«Быў у нашым родзе дзядзька,  мамін брат Крывулька Павел. Была ў яго жонка, немка Ганна. Хіба яны думалі пра геройства, калі ратавалі габрэяў і беларуса-камуніста ад расстрэлу?» — распавяла Марыя Балаба, калі я прынёс фотаздымак яе мужа са святкавання Дня Перамогі.
Беларусаў з жонкамі-немкамі, якія ратуюць ад расстрэлу габрэяў і камуністаў, было ў час Айчыннай вайны няшмат.

З палону — з жонкай і дачкамі

– Нарадзілася я ў 1930 годзе ў вёсцы Заўшыцы. Калі пачалася вайна, мне пайшоў адзінаццаты год. Дзядзьку Паўла з яго немкай помню добра. У тую імперыялістычную вайну дзядзька трапіў у палон да немцаў, там ажаніўся. У дваццатыя гады вярнуўся ў Беларусь з жонкай і дзвюма дачкамі: Лізай і Эляй. Тут у 1927 годзе нарадзіўся сын Коля. Яны пабудавалі двухпавярховы дом у Заўшыцах.

Па-суседску з імі жыў Іван Клішэвіч, камуніст і савецкі актывіст. Паміж сем’ямі было вялікае сяброўства, якое не згубілася, калі дзядзька Павел перад самай вайной перавёз сваю хату ў Красную Слабаду. Прычына гэтаму была вельмі смешная: да старэйшай дачкі заляцаўся суседскі хлопец, які вельмі не спадабаўся Ганне ды і бацьку.

Ужо майструюць шыбеніцу

Калі прыйшлі немцы, першы камендант Краснай Слабады жыў на кватэры ў дзядзькі Паўла. Гаспадар валодаў нямецкай мовай, а немцам было вядома, што гаспадыня – немка. Пакуль жыў, паміж кватэрантам і гаспадарамі завялося знаёмства. Хутка камендант пераехаў на асобную кватэру, што дало магчымасць Паўлу і Ганне хаваць у сваім хляве габрэяў.
Аднойчы да дзядзькі Паўла прыйшоў паліцэйскі і кажа: «Івана Клішэвіча з вёскі Заўшыцы схапілі паліцаі і ўжо майструюць шыбеніцу. Начальнік паліцыі вёў яго на допыт міма шыбеніцы і сказаў, што гэта для яго».

Ад такой навіны дзядзька Павел расхваляваўся. Перамовіўшыся з жонкай, вырашыў ісці да каменданта. Прасіць літасці было нельга, таму звярнуўся да яго з прашэннем аб дазволе расстраляць камуніста Івана Клішэвіча сваёю рукою. Гэту ідэю падказала яму Ганна.Марыя Балаба расказала пра свайго дзядзьку, які ў вайну ажаніўся на немцы і выратаваў ад расстрэлу габрэяў і беларуса-камуніста.

Абняліся і развіталіся

Камендант узрадаваўся і даў загад кіраўніку паліцыі здзейсніць гэта. Аб тым, што дзядзька Павел сябруе з камендантам, паліцаі добра ведалі. Вось прыходзіць дзядзька ў пастарунак, паліцаі вітаюць па стойцы «Смірна». «Каторы тут камуніст, вывесці да мяне і даць вінтоўку», – кажа начальніку паліцыі. Той рад старацца.

Дзядзька выводзіць з пастарунку сябра Івана ды пінка яму пад зад, каб бачылі паліцаі. А тыя радыя, што ёсць такі памагаты. У лесе яны абняліся і развіталіся. Дзядзька тройчы стрэльнуў, каб чулі паліцаі. Іван пайшоў да партызан, пасля ваяваў у рэгулярным войску, з вайны вярнуўся ў родную вёску. Сустрэліся сябрукі праз некалькі гадоў пасля вайны.

Ведаюць з кніжак

Калі немцы ўцякалі, Павел з жонкаю і двума малодшымі дзецьмі паехалі з імі. Ганна не хацела, але Павел стаяў на сваім, і тая паслухалася. Яго двухпавярховую хату  савецкая ўлада аддала пад лякарню.
Вярнуліся яны ў Беларусь праз некалькі гадоў пасля вайны. Улада аддала ім хату. Толькі доўга жыць не давялося – хутка памерлі. Цяпер ужо няма і іх дзяцей таксама. Адзін унук жыве ў Краснай Слабадзе, другі – у Мінску. Але добрых стасункаў паміж імі няма. Гэта новыя, маладыя людзі, якія ведаюць пра той час з кніжак, а можа і зусім не ведаюць.

***

Марыя Самсонаўна змоўкла і дабавіла: «Жылі і не думалі пра геройства». Жыхар Краснай Слабады з 1941 года Бараноўскі Анатоль Іосіпавіч, пенсіянер, настаўнік падцвердзіў гэтую гісторыю. Пра яе ведалі шмат хто са сталых жыхароў Краснай Слабады.