне ад учорашніх жалобных мерапрыемстваў даволі прыгнячальнае. Пасля кароткага перыяду па смаленскай трагедыі, калі Польшча паказала прыклад адзінства і салідарнасці ў агульнай бядзе, цяпер працягваецца супрацьстаянне. Тое, што павінна яднаць стала яблыкам разладу і відавочным элементам выбарчай кампаніі.

Пры гэтым, пад пытальным знакам апынуўся і працэс польска-расейскага прымірэння.

 

new.racyja.com