Мастацкія тэксты, дзе фрывольна гуляюцца з цытатамі класікаў ды нібыта дзеля высокай мэты прыцягненьня чытачоў-неафітаў жанглююць шырокавядомымі радкамі, на маю думку, маюць нейкі сэнс толькі тады, калі ў выніку яны стымулююць альбо да перачытваньня зыходнікаў, альбо да палемікі.

У іншым выпадку, калі гэта сьцёб дзеля сьцёбу (ці, тупа, – “маркетынг”), у нашай цяперашняй сітуацыі гэта недапушчальна (ня буду ўжываць эмацыйны пасаж “скокі на касьцях”).

Сама па сабе дэсакралізацыя зьява натуральная. Кшталту разьвянчаньня культу асобы незаслужана высока залезлых на Парнас “класікаў”. Як вынік закону захаваньня энэргіі. Як прага да балансу, справядлівасьці й да т.п.

У піцерскіх філолагаў даўно па ўсіх гамбургскіх рахунках дэсакралізаваны Пушкін – і Пушкін-аўтар, і Пушкін-чалавек (лянота шукаць лінкі). Бліскучую дэсакралізацыю зьдзейсьніў Акунін у рамане “Ф.М.” альбо ў п’есе “Чайка”. Пры тым, мала хто папракне Г.Ш. Чхарцішвілі ў скоках на касьцях, бо і праца каласальная прароблена, і звышзадача – “новае прачытаньне”, прыцягненьне неафітаў і г.д. – выкананая…

Асабіста для мяне і Колас, і Купала, і, скажам, Чорны – гэтак жа, як і, напрыклад, Чэхаў ці які-небудзь Бальзак, – класіка, адкладзеная “на потым”. Тлумачу. На філфаку асноўны корпус тэкстаў быў прачытаны, але глыбака не асэнсаваны, то бок прагартаны хутчэй дзеля заліку, а ня дзеля нейкай там асалоды. Покуль жа, пэўна, час не прысьпеў. Ды й хапае іншых турбот. Пару разоў браўся за “Зямлю” Чорнага й адкладаў. На потым)

Дык вось. Усё, што пакуль адбываецца ў плане дэсакралізацыі й рэзаньня нашых “сьвятарных кароў” – чыстае вады прафанацыя, вынік вось такога павярхоўнага прачытаньня, і, у лепшым разе, маркетынг. Адзіная карысьць ад усяго гэтага – дыскусія пост-фактум, калі дасьведчаныя дзядзькІ, пардон, адрываюць азадкі й дастаюць з (ізноў пардон) запыленай похвы свае заіржавелыя дзіды-асадкі…