Калі ў твае вушы пастаянна ліецца адно і тое ж: “рускія – лайдакі, рускія – акупанты, рускія – шавіністы” і іншы набор сацыяльных міфаў, распаўсюджаных многіхбеларусаў, — так і хочацца з’ездзіць і паглядзець на ўласныя вочы на той народ: а можа не так усё і блага? Паўтары тыдні жыцця і вандровак па Расіі далі мне магчымасць даведацца крыху болей пра нашых усходніх суседзяў.

Расійскія дарогі

Адразу трэба агаварыцца: пабачыў я толькі Піцер, Маскву і некаторыя ваколіцы з дарогамі. Дарогі горш за нашыя (яміны-калдобіны) толькі на некаторых участках, але будзем шчырымі: Беларусі і не снілася такая плынь грузавога транспарту, які боўтаецца туды-сюды па расійскіх магістралях. Бясконцы ланцуг фураў, што не едзе, а павольна цягнецца з-за пробак – гэта норма. Сюды ж “спішам” горы смецця паабапал дарог, улічыўшы таксама іх кіламетраж (дзе ж тут за ўсім дагледзіш?!). У маёй галаве не адразу “ўклаўся” дарожны паказальнік дзесьці пад Масквой — “Санкт-Пецярбург — 730”. Потым зразумеў, што ў Беларусі паказальнікаў з такой адлегласцю проста няма. А вось атрутны баршчавік, які ледзь не шатамі дрэў змыкаецца над цэнтральнымі магістралямі – сапраўды жахае. Адчуванне, быццам едзеш не ў сталіцу, а да чорта на кулічкі. Па словах саміх жа рускіх – гэта сапраўдная бяда, якой пакуль не могуць даць рады: у свой час баршчавік пачалі выводзіць для корма жывёлы, і не ўлічылі яго звышхуткае высяванне і распаўсюд. Таксама напужала адсутнасць выразнай раздзяляльнай зоны паміж супрацьлеглымі палосамі руху на трасе. Рускія браткі на джыпах любяць разагнацца “да с ветерком”. І ад такога ж аматара хуткай язды, што імчыць насустрач, на многіх участках дарогі (я кажу пра трасу Масква-Піцер) – аддзяляе толькі сімвалічная белая палоска. Па дарозе са сталіцу ў сталіцу сустрэлі тры аварыі. Накрытыя целы, машыны “ўсмятку”… Пару хвілін назад, едучы на марудным грузавічку, шкадаваў, што не сяджу ў такім вось шалёна-хуткім джыпе, якога нават форму цяпер ўжо цяжка было вызначыць…

Барадзіно

Менавіта тут мне было наканавана пражыць цэлы тыдзень у цесных стасунках з рускімі ды не толькі рускімі. Найпрыгажэйшая прырода, падобная да нашай Маладзечаншчыны. Акрамя гэтага – месца, пра якое ледзь не кожны школьнік зможа працытаваць з паэмы Лермантава. Барадзінскае поле – гэта велізарны абшар, бо лінія баёў паміж рускімі і французамі пастаянна змянялася. На полі размешчана больш за  паўтары сотні помнікаў і памятных знакаў. Акрамя гэтага у ваколіцах – старыя манастыры. Адзін з іх быў заснаваны графіняй Тучковай – маладой удавой, якая нават не змагла знайсці цела свайго 28-гадовага мужа сярод гары трупаў: малады генерал загінуў пры самааданых спробах штурму французскіх ўмацаванняў…

Жадаючы пад’ехаць аўтаспынам, “ловім” грузіна на джыпе. Імя вадзіцеля – Баграт, у гонар Багратыёна, які загінуў ў кіламетры ад нас.

Вадзіцель аказваецца падкаваным знаўцам мясцовых помнікаў: ледзь не гадзіну распавядае пра слаўны царскі грузінскі род Багратыёнаў, пра ваенны геній генерала Багратыёна, на якім толькі і трымалася лінія Барадзіно, пра яго смяротнае раненне… Лежачы пад тонамі бінта у адной з мясцовых хат, генерал даведаўся, што Кутузаў даў загад адступаць да Масквы. Калі лекары выйшлі адпачыць, Баграціён ускочыў з ложка, жадаючы вярнуцца да арміі, і кроў, што пайшла са зноў адкрытай раны, ужо немагчыма было спыніць… Спадабалася, што мясцовы люд ведае сваіх герояў (гэтую легендарную гісторыю мы чулі потым яшчэ раз ад нашых рускіх знаёмцаў). Уздоўж дарог – вялікія інфармацыйныя стэнды з партрэтамі герояў барадзінскіх баёў, біяграфічнай даведкай і пазнакай камерцыйнага банка, які прафундаваў гэтую акцыю мясцовага музея.

Напрыканцы міні-экскурсіі Баграт канчаткова здзіўляе прызнаннем: ён – заснавальнік завода па вытворчасці малака пад назвай “флешы Баграціёна”. Кажа, што пры афармленні дзелавых папер пастаянна прыходзіцца тлумачыць сваім партнёрам, што гэта такое (фартыфікацыйнае ўмацаванне, што выкарыстоўвалася ў баях на Барадзіно). Вось вам і прыклад папулярызацыі гісторыі свайго краю! На развітанне запрасіў нас, беларусаў у цяжкі для нашай эканомікі час, на працу на сваё прадпрыемства. Усур’ёз падзякавалі.

Масква

Дэсантная вылазка ў сталіцу Імперыі была здзейснена ў будні дзень, што дала магчымасць пабачыць сталічнае жыццё без прыўкрас. Зноў прыемны момант: нас падбірае на трасе вадзіцель – дырэктар турфірмы, кіраўнік грамадскай арганізацыі па дапамозе інвалідам, часты госць у чыноўніцкіх кабінетах. Распавядае пра сучасную Расію не па чутках. На Кутузаўскім праспекце (уезд у Маскву з боку мінскай трасы) акрамя гіганцкіх скульптураў барадзінскага музея нас сустракаюць першыя пробкі. Я марыў іх убачыць. Мне хацелася праверыць: ці сапраўды маскоўцы чысцяць бульбу на вячэру, стоячы ў іх? Але зараз – поўдзень, гадзіна пік, мы стаім у абедзеннай чарзе. Наш вадзіцель каментуе сітуацыю: “пакуль не праедзе Рублёўка (самы багаты раён Масквы – Р.А.), — светлафор не зменіцца”. Светлафоры рэгулююцца міліцыяй сітуацыйна, залежна ад таго хто і куды едзе, і якога колеру ў яго штаны – жоўтыя або малінавыя. Але вось сапраўдныя героі трасы – машыны з мігалкамі. Справа ў тым, што па цэнтры сваіх праспектаў маскоўцы пакідаюць абавязкова вольную паласу, каб па ёй мог праехаць прывілеяваны аўтамабіль. У Маскве іх – некалькі соцень, нягледзячы на нядаўнія “ўразанні” гэтага спісу Пуціным. Мы, простыя смяротныя, за адзін дзень спадобіліся ўбачыць не менш за сем такіх машын. Але тут жа, на Кутузаўскім, у гадзіну пік, іх чакае грамадская акцыя ад маскоўскіх грамадскіх арганізацый: стоячы прама па цэнтры праспекта актывісты трымаюць расцяжкі “Мигалки – позор России”, “Настоящему мужчине мигалка не нужна” і інш. Вадзіцелі, што стаяць у пробачных чэргах сігналяць у знак падтрымкі.

Маскоўскае метро

Маскоўскі метрапалітэн знакаміты не толькі сваёй заблытана-гіганцкай сеткай станцый. Цэнтральныя станцыі захоўваюць сваё афармленне з савецкіх часоў, якое, трэба прызнаць, сваімі мазаікамі, мастацкімі пано, заваблівае, як сапраўдная мастацкая галерэя. Акрамя гэтага – дзе яшчэ лепей адчуеш дух гэтай сусветна вядомай сталіцы з яе шалёнай хуткасцю? Кожны масковец ведае, колькі каштуе адна хвіліна яго часу. І ў той жа час, рускія (праўда, іх не шмат у Маскве) умеюць аддаваць гэтыя рублі-хвіліны тым, каму гэта неабходна: наш вадзіцель бізнэсмэн вязе нас да самай Чырвонай плошчы, распавядаючы па дарозе пра горад, хоць яму зусім не ў той бок. І на вуліцах нам яшчэ не раз патрапіліся жыхары гэтага Вавілона, каму іхнія хвіліны-рублі былі менш важныя за жаданне дапамагчы вандроўнікам…

Маскоўскае метро нагадвае тысячы норак, па якім бегаюць мітуслівыя звяркі. Але там, дзе цяжар становіцца невыносным, узнікаюць нечаканыя зоны прасвятлення: у Маскоўскім метро няма рэкламы. Ні відэа-экранаў, ні плакатаў у вагонах, хіба толькі гукавыя паведамленні ў зоне эскалатараў. Але ў вагонах замест тысячаў дробных скрадальнікаў вашай увагі (рэкламных аб’явак) вас могуць сустрэць Страшыла з Жалезным Дровасекам, Нязнайка, тры таўсцяка і іншыя героі вашых любімых кніг дзяцінства. Відаць, гэтая сацыяльная акцыя маскоўскага метрапалітэна скіравана на “вызваленне” жыхароў Масквы шалёнай мітусні метро… Але вось і вяртанне ў рэчаіснасць: пешаходная пробка на выхадзе з падземнага пераходу, з-за дажджу на вуліцы людзі не хочуць ісці наверх, згрувашчваюцца на прыступках. У мяне – інстынкт Нямігі і страх маскоўскіх тэрактаў, хочацца выбрацца з такога натоўпа як мага хутчэй. Нервуюся. Але як і ўсе, хто носіць праклён гэтага горада, я павольна-павольна ўзбіраюся па прыступках да свежага паветра. На вуліцы – “нормальный летнийдождь”, пад якім толькі і трэба што “шагать по Москве”. І я рады, бо гэтым вуліцам трэба як мага часцей даваць свежую порцыю кісларода. Каля пераходу на Шабалаўцы індзейцы ў каляровым пер’і забаўляюць жыхароў мікрараёна сваімі свірэлямі пад магнітафонную мінусоўку. Для поўнага абсурду не хапае толькі вампіраў-міліцыянераў на эскалатарах і Леніна ў царскай карэце. Але Ленін якраз на сваім месцы.

Савецкая спадчына

Ужо ў раёне Арбата вас сустракаюць шыкоўныя мазаічныя пано на кінатэатрах і крамах савецкіх часоў. Па выглядзе відаць – гэта тут цэніцца. Сацыялістычны “фэшн”, элементы раскошнай гарадской архітэктуры і інтэр’ераў савецкай эпохі – тут беражліва захоўваюцца, верагодна, узведзены ў ранг помнікаў і граюць сваю ролю ў прывабліванні турыстаў (добры прыклад для нас, якія гатовы зносіць цэлыя кварталы каштоўных “сталінак” дзеля чарговага спальнага раёну). “Сталовая № 57” побач з экспазіцыяй аб савецкім ГУМе і палёце Гагарына, усё —  глядзіцца шыкоўна і дастойна ў асяроддзі глянцавых вітрынаў сусветна вядомых брэндаў. Акрамя гэтага на дамах у цэнтры – у дадатак да новых назваў — шыльды са старымі, савецкімі назвамі вуліц, плошчаў, з кароткай гістарычнай даведкай пра падзеі савецкага часу. Там – гэта ўжо гісторыя. І тут разумееш, наколькі мы адстаем ад нашых усходніх, быццам бы “мала цывілізаваных” суседзяў: нашыя “Кнорына”, “Савецкая”, “Дзяржынскага” – гэта жывая рэальнасць для беларусаў, з якой яшчэ трэба выбірацца… Для іх – гэта ўжо позірк назад, перажытае.

Але сэрца маё не супакоілася б, калі бне пабываў у “святая святых” Камуністычнай дзяржавы – Маўзалее. Трэба было адстаяць паўгадзінную чаргу з сотнямі в’етнамцаў і кітайцаў, каб патрапіць да Крамлёўскай сцяны. Уваход, дарэчы, бясплатны, толькі ўсе рэчы неабходна здаваць у платнае бюро захоўвання. Ужо калі я праходзіў уздоўж сцяны, на якой —  надмагільныя таблічкі з імёнамі савецкіх дзеячаў розных гадоў – мяне апанавала пачуццё жудасці ад гэтага дзяржаўнага некропалю. Сама высачэзная Крамлёўская сцяна, якая да таго ж абгароджана і абстаўлена міліцыяй – выглядае як сімвал раздзеленасці дзяржаўнай улады і грамадства. Дзіўна, але сацыялісты, якія імкнуліся разбурыць мяжу паміж людзьмі з “блакітнай крывёй” і працоўным людам, зрабілі яе не менш выразнай як у дваранскай Расіі.  І вось вам вышэйшая каста —  Палітбюро, вярхушка НКВД-КДБ, героі рэвалюцыі 1917 г. – сімвалічна ўмураваны ў Крамлёўскія сцены, дзе, верагодна, кожнае месца для чарговага нябожчыка актыўна абмяркоўвалася: ці годны ён ляжаць тут? Сцены, недаступныя простым смяротным… Нясвіжская крыпта Радзівілаў выглядае больш чалавечнай, даступнай, калі можна так выразіцца аб такіх месцах. Але галоўная “святыня” была наперадзе…

Людзі рухаюцца вельмі павольна, у нейкай урачыстай цішыні. Заходзяць у таўшчэзныя сцены з чырвонага мармуру, акунаюцца ў замагільны холад сценаў з чорнага мармуру. Ахоўнікі маюць цёмную форму, іх бляклыя твары ледзь-ледзь можна ўбачыць у змрочных кутах пахавальні. Спрабую наладзіць кантакт (не хочацца верыць, што я памёр!), штурхаю іх пытаннямі накшталт “у вас хоць форма ўцепленая?”. Але не дапамагае – замагільныя служыцелі толькі маўкліва, без якойсьці эмоцыі на твары паказваюць мне кірунак руху… А вось і ён, геніяльны бунтар, палымяны прамоўца, вялікі ідэолаг, арганізатар масавых народных хваляванняў і ў выніку – дзяржаўнага і ідэалагічнага перавароту 1917 г. — ляжыць пад шкляной колбай, з неабходным тэмпературна-светлавым рэжымам (сам пастамент падсвечваецца). Што б ні казалі сёння, але давайце ўзгадаем – адкуль гэта мы маем 8-гадзінны працоўны дзень і два законных выхадных дня? Ці гэта  не з часоў барацьбы пралетарыята і капіталістычных бонзаў?  Іншая справа, якімі сродкамі была здабыта перамога. І самае важнае – якую мэту мела яна адпачатку? І вось гэты маленькі “сумнеў” і разрастаецца тут, у Маўзалеі, у магутнае нежаданне станавіцца на шлях марксісцкіх ідэй. Бо шкляная колба з падсветкай ў холадзе – гэта вянец марксісцкага вучэння аб жыцці чалавека. Якімі б справядлівымі і высакароднымі не былі гэтыя ідэі, але пасля смерці яны могуць абяцаць хіба толькі абследаванне костак у “НДІ мікрабіялогіі АН СССР”, змяшчэнне ў музеі рэлігіі, або ў Крамлёўскай сцяне або… Ці не ўсё роўна? Марксісты сваім вучэннем хацелі сарваць покрыва таямніцы з пытання аб смерці, якая прысутнічае ў культурах усіх народаў без выключэння, і яны дамагліся свайго. І гэтым перакрэслілі чалавечую надзею  на зялёную лужайку з матылькамі і дзіцячым смехам пасля апошняга парогу. І, магчыма, Ленін ляжыць там дагэтуль, каб кожны чалавек мог выбіраць свае ідэйныя арыенціры, маючы такі прыклад “перамогі” марксізму перад вачыма.

Чырвоная плошча

Па Чырвонай плошчы можна гуляць з сапраўдным рэлаксам, смела заводзіць гутаркі з ветлівай міліцыяй, фатаграфаваць усё што падабаецца, — вы тут гаспадар. Нават чысцюткія туалеты па ўсім перыметры Крамлёўскага комплексу – для вас, абсалютна бясплатна.

Маленькае турыстычнае гета ў краіне з парушанымі правамі чалавека і неўладкаванай эканомікай. Але колькі мне б ні казалі пра прыгажосць сабора Васіля Блажэннага – у мяне заўжды будзе перад вачыма кадр з “Андрэя Рублёва” Таркоўскага, дзе рускім дойлідам (рус. — зодчим) выколваюць вочы, каб не збудавалі болей нічога падобнага па прыгажосці. І няважна, што сёння гэтую легенду аб будаўніках сабора Васіля Блажэннага актыўна аспрэчваюць гісторыкі. Гэтая легенда – дарэчна глядзіцца на фоне іншых справаў “вялікага збіральніка рускіх зямель”. Ды і самі купалы сабора, якія  прывабліваюць яркімі колерамі здалёк, ужо зблізу ніяк “не кладуцца” на сэрца з-за сваіх агрэсіўных шыпоў і вострых ламаных ліній. Тут жа, каля сабору – Лобнае месца, усталяванае Іванам Жахлівым для абвяшчэння дзяржаўных загадаў, якое пазней стала месцам публічных пакаранняў. Нягледзячы на тое, што спадчына Івана Жахлівага “пагружае” ў часы, ад якіх можна весці гісторыю нашых доблесных спецслужбаў з іх катаваннямі і палітычным ціскам на чалавека, — мяне прыемна здзіўляе стаўленне да гістарычнай спадчыны ў Маскве. Адноўленыя саборы, адноўленыя ў пач. 2000-х фрэскі… Масква радуе павагай адраджэннем цікавасці да перад-савецкай гісторыі. Як сімвал гэтага павяртання – рэканструяваны сабор Хрыста-Збавіцеля. Гіганцкія памеры храмавага комплекса, які болей нагадвае музей-рэліквію імператарскай Расіі, прымушаюць задумацца аб памерах патрачаных сродкаў. Але ў сутарэннях храма – адказ на маё любазнаўства: шыльды з імёнамі сучасных “дваранаў”, якія ахвяравалі грошы на гэтую будаўнічую “акцыю пакаяння”…

І вось, пажыўшы тыдзень на Барадзінскім полі, пашпацыраваўшы па Арбаце, паадскокваўшы ад маскоўскіх трамвайчыкаў, якія так і намагаюцца адрэзаць вам галаву (адлегласць паміж тратуарам і рэйкамі тут сапраўды мізэрная, і нават булгакаўская  Ганначка не спатрэбіцца), — я вырашыў адправіцца на Поўнач па трасе Е-95. Ужо на па’ездзе да Пецярбурга здзіўляе нечакана светлая для 11-ці гадзін вечара палоска на даляглядзе. Адгалоскі белых ночаў. У паветры – камарыныя зграі. Яны знайшлі мяне нават на Неўскім праспекце. Фінскія балаты – так і засталіся балатамі. Але калісьці адважны Пётр ўсё-такі прарубіў гэтае акенца, і замацаваў сваю перамогу на беразе Фінскага заліву Петра-паўлаўскай крэпасцю, ад якой і пайшла паўночная сталіца. Уся слава Імперыі, залатыя арлы з каронамі і скіпетрамі – тут. І ўжо дзвесце год таму, напэўна, каб дыхаць вольна балтыйскім ветрам, сюды сталі падцягвацца паэты, музыкі і мастакі…
Паветра Піцера
Бабулькі-кветачніцы гавораць літаратурнай мовай, без нашых характэрных “г” і “ч”. Ледзь не кожны дом – з шыльдай, на якой пазначана яго караценькая гісторыя. Вось, адсюль Пушкін зімовай раніцай адправіўся на дуэль, а там – Даўлатаў пражыў сваіх першых 30 гадоў, тут — Дастаеўскі двойчы здымаў кватэру, а тут Цой і кампанія працавалі качагарамі, каб не праходзіць па артыкуле “за тунеядства”… Шыльды, месцы, біяграфіі, радкі з вершаў, вядомыя са школьных гадоў, , — усім гэтым прасякнута тутэйшае паветра. І ў гэтым паветры (дарэчы, вільготным і шкодным для здароўя) голас Шаўчука, што раздаецца з вокнаў аўто на Неўскім  гучыць да немагчымага натуральна.

Чёрный пёс Петербург — морда на лапах
Стынут сквозь пыль ледяные глаза
В эту ночь я вдыхаю твой каменный запах
Пью названия улиц, домов поезда

Дамы тут сапраўды – цягнікамі. Двары – калодзежамі (відаць толькі кавалачкі святла ўверсе і ў напрамку арак). Масіўныя драўляныя дзверы пад’ездаў, змрочныя пераходы паміж дварамі, высокія пралёты старых лесвіц, — толькі і глядзі, каб не сустрэць тут хударлявага Радыёна Раскольнікава або яго ахвяру. Дарэчы, гэта даволі папулярны персанаж сучаснага Піцера. Прынамсі, папулярным у гэтым ліпені быў касцюм студэнта з сякерай на карнавальным святкаванні народзінаў Дастаеўскага ў яго кватэры-музеі. А акрамя мажорных экскурсій на цеплаходах “па Няве і каналах” расклееныя там-сям аб’яўкі прапануюць турыстам экскурсіі па Піцеры Дастаеўскага. А тасксама ледзь не на кожным кроку – “экскурсіі па дахах Піцера”, “экскурсіі па нефармальным Піцеры”. Справа ў тым, што гісторыя піцерскага року тут ўжо неафіцыйна ўзведзена ў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. У качагарцы, дзе працаваў Віктар Цой – клуб-музей. Тут можна ўбачыць гітару спевака, яго малюнкі і – увага! – працоўны дзённік качагаркі, на старонках якога юныя хіпаны забаўляліся ад душы: “Бабы у котла (2 кочерги). Обошлось пока”. На Пушкінскай, 10 (таксама гістарычнае тусовачнае месца піцерскіх рок-н-рольшчыкаў) – арт-цэнтр з клубамі, мастацкімі галерэямі. Унутры дворыка —  вуліца Джона Ленана з вертыкальным напрамкам руху. Цоеўскае“я гуляю по проспекту, мне не надо ничего”, — спяваецца ў гэтым горадзе само сабой, верагодна, на тых самых кропках праспекта, дзе гэта напяваў “герой пакалення”.

Кніжны Піцер

У Піцеры – некалькі сетак кніжных крам, кожная з якіх імкнецца прывабіць свайго чытача. Літаральна штодзень адбываюцца нейкія літаратурныя імпрэзы, чытанні. Нажаль, Мінску з яго адной-адзінай галерэяй “Ў” – яшчэ крочыць і крочыць да такіх даляглядаў. Па ўсім відаць, Піцер – чытае, і ведае тых, каго ён чытае. Седзячы на лаўцы ў парку, адпачываючы ад спёкі, я раптам узгадваю, што нядрэнна было б знайсці дом, дзе жыў Сяргей Даўлатаў. Побач сядзіць незнаёмая дзяўчына, штось чытае. Больш дзеля забавы, на ўдачу пытаюся, дзе той дом. Усміхаецца, і выдае дакладны адрас дома з шыльдай. Так можна адрозніваць піцерцаў ад прыезджых – па кніжцы характэрнага фармату ў руках. А яшчэ –па незвычайна-каляровых плэерных навушніках ледзь не ручной працы. А яшчэ – па ціхай, спакойнай хадзе, і ўпэўненаму выразу твара, які навучыўся не звяртаць увагі на “турыкаў”: “ладна, гуляйце сабе…”

Колер нацыі

У сучасным Пецярбурзе пражываюць, акрамя турыстаў, піцерцы і ленінградцы. Прычым піцерцы жылі тут ужо ў савецкія часы, а ленінградцы – жывуць і па сёння. Але акрамя гэтых мясцовых “народнасцяў” тут пражывае каля 25% вузкавокіх сяброў. Пра гэта мне з гонарам кажа Махмуд, які падвозіць мяне да дому маёй цёці  ў Піцеры. Ледзь не праз фразу паўтарае, што “жыццё – жорсткая справа”. І я пачынаю здагадвацца, чаму. Махмуд – як і большасць прыезжых з Поўдня – працуе на будоўлі, на пару месяцаў вяртаючыся дамоў да сям’і. У расійскіх гарадах яны трымаюцца сваіх. Калі, напрыклад, казах выкупляе краму – змяняе ўвесь персанал на казахаў. Рускія ад гэтага стогнуць, называюць нябачнай вайной. Часам баяцца. Многія глыбока ў душы – спачуваюць скін-хэдам. Хтосьці – адкрыта кідае абразлівае: “чуркі — тупыя”. Хтосьці – хваліцца, што “Чачню паставілі на калені”… У гэтых зносінах ужо сам чорт нагу зломіць, разбіраючыся, хто вінаваты. Адзін з вадзіцеляў распавёў, што на яго вачах у сярэдзіне 90-х, яшчэ перад вайной, чачэнскія бонзы  застрэлілі мужычонку, бо той проста перашкаджаў ім “прыгожа” прайсці ў казіно на Арбаце. Супрацоўніца Інстытута горадабудаўніцтва Масквы наракае, што туркі, напляваўшы на старую Маскву, будуюць свае жалезабетонныя гмахі прама ў цэнтры, праплаціўшы каму трэба. А мне шкада худога в’етнамца на ржавым ровары і таджыка на старэнькім “Гольфіку”, якія вяртаюцца дамоў пасля нялёгкай падсобнай працы дзесь у падмаскоўі… І пераскокваючы па дарозе аўтаспынам да Піцера з машыны ў машыну, сустракаючы за рулём то прыхільнікаў “Расіі для рускіх”, то махмудаў з маскоўскіх будоўляў, мне захацелася, каб яны дзесьці сустрэліся самі паміж сабой, і пагутарылі вось так прыязна, з жаданнем выслухоўваць, як толькі што – са мной. Магчыма, тады б у гэтым краі такіх помнікаў як на Пскоўскай трасе было б паменш (помнік у выглядзе парашута пастаўлены ў памяць аб дэсантніках са Пскова, якія амаль усе загінулі ў адной з чачэнскіх аперацый).

Беларусы. Ну ніяк не рускія

Але што мне да маскоўска-каўказскіх разборак? Тут бы сваё адстаяць. Ледзь не кожны другі рускі кідаецца мне на шыю з даўно знаёмай песняй: “Мы – единый народ! Одна культура! Общие корни! Общая история! Мы должны быть вместе, назло всем! Прычым часта гэты  архаічны спеў я чую з вуснаў дарагіх мне людзей. Не менш часта – з вуснаў расійскіх турыстаў, якім неаднаразова праводзіў экскурсію па Беларусі. І вось што я заўважыў, чуючы гэтую “араторыю” ўжо не першы год: рускія ў асноўнай масе сапраўды не ведаюць беларускай  гісторыі. Яны ад усёй душы здзіўляюцца, калі даведваюцца, што Беларусь мякка кажучы не заўжды была ў складзе Расіі; што Беларусь – не была пад татарскім ігам; што ў ВКЛ дзяржаўнай была нейкая “старабеларуская” мова г.д. Яны перакананы, што рускіх – гвалтоўна раздзялілі, спачатку – Літва, затым – Польшча. “А цяпер – зноў усе гэтыя “памаранчавыя” рэвалюцыі”… Маскоўцы шчыра вераць у нашае з імі адзінства, і чакаюць ад нас узаемнасці. Мне няёмка, але з рызыкай быць высаджаным з машыны, з рызыкай пасварыцца з турыстычнай групай, я, набіраючы паболей паветра ў лёгкія, кожны раз спакойна і захоўваючы павагу “абломваю” гэты “сяброўскі” парыў душы і праводжу выразную мяжу: “вось – вы, а вось мы. Мы вам рады, але не болей, чым нашым іншым суседзям – літоўцам, палякам і украінцам, з якімі агульнага ў нас, паверце – не меней”. І ўвогуле – пра якую “праваслаўную цывілізацыйную прастору” мы можам з гаварыць, калі 25 снежня і 7 студзеня беларусы па чарзе віншуюць сусед суседа, асабліва не разбіраючы ў тым, хто ж усё-такі тут – ерэтык і раскольнік. Я кажу ім, што, нажаль, мы не зможам ужо выразаць сотні тысяч католікаў і пратэстантаў, каб ажыццявіць іхнюю мару пра вяртанне ў “Святую Русь”. Дзіўна, але яны пагаджаюцца. І я дадаю, што залаты век для беларусаў – не святы  князь Уладзімір, Кіеўская Сафія і перамогі над печанегамі, а гатычныя замкі і цэрквы-крэпасці, Статуты ВКЛ і перамога пад Грунвальдам. Але мяне здзіўляе і аргумент, якім рускія спрабуюць абгрунтаваць нашае “славянскае адзінства”: “як зламаць пруцікі веніка — паасобку з намі лёгка будзе разабрацца…” Рускія хранічна баяцца нападу. Гэта ў іх у крыві. Напэўна, гэта і ёсць крыж ваяўнічай Імперыі — чакаць удару ў спіну. Прывід НАТА на заходняй мяжы – ледзь не галоўны іхні аргумент на карысць яднання.

Так ці іначай, я заўважыў адну заканамернасць: калі ціха адмоўчваешся, то потым адчуваеш сябе, як нейкая бесхрыбетная жывёлка, якую можна мяць, ціскаць, ласкаць, — яна заўжды будзе адной формы. Але калі рызыкуеш і расстаўляеш кропкі над “і” – як ні дзіўна — расстаешся сябрамі, і цяпер ужо – на роўных адносінах. Так, рускія сапраўды любяць «Белоруссию», але – толькі як малодшага брата, якому ніколі не будзе дазволена вырасці ў поўную меру самастойнасці, стаць паўнавартаснай нацыяй. Мне ўспомніўся подпіс  пад графіці савецкіх часоў на Берлінскай сцяне (на выяве — Брэжнеў цалуецца “ўзасос” з амерыканскім прэзідэнтам ): “Упаси, Господи, от этой смертельной любви”.

Аб рускім характары

Паабапал расійскіх дарог, як заўважае кожны вандроўнік з захаду, — парослыя зеллем падворкі. У той час як рускім (а таксама заходнееўрапейскім гасцям) адразу кідаецца ў вочы дагледжнасць і чысціня беларускіх вуліц, дарог і падворкаў. Я паўтараю ўжо вядомую думку, але Расія – гэта скарбніца шалёных багаццяў, і таму рускія звыкліся жыць “на гатовым”, калі не трэба асабліва моцна напружвацца. Адсюль – шалёная шчодрасць рускай душы, уменне зняць з сябе фуфайку і аддаць прахожаму. Фуфайку мне ніхто не аддаваў, але масковец у маскоўскім аўтобусе, чуючы з нашай размовы, што мы едзем без квіткоў, бо  не маем грошай (і такое здараецца!), ціха прабівае свае запасныя  талоны і аддае нам, маўляў, “ад кантралёраў не адчэпіцеся”. За гадзіну да гэтага  грошы нам даваў… жабрак, што прасіў міласціну каля манастыра, а потым  моцна крыўдаваў на тое, што мы хацелі вярнуць. Таксама вадзіцелі, што спыняліся на начной трасе пасярод лесу, бясплатна праведзены тыдзень на адным з фестываляў (афіцыйна аплаціць харчаванне ўжо было позна, і тады рускія арганізатары махнулі рукой – “а, жывіце сабе…”), – пераконваюць мяне ў непадробнай шчодрасці народу, што жыве на ўсход ад нас.

Іншая справа – беларус. Не маючы нафты, алмазаў і золата, а маючы патрэбу толькі пастаянна працаваць, ён ведае кошт кожнай капейчыне, і таму так цяжка расстаецца з ёю. І вось гэтая наша звычка пастаянна апрацоўваць свой надзел, клапаціцца пра хлеб надзённы, яна і прыводзіць да прыбраных падворкаў і вуліц. Беларускія паселішчы часоў Сталыпіна ў Байкальскім краі вельмі лёгка адрозніць: у беларуса зямля будзе ўзарана нават там, дзе не трэба: лепей ён пасодзіць рабіну, чым пакіне кавалачак зямлі неапрацаваным. І ў той жа час рускі Ямеля будзе, лежачы на печы, доўга чакаць сваёй птушкі шчасця — чарговай аплаты за нафтапастаўку. Ды і дзе ж там угледзеш за ўсім гэтым абшарам – ад Смаленску да Ўладывастоку? Гіганцкія памеры дзяржавы, бесклапотнае жыццё за кошт рэсурсаў занятых калоній – вымушаюць жыць у стане хранічнай неўпарадкаванасці.

Грамадзяне Расіі

Пры ўсім пры гэтым, мяне шчыра радуе помнік Мініну і Пажарскаму на Чырвонай плошчы. Хоць я і не прамінаю магчымасці распавесці рускім, што Іван Сусанін вадзіў па кастрамскіх лясах ніякіх не палякаў, а нашых прадзедаў, а авантура з Лжэдзмітрыем была ініцыявана нашымі Сапегамі. Але мне прыемна бачыць помнік грамадзянскай мужнасці ў Расіі (Мінін і Пажарскі – арганізатары народнага апалчэння з мэтай выгнання з Расіі “польскай” інтэрвенцыі). Мне прыемна зараз чуць, як у Расіі ўсё мацней звяртаюць увагу на выхаванне ў дзецях грамадзянскай адказнасці за свой дом, вуліцу, горад, дзяржаву. “Зрабіць Манежку” на мове сучасных рускіх – гэта выйсці дружна на Манежную плошчу каля Крамля і паставіць на месца дзяржаўную ўладу, што наплявала на правы сваіх грамадзянаў. Да рускіх ужо прыходзіць усведамленне, што з карупцыяй, алігархіяй, дыктатурай, “нацыкамі” і каўказцамі не разбярэцца ніхто… акрамя цябе і тваіх знаёмых. Вось на такіх суседзяў – хочацца раўняцца. І няварта карміць сябе ілюзіямі пра быццам бы большую “цывілізаванасць” і еўрапейскасць беларусаў. Лепей падглядаць і моўчкі браць прыклад. А яшчэ падумалася, што пакуль мы будзем выхоўваць наш патрыятызм – на нелюбові і пачуцці перавагі над рускімі, то так і застанемся з імі ў адносінах “слана і моські”, замкнуўшыся на сваім гонары. І нездарма ў турыстаў з Заходняй Еўропы (канешне, моладзі) ёсць нават такі атракцыён – папісаць пад Калону Свабоды ў Рызе, бо любяць пацешыцца, як латышы абражаюцца і… нічога не могуць зрабіць з грамадзянінам, напрыклад, Англіі. Гэта лёс хваравіта самалюбівага нацыянальнага гонару, заснаванага на пачуцці перавагі над іншым. А ўжо даўно хочацца не гучнай рыторыкі пра “перамогу над маскалямі пад Оршай”, а хоць якога ўмення думаць, размаўляць, будаваць, – па-свойму, як сабе зручна, якасна і прывабна.

vkontakte.ru