Колькасць беларускамоўных на Беларусі саступае колькасці рускамоўных. Але колькасць носьбітаў не з’яўляецца вызначальным паказчыкам існавання мовы.

Любая мова і культура, заснаваная на гэтай мове, імкнецца да як мага большага пашырэння. Беларуская мова не з’яўляецца выключэннем. Выкарыстанне беларускай мовы можа альбо пашырацца, альбо звужацца па колькасці носьбітаў ці па сферы выкарыстання. Бяспрэчна, што толькі носьбіты мовы адказныя за яе захаванне, функцыянаванне і развіццё.

 

Колькасць беларускамоўных на Беларусі саступае колькасці рускамоўных. Часта па гэтай прычыне можна пачуць скуголенні: «беларуская мова памірае, нішто ёй не дапаможа, хутка яна зусім знікне». На маю думку колькасць носьбітаў той ці іншай ідэі, у тым ліку мовы, не з’яўляецца вызначальным паказчыкам існавання мовы.

 

«Як жа не з’яўляецца вызначальным?» — запярэчаць мне гундосы, «…падкажыце, дзе можна сустрэць беларускамоўнага ў нашым горадзе? Іх толькі мізэрная кропелька!»

 

Але ніхто не спрачаецца з тым, што беларускамоўныя ёсць, а значаць ёсць носьбіты, і толькі ад іх залежыць будзе мова пашырацца ці звужацца.

 

Істотным з’яўляецца не колькасць, а «якасць», носьбітаў беларускай мовы. А яшчэ больш дакладна, істотным з’яўляецца настрой/жаданне на дзейнасць дзеля пашырэння мовы і магчымасці/здольнасці яе пашыраць у асяроддзі, дзе пануючай з’яўляецца іншая мова, у нашым выпадку руская. Іншымі словамі настрой/жаданне – гэта матывацыя. А магчымасці/здольнасці — гэта навакольныя ўмовы і спосабы пры дапамозе якіх можна дасягаць пастаўленых мэтаў. Разам гэтыя элементы і складаюць “якасць”.

 

Грунтуючыся на заканамернасцях развіцця любой мовы, мэта якая стаіць перад беларускамоўнай супольнасцю: сіламі меншасці асіміляваць рускамоўную большасць.

 

Ці такое магчыма? — спытаеце Вы. Магчыма, паколькі меншасць і раней часта асімілявала большасць. Возмем прыклад славянскіх плямёнаў, якія прыйшлі на нашыя тэрыторыі, дзе пануючай была балцкая мова. У колькасных адносінах славянскае насельніцтва было ў меншасці ды яшчэ і на чужых тэрыторыях. Але гэта была згуртаваная супольнасць, якая мела ўстойлівае жаданне не толькі застацца на гэтай тэрыторыі, але і якасна змяніць пануючае асяроддзе пад сябе. Акрамя гэтага славяне знайшлі спосабы пры дапамозе якіх эфектыўна ўкаранялі сваю мову і культуру ў іншамоўным асяроддзі. Былі створаны ўмовы дзе балцкае насельніцтва, калі так можна сказаць, лічыла перспектыўным і карысным для сябе пераходзіць на славянскую мову.

 

Ці заўсёды атрымліваецца меншасці асіміляваць большасць? Канешне ж не. Прыклад з нашай гісторыі — варагі ад якіх праз некаторы час існавання ў іншамоўным асяроддзі не засталося і знаку. Варагі асіміляваліся ўжо праз пакаленне. І гэта своеасаблівы закон — хто не хоча быць асіміляваны — не будзе, а хто абыякава ставіцца да працэсу перахода з аднае мовы на іншую, ці свядома жадае такога пераходу — асімілюецца вельмі хутка. Існуючым станам і сваёй гісторыяй беларускамоўная, сёння, меншасць падцвярджае, што не хоча быць асіміляванай. Гэтаму сведчыць і існаванне і развіццё беларускамоўных смі, і выданне кніг, і стварэнне структур беларускамоўнага навучання і выхавання і іншыя праявы.

 

Што ж тады трэба рабіць і ці можа беларускамоўная меншасць гэта зрабіць?

 

Для дасягнення мэты пашырэння беларускай мовы і асіміляцыі рускамоўнай большасці трэба як мінімум:

 

1) Прааналізаваць умовы ў якіх знаходзіцца беларуская мова. Прааналізаваць моцныя бакі і небяспекі, якія уплываюць, ці могуць узнікнуць на шляху беларусізацыі. Гэты аналіз варта рабіць на высокім навуковым узроўні, бо ад яго ў значнай ступені будзе залежыць выніковасць нашых далейшых дзеянняў, бо зыходзячы з аналіза сітуацыі акрэсліваецца стратэгія і выпрацоўваецца тактыка дасягнення нашай мэты. А вось для таго каб рабіць такі аналіз зусім няма неабходнасці задзейнічаць вялікую колькасць людзей. Дастаткова некалькіх спецыялістаў, якія ёсць сярод беларускамоўных навукоўцаў і грамадскіх дзеячаў, якія здольны зрабіць аналіз і ў даступнай форме здольны данесці да носьбітаў беларускай мовы вынікі сваіх даследаванняў.

 

2) Удзельнічаць у структурызацыі беларускамоўнай супольнасці. Беларуская мова гэта не толькі арфаграфія, сінтаксіс і слоўнікавы запас, гэта яшчэ і працэсы, структуры якія дазваляюць і дапамагаюць функцыянаваць мове і культуры, дазваляюць трансляваць беларускую мову і культуру ад аднаго пакалення да другога. Грамадскія арганізацыі, нефармальныя суполкі, інтэрнэт-кам’юніці, беларускае радыё і тэлебачанне, беларускія газеты, школы, садкі, інтэрнэт-рэсурсы патрэбныя для таго каб беларуская мова мела апору і сістэму якая магла б гэтую мову падтрымліваць і развіваць. Кожны беларус можа альбо заснаваць суполку, нефармальную групу сяброў ці інтэрнэт суполку, альбо стаць актыўным ўдзельнікам гэтых суполак. Можа ўдзельнічаць у стварэнні матэрыялаў для газет, радыё, інтэрнэт-рэсурсаў ці проста выпісваць, слухаць ці даваць ахвяраванні на іх утрыманне. Важна не колькасць людзей у гэтых структурах, а важна як шмат гэтыя структуры сваімі сіламі здольны зрабіць. А вынік дзейнасці не заўсёды звязаны з колькасцю сябраў.

 

Структурызацыя звязаная з такімі з’явамі як павышэнне згуртаванасці і салідарнасць сярод беларускамоўнай супольнасці. Гэта дасягаецца праз пашырэнне і замацаванне агульных каштоўнасцей, агульных традыцый, праз удзел у структурах і пастаянную камунікацыю. Інтэрнэт-рэсурсы і стаўшыя ўжо традыцыйнымі спатканні, ці ладжанне святаў Калядаванняў, Беларускіх Елачак, Купалля і іншых, дзе кожны беларус можа прыняць удзел альбо ў якасці арганізатара, альбо ў якасці актыўнага ўдзельніка. Тут істотным з’яўляецца не колькасць людзей, а наколькі яны адчуваюць блізкасць адзін аднаго і здольны на ахвярныя дзеянні ў інтарэсах свайго калегі. Сумесная дзейнасць і пастаянная камунікацыя павінна быць накіравана на ўмацаванне такіх сувязяў.

 

3) Пашырэнне беларускасці праз далучэнне новых людзей.Часта беларусізацыю разглядаюць як працэс дзе адначасова і прынцыпова ў адзін момант змяняецца ўсё (напрыклад татальны пераход усіх на беларускую мову). Але падобныя погляды на беларусізацыю памылковыя і могуць быць нават шкоднымі. Не варта грэбаваць самымі простымі шляхамі пашырэння сваіх ідэяў і сваёй мовы: пашыраць беларускую мову ў навакольным для нас асяроддзі. Далучайце да беларускай мовы сваіх сваякоў, лепшых сяброў, жонак, дзетак, суседзяў, калег па працы. Далучаць можна тых хто бліжэй за ўсё да нас і хто такім чынам можа да нас прыслухоўвацца. Не варта зводзіць беларусізацыю толькі да падобнага спосабу пашырэння, але трэба памятаць, што гэты спосаб дазваляе пашыраць беларускасць і не патрабуе вялікіх высілкаў і вялікай колькасці людзей. Гэты спосаб патрабуе толькі канкрэтных намаганняў канкрэтнай асобы. Калі пагадзіцца, што беларускай мовай у Беларусі, у той ці іншай ступені карыстаецца прыблізна 1,2 мільёны чалавек, то калі кожны з нас далучыць да беларускай мовы толькі па адным чалавеку, гэта ўжо будзе больш за 2 мільёны чалавек. Пагадзіцеся, гэта вынік.

 

***

 

Любая супольнасць уладкавана такім чынам, што ёсць нейкая частка людзей, як правіла невялікая па колькасці, якая выступае за дасягненне нейкай мэты. Ёсць частка людзей якая адназначна супраць гэтай мэты. І трэцяя частка, большасць насельніцтва, якая нават не задумваецца пра тое трэба ці не тая мэта, ставіцца да мэты абыякава.

 

Вынік змагання часткі насельніцтва, якая выступае за нейкую мэту і часткі насельніцтва, якая выступае супраць, заключаецца толькі ў спробах схіліць на свой бок крытычную масу гэтай абыякавай большасці. Схіліць на свой бок дапамагае: правільнае разуменне навакольных умоваў у якіх давядзецца дзейнічаць, правільна абраная стратэгія і тактыка; належным чынам структураваная супольнасць з неабходнай ступенню салідарнасці і ўзаемападтрымкі, што дазваляе найбольш эфектыўна дзейнічаць у існуючых навакольных умовах і вырашаць бягучыя задачы; абранне найбольш эфектыўных спосабаў данясення патрэбных мэсыджаў, ведаў, іншай інфармацыі да часова абыякавых, выпрацоўка больш пераканаўчых аргумантаў на карысць сваёй пазіцыі. Выйграе той, хто рэкрутаваў абыякавую большасць на свой бок. А ўсе гэтыя рэчы не абавязкова залежаць ад колькасці людзей. Нават малая група можа дасягнуць вельмі значных вынікаў.

 

Першых хрысціян, вучняў Хрыста, было толькі дванаццаць. Сёння значная частка насельніцта з’яўляецца адэптамі іх ідэяў. У беларускамоўнай меншасці ёсць шанцы для рэкрутавання большасці абыякавых пад свае сцягі, для гэтага трэба толькі мэтанакіравана дзейнічаць тымі сіламі якія ёсць.

 

 

http://ikuzminich.livejournal.com