Ад цара-бацюхны Ленін у ссылцы атрымліваў штомесячна пяць рублёў. На харч яму і жонцы хапала тры рублі. На што ішлі астатнія грошы? На барацьбу супраць таго ж цара-бацюхны! Наіўны быў расейскі імператар.

Год таму ў жніўні не стала вядомага беларускага пісьменніка, публіцыста, фотакарэспандэнта Вячаслава Дубінкі, ураджэнца Слуцка. Ён часцяком наведваўся ў горад, заходзіў і да мяне. У апошні візіт у 2009 годзе падараваў набор цудоўных, вырабленых самім выцінанак, якія я з яго згоды перадаў мясцовай Дзіцячай мастацкай школе. Прыпомніў тады Дубінка пра сваё наведванне з групай беларускіх турыстаў у 1966 годзе сяло Шушанскае, у якім у пачатку ХХ веку адбываў ссылку Ульянаў-Ленін. Вазілі яны туды макет доміка 1-га з’езда РСДРП, што стаіць у Мінску, каб перадаць яго ў дом-музей Леніна. І вось тады паведалі ім старажыхары вёскі і жанчына-экскурсавод пра ўмовы “адсідкі” Леніна.
Меў ён паляўнічае ружжо коштам у пяць дойных кароў ды дзясятак авечак. Жыў са сваёй Надзеяй Канстанцінаўнай у дабротнай хаце мясцовага багаценькага мужычка Зыранава.

Любіў хадзіць на паляванне, пастрэльваў цецярукоў, рабчыкаў, дзікіх гусей, зайцоў – усё ішло для харчу на кухню. Ад цара-бацюхны Ленін у ссылцы атрымліваў штомесячна пяць рублёў. На харч яму і жонцы хапала тры рублі. На што ішлі астатнія грошы? На барацьбу супраць таго ж цара-бацюхны! Наіўны быў расейскі імператар.

Так закончыў свой успамін Вячаслаў Дубінка.

Для параўнання: крыху звестак пра месцы зняволення ў Расіі на 1 студзеня 1911 года, аб якіх паведаў у ваенна-гістарычным часопісе “Новый часовой” (Санкт-Петербург, 2010 год) кандыдат гістарычных навук, намеснік рэдактара гэтага часопіса Кірыла Міхайлавіч Аляксандраў. На тую дату ў Расіі ў месцах зняволення ўтрымлівалася 174 733 чалавека, у іх ліку – 1 331 палітвязень, што складала 0,1% насельніцтва краіны.
На 1 студзеня 1939 года ў СССР у лагерах і спецпасяленнях знаходзілася больш за тры мільёны чалавек, у тым ліку 1,6 мільёна так званых “ворагаў народа”. Гэта складала 1,6% насельніцтва ўсёй краіны. Агульная розніца – у 16 разоў, па палітычных вязнях – болей чым у 1 200 разоў!