Прызнаюся, што з самага пачатку размовы з Лявонам Баршчэўскім быў літаральна шакіраваны, бо ніколі не сустракаў такога, каб палітык прызнаваў свае памылкі. Больш за тое, сам пачынаў пра іх расказваць. Звычайна бывае з дакладнасцю да наадварот. На мой погляд, менавіта ў гэтым і палягае адна з прычын таго, што мы ўжо 19 год безвынікова змагаемся з «дыктатарскім рэжымам»…

Дзіцяча-юнацкі позірк

“Мне пашанцавала нарадзіцца побач з полацкім Сафійскім саборам. Усяго нейкія чатырыста метраў. Штодня, ідучы ў школу, праходзіў міма велічнага будынка, які на той момант быў, мякка кажучы, не ў прывабным стане. Частку будынка займаў архіў, частка ўвогуле была нікому не патрэбнай. Пад дахам помніка нашай цудоўнай спадчыны і гістарычнай гордасці лёталі галубы…

Усе мае продкі былі без вышэйшай адукацыі. Я і старэйшы брат Вадзім (1950 года нараджэння) былі ў гэтым сэнсе першымі ў родзе. Ёсць у мяне і яшчэ адзін старэйшы брат Мікалай, які нарадзіўся ў 1953 годзе. Каля 40 гадоў ён працуе на Наваполацкай ЦЭЦ, нават пасля выхаду на пенсію. Дарэчы, шмат гадоў да таго, а потым і разам з ім там адпрацаваў і мой бацька Пётр Мікалаевіч.

Бацька з сялянскай сям’і, з Дрысеншчыны, непадалёк ад Полацка. Напэўна, ён меў нейкія творчыя здольнасці, бо, калі заснавальнік Купалаўскага тэатра Фларыян Ждановіч ездзіў па вёсках і шукаў таленты, то выбар прыпаў і на яго, але дзед Мікалай нікуды сына не пусціў. Маўляў, трэба займацца гаспадаркай.

У час Першай сусветнай вайны дзед Мікалай трапіў у нямецкі палон і тры гады працаваў у баўэра ва Усходняй Прусіі. Навучыўся там гаспадарыць, і, калі пачаліся нэп і палітыка бальшавіцкай “лібералізацыі”, ён сваім потам змог перайсці з батракоў у “серадняцкае” саслоўе.

Аднак з пачаткам у 1929 годзе “вялікага пералому” яму хапіла своеасаблівай жыццёвай мудрасці не ваяваць з бальшавіцкай сістэмай, а добраахвотна аддаць усё дабро ў камуну, якая потым стала калгасам. Маўляў, “хай там што хочуць з гэтым робяць”. Такім чынам, яны засталіся фактычна без нічога, затое пазбеглі рэпрэсій.

Акрамя гэтага, калі падрос мой бацька (1914 г.н.), яны з дзедам Мікалаем самыя змрочныя часы калектывізацыі і раскулачвання “пераседзелі” ва Уладзівастоку, дзе працавалі партовымі грузчыкамі.

Праз пэўны час вярнуліся дамоў. Потым бацька закончыў Полацкі аўтатрактарны тэхнікум і атрымаў прэстыжную тады прафесію механізатара. Тры гады служыў “тэрміновую”, звольніўся, але ў запасе быў толькі адну ноч. Неўзабаве, дакладней — 17 верасня 1939 года, пачаўся “вызваленчы паход” Чырвонай Арміі. У Заходнюю Беларусь ён не трапіў, але служыў памочнікам ваеннага камісара ў Заслаўі, у тым ліку выконваў абавязкі цэнзара ўсіх мясцовых друкаваных выданняў, перажыў там, паводле ўласнага прызнання, “больш страху, чым пазней на вайне”. Потым былі курсы “Выстрал”, вайна, акружэнне, праверкі асобага аддзела, камандаванне ўзводам на Сінявінскіх балотах пад Ленінградам, зняццё блакады, штурм Кёнігсберга і перавод у Маньчжурыю.

Адтуль ён у званні маёра і звольніўся ў запас. Гэтым разам канчаткова. Першая жонка да таго часу з ім развіталася, і бацька зноў ажаніўся.

Маю маці звалі Аляксандра Дзяменцьеўна Сосніна. Паводле пашпарту была рускай: яе продкі з кубанскіх казакоў. Напэўна, адсюль і такі баявы характар. Шэрых колераў у яе ацэнках ніколі не было — толькі белы і чорны.

Пасля вайны бацьку прапаноўвалі стаць намеснікам начальніка Віцебскай абласной міліцыі, але маці не пусціла, бо баялася: у лясах яшчэ было шмат “узброеных фарміраванняў”. Уся яго далейшая кар’ера пайшла па лініі сельскай гаспадаркі. Цікава, што Мікалай Дземянцей, якому мне потым давялося пэўным чынам супрацьстаяць як палітыку, некалі быў сярод яго падначаленых.

Вышэйшай адукацыі, паўтаруся, у яго не было, таму адзнакай вяршыні кар’ернага росту стаў запіс у працоўнай кніжцы пра пасаду начальніка полацкага “Аўтатрактарзбыту” (папярэднік райсельгастэхнікі), а пасля рэарганізацыі пачатку 1960-х гадоў бацька ўвогуле адтуль звольніўся і перайшоў працаваць на ЦЭЦ у Наваполацк начальнікам аддзела збыту.

Яшчэ ў дзяцінстве я пачаў крыху зарабляць. Падчас хрушчоўскіх “рэформаў” усе суседзі па некалькі разоў ставілі мяне ў чэргі па хлеб, цукар і г.д., бо там прадукты выдавалі “на чалавека”. Узамен людзі давалі мне альбо частку купленага харчу, альбо нейкія цукеркі.

Акрамя гэтага, запомнілася, што я ў дзяцінстве выдаваў газету. Мы жылі ў прыватным сектары (полацкі раён Запалоцця), таму мая газета называлася “Запалоцкі веснік”. Я вешаў яе на слупе адзінага аўтобуснага прыпынку ў адзіным рукапісным варыянце. Збіраў туды ўсе мясцовыя плёткі. Людзі (практычна ўвесь наш раён) чыталі і вельмі актыўна абмяркоўвалі. Бывала, нават прыходзілі да бацькоў сварыцца.

Калі ў мяне з’явіўся фотаапарат “Змена-8М”, стаў рабіць для газеты здымкі. Гэта доўжылася некалькі гадоў. Напэўна, была нейкая ўнутраная патрэба нешта пісаць, нешта некаму даводзіць.

Можна лічыць гэта першым маім журналісцкім досведам…

Прафесійны арыенцір

…У школе я ўсе гады быў выдатнікам. Па гэты момант не ведаю, з якой прычыны ў Віцебскім абласным аддзеле адукацыі ўзніклі пытанні да маёй выпускной пісьмовай работы па алгебры, але мой залаты медаль “замылілі” і паступаць у ВНУ мне прыйшлося “на агульных падставах”.

Брат Вадзім раіў абраць Маскоўскі інстытут міжнародных зносін, але для паступлення тады былі неабходны вельмі сур’ёзныя партыйна-камсамольскія рэкамендацыі, а іх сабраць я банальна не паспяваў. Быў яшчэ факультэт скандынаўскіх моў Ленінградскага ўніверсітэта, але на яго набіралі толькі раз у два гады. Мне з гэтым не пашанцавала.

Мне падыходзіла пара ісці ў войска, і таму я вырашыў не рызыкаваць. Выбар выпаў на Мінскі інстытут замежных моў. Усе ўступныя экзамены здаў на пяцёркі і стаў студэнтам факультэта, які рыхтуе настаўнікаў нямецкай і англійскай моў.

Дарэчы, на той час я мог выбраць любую іншую галіну, бо, напрыклад, быў пераможцам гарадской алімпіяды па хіміі, заняў другое месца на алімпіядзе па астраноміі і г.д., а “моўны” выбар быў абгрунтаваны перш за ўсё тым, што маці і брат Вадзім прывучылі мяне да чытання. Чытаў шмат, асабліва па-нямецку, у тым ліку, напрыклад, і “Майстра і Маргарыту” Булгакава, бо здабыць рускамоўны варыянт гэтай кнігі ў той час было немагчыма.

Першы свой пераклад я зрабіў у сёмым класе. Прычым адразу на беларускую мову, хоць маці выхоўвала мяне дома па-руску.

У школе больш-менш свабодна я мог чытаць на трох мовах — нямецкай, англійскай і польскай. Цяпер іх больш за дваццаць пяць. Але я не кажу, што гавару на ўсіх гэтых мовах, бо, каб добра гаварыць на мове, патрэбна пастаянная жывая практыка.

Калі я пачаў вучыцца на філолага, то вырашыў стаць сапраўдным прафесіяналам, а гэта якраз і азначае найперш веданне шмат якіх моў і ўменне працаваць з тэкстамі. Мяне заўсёды забаўляла, што часам у нас “трапляліся” філолагі, якія па-сапраўднаму не ведалі ніводнай мовы, а рабіліся потым ледзь не акадэмікамі… На жаль, у беларускай гісторыі былі і такія…

Рос я ў досыць ліберальным асяроддзі. “Замежныя галасы” мы слухалі штодзённа. Наша “ВЭФ-Спідола” лавіла іх вельмі добра. Былі толькі праблемы з радыё “Свабода”, а вось “Голас Амерыкі” і “Нямецкую хвалю” слухалі амаль без перашкод. Той жа “Архіпелаг ГУЛАГ” Салжаніцына я ўпершыню праслухаў менавіта на “Голасе Амерыкі”.

Бацька, хоць сам быў партыйны, вельмі крытычна ставіўся да кіраўніцтва, з якога “сыплецца пясок”, і раіў мне ніколі ў КПСС не ўступаць. І я гэты запавет (бацька памёр у 1983 годзе, на шэсць гадоў пазней за маці) я выканаў.

А вось у камсамоле я быў, нават узначальваў там цэлы школьны камітэт камсамола (некалькі соцень членаў).

У тыя часы я шчыра лічыў, што з дапамагай маладых і энергічных камсамольцаў у краіне можна нешта змяніць. А потым, дзякуй Богу, ва ўсім разабраўся.

У жыцці я шмат зрабіў памылак, але ад некаторых лёс мяне выратаваў. Напрыклад, я не пайшоў працаваць у Міністэрства замежных спраў, куды Пётр Краўчанка прыманьваў вельмі прывабнымі кар’ернымі перспектывамі. Не стаў бы дыпламатам, а педагагічныя навыкі страціў бы.

Не пайшоў я таксама служыць афіцэрам-палітработнікам у Савецкую Армію, хоць сярод маіх аднакурснікаў гэта лічылася шчасцем, якое вызваляла ад “адпрацоўкі” ў якой-небудзь вёсцы. Усе ішлі служыць з вялікім задавальненнем, бо служыць трэба было ва Усходняй Германіі. За шмат год я быў, відаць, адзіным выпускніком, які адмовіўся ад такой прапановы.

Паколькі ў “размеркавальным” спісе Мінскага інстытута замежных моў я як абсалютны выдатнік ішоў першым, то мог нешта выбіраць. Размеркавалі мяне ў Бабруйск, у нейкае ПТВ, аднак там (як высветлілася потым) вакантных месцаў не было, таму мяне там з радасцю адпусцілі ў родную полацкую сярэднюю школу №10, дзе я пачаў працаваць настаўнікам.

У канцы першага года працы я прачытаў абвестку пра тое, што Наваполацкі політэхнічны інстытут (ад Полацка да Наваполацка каля 10 км. —- Заўвага аўтара.) аб’яўляе конкурс на вакансію выкладчыка нямецкай і англійскай моў, і вырашыў падаць туды дакументы. Але ж заставаліся яшчэ два “неадпрацаваныя” гады. На “адмацаванне” быў патрэбны дазвол Міністэрства адукацыі. Хутка мне ўдалося яго атрымаць, і я пасля вайсковых збораў даведаўся, што ў гэтым конкурсе перамог.

З канца жніўня 1981 года я пачаў працаваць на інстытуцкай кафедры замежных моў. Як самага маладога мяне ўвесь час са студэнтамі пасылалі “на бульбу” і даручылі выкладаць у тым ліку і на вячэрнім аддзяленні.

Менавіта гэта добра дапамагло мне пазней на выбарах у Вярхоўны Савет БССР, бо ўсе студэнты там — сталыя, салідныя, уплывовыя людзі, якія свае школы закончылі даўно, а да нас прыйшлі па “корачку” аб вышэйшай адукацыі.

Безумоўна, каб мае студэнты здавалі залікі, мы займаліся і нямецкай мовай, але нямала размаўлялі, як кажуць, за жыццё, абмяркоўвалі тое, што адбываецца ў краіне.

У 1984 годзе я паступіў у аспірантуру, праз тры гады вярнуўся ў Наваполацк, дзе мне далі пасаду старэйшага выкладчыка. Абараніўся я ў 1989 годзе. Падчас абароны кандыдацкай па лінгвістыцы тэксту, дарэчы, не было ніводнага “чорнага шара”, г.зн. усе сябры Вучонай рады прагаласавалі “за”.

Палітычны вектар

Другая палова васьмідзясятых гадоў была шмат для каго моцным інфармацыйным шокам. Прыкладам, калі ў “ЛіМе” з’явіўся артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты — дарога смерці”, я студэнтам усіх дзесяці груп, дзе вёў англійскую і нямецкую мовы, яго ўголас прачытаў, часткова ахвяраваўшы дзеля гэтага заняткамі.

На “Дзяды” 1988 года хацеў ехаць абавязкова, але мне на гэты суботні дзень (можа, выпадкова…) паставілі дадатковыя заняткі са студэнтамі.

На той момант Наваполацк быў самым забруджаным горадам Беларусі. І вінаваты ў гэтым быў не толькі ўсім вядомы “Нафтан”. Самым сур’ёзным забруджвальнікам навакольнага асяроддзя быў завод бялкова-вітамінных канцэнтратаў. Невыпадкова, што ў нас і нарадзіўся моцны экалагічны рух.

Аснову яго складалі “тэхнары”, якім не хапала нейкага інтэлектуальнага пачатку — каб, напрыклад, складаць лісты ў розныя інстанцыі, рэзалюцыі, звароты. Яго ролю і выконвала літаб’яднанне “Крыніца”, дзе мы былі разам з Уладзем Арловым, Сержуком Сокалавым-Воюшам, Вінцэсем Мудровым…

Хачу, каб гісторыкі ведалі, што самы першы масавы мітынг пратэсту на беларускай зямлі адбыўся не ў Мінску, а ў Наваполацку. У 1987 годзе там на плошчы Будаўнікоў сабралася ці не 10 тысяч народу. З Віцебска прыехаў першы сакратар абкама партыі Уладзімір Грыгор’еў, якога адразу так “абсвісталі”, што ён быў вымушаны з ганьбай уцякаць.

Праз некалькі дзён адбылося пасяджэнне бюро ЦК КПБ, горад перавялі ў вышэйшую катэгорыю забеспячэння прадуктамі харчавання, увялі адпаведныя льготы, а ўсе фільтры ачысткі водаправоднай вады, што паступалі ў Беларусь, вырашылі накіроўваць толькі сюды. Можна толькі здагадвацца, як моцна гэта падняла сярод людзей наш аўтарытэт.

Калі пазней ствараўся Беларускі Народны Фронт, “зялёныя” да нас далучыліся практычна ўсе. У 1989 годзе пачаў працаваць Дэмакратычны форум. На выбарах народных дэпутатаў СССР мы яшчэ не выстаўлялі свайго кандыдата, але Мікалай Дземянцей у Наваполацку іх прайграў (перамогу ва ўсёй акрузе яму забяспечылі суседнія раёны).

Затое на выбарах 1990 года ў Вярхоўны Савет БССР мы перамаглі, як кажуць, у адну брамку (тры з трох); пасля мясцовых выбараў восем чалавек трапілі ў абласны Савет, а ў гарсавеце мы сумелі стварыць даволі буйную фракцыю (амаль палова месцаў).

Шчыра кажучы, я не збіраўся ісці ў дэпутаты. У нашай выбарчай акрузе павінен быў балатавацца вядомы паэт і бард Сяржук Сокалаў-Воюш, але перад другім турам “сходу грамадзян”, якія вызначалі кандыдатаў, гэтыя самыя грамадзяне “разбрыліся” і неабходны кворум знік. З трохсот неабходных засталіся толькі 292 чалавекі. Сяржук перамагаў, але сам сход прызналі несапраўдным.

Давялося на дэпутацкі мандат прэтэндаваць мне. Пагадзіўся. Перш за ўсё, каб не даць дарогу шалёнаму беларусафобу і расійскаму шавіністу дацэнту марксісцка-ленінскай філасофіі Емяльянаву, якога вылучыла партбюро нашага інстытута.

Гэта быў самы пачатак студзеня 1990 года.

Вядома ж, партыйныя структуры, мякка кажучы, мне не спрыялі, але далёка не ўсе прытрымліваліся афіцыйных поглядаў. Асобна ў гэтым сэнсе хачу адзначыць Генадзя Мікалаевіча Бураўкіна. Партыйцы вызначылі яго “ў піку” мне, на маю акругу. Знакаміты паэт добра разумеў: заўчасная адмова будзе азначаць тое, што адразу знойдуць больш падатлівага чалавека — і “цягнуў” з адказам. Адмовіўся толькі ў апошнюю хвілю, перайшоўшы на вольную акругу ў Полацк. І мяне выбралі народным дэпутатам ад Наваполацка, хоць канкурэнцыю мне складалі пяць сапернікаў на чале з першым сакратаром гаркама партыі Уладзімірам Панталёвым.

Калі я прыехаў на ўстаноўчую сесію Вярхоўнага Савета, у Мінску ўжо пачаў працаваць “Дэмакратычны клуб”. Менавіта там я першы раз пасля першага з’езда БНФ у Вільнюсе блізка ўбачыў Зянона Пазьняка. А калі я першы раз уваходзіў у будынак Вярхоўнага Савета, нават адчуваў нейкі страх…

Эмацыйныя памылкі

Я — чалавек вельмі эмацыйны. Усё моцна перажываю. Часта па драбязе, якая ў маіх вачах перарастае з праблемы ў звышпраблему. Праўда, пасля іх вырашэння часта бачыш, што ўсё было не так і трагічна…

Бывала, прапановы шчырых людзей дапамогі і сяброўства я не прымаў, а, наадварот, верыў тым, хто потым “падстаўляў” альбо з самага пачатку меў нячыстыя намеры.

Гэта непрыемна адмоўная рыса, якая, дарэчы, так і не дала магчымасць мне здзейсніцца як палітыку. Гавару гэта цалкам адказна. На мяне ўплывалі людзі, якім не трэба было даваць на сябе ўплываць.

Да таго ж я зашмат верыў у сілу інтэлектуальнага чынніка. Маўляў, праз адукацыю народ выхаваецца і нам удасца змяніць яго ментальнасць.

Апошнія 20 гадоў паказалі, што гэта не так проста. Менталітэт складаецца стагоддзямі, і за кароткія тэрміны яго змяніць немагчыма…

Калі прааналізаваць апошнія дзесяцігоддзі майго жыцця, то там хутчэй быў ланцуг памылак, а не поспехаў.

Вось, напрыклад, адна з тых, што датычыла маёй дэпутацкай дзейнасці. Пасля правалу путчу і прыпынення Гарбачовым дзейнасці кампартыі была наступная сітуацыя.

У сярэдзіне пазачарговай сесіі мы стаялі ў калідоры Дома ўрада. Падышоў спадар Кебіч і кажа: “Буду падаваць у адстаўку”. Дэпутат-касманаўт Уладзімір Кавалёнак стаў яго адгаворваць: маўляў, “на каго вы нас пакідаеце”, “вы адзіны, хто ў такі цяжкі час можа ўзначальваць урад”.

Упэўнены, калі б я тады “падключыў” усіх астатніх, Кебіча можна было адправіць у адстаўку. А я ж заняўся чыста кулуарнай работай, пабег да Генадзя Карпенкі пытацца, ці згодны ён узначаліць урад, калі “пад шумок” мы прапануем яго кандыдатуру. Генадзь быў згодны, але, калі я вярнуўся назад, Кавалёнак, які тады ўваходзіў у Дэмклуб, ужо ўгаварыў Кебіча нікуды не сыходзіць.

Хто ведае — можа, гісторыя нашай краіны 25 жніўня 1991 года магла пайсці зусім іншым шляхам. Бо Генадзь Карпенка, магчыма, здолеў бы знайсці агульную мову і з наменклатурай, і з Зянонам Пазьняком (апошняга ён вельмі глыбока паважаў).

Яшчэ адна вялікая памылка звязана з тым, што я пагадзіўся ўзначаліць БНФ пасля ад’езду Пазьняка ў эміграцыю. Не здолеў яму запярэчыць, бо сам Зянон у патаемным месцы пакінуў канверт, дзе напісаў, што бачыць сваім “пераемнікам” толькі мяне.

Але ж у мяне не было і няма патрэбнай харызмы кіраўніка. Паводле натуры я чалавек вельмі адказны і “фронт работ” выконваю заўсёды. Аднак, калі мяне не слухаюцца, усё за іншых спрабую рабіць сам. А, як вядома, усё зрабіць самому немагчыма фізічна. Ты будзеш кепскім лідарам, калі не прымусіш працаваць іншых. На жаль, са мной так і адбывалася…

Мабыць, гэта і не прадухіліла раскол БНФ у 1999 годзе. Можа, калі б на чале стаяў нехта іншы, яго ўдалося б пазбегнуць…

Дадаць хацелася б і пра яшчэ адну памылку — ужо не толькі маю, але і маіх аднадумцаў. Часам мы падманваліся таму, што менавіта і хацелі падманвацца. А дзейнічаць трэба было больш прынцыпова, рашуча, жорстка. Асабліва адносна партыйнай наменклатуры. На словах яны часам былі за нас, а ў рэальнасці ўсё рабілі супраць.

Такіх прыкладаў было шмат. Нагадаю толькі адзін з іх. У 1994 годзе з Зянонам Пазьняком мы прыехалі ў адзін з раёнаў. Заходзім у кабінет старшыні выканкама. На стале — партрэт Пазьняка і яго кніга (“Зянон Пазьняк: сапраўднае аблічча”). Мясцовы начальнік тады папрасіў аўтограф, а калі нас у 1995 годзе ў парламенцкім будынку брутальна збілі, ці не ён жа назаўтра з нянавісцю крычаў: “Так вам і трэба!” (самога яго, дарэчы, Лукашэнка на пасадзе ўсё адно не пакінуў).

Так што не магу пагадзіцца з пэўнымі пасажамі мемуараў таго ж паважанага Пятра Краўчанкі. З наменклатурай мы працавалі (застаючыся, вядома, на сваёй ідэйнай платформе), і ніхто нікога не палохаў. Наша віна ў тым, што мы кепска разбіраліся ў людзях і не праяўлялі належнай пільнасці. Асабліва наконт магчымай здрады.

У 2007 годзе, калі я зноў узначаліў БНФ, гэта аказалася яшчэ адной маёй фатальнай памылкай. Як вядома, немагчыма “двойчы ўвайсці ў адну і тую ж ваду”, а я паспрабаваў гэта зрабіць. Перш за ўсё для таго, каб не даць выбрацца Алесю Міхалевічу. Безумоўна, чалавек ён здольны, але занадта амбіцыйны. І не выпрабаваны жыццём. Калі ты ўвесь час займаўся толькі “трэцім сектарам”, немагчыма быць аўтарытэтам у вачах людзей, якія працавалі на заводах альбо выкладалі ва ўніверсітэтах ці займаліся навукай у Акадэміі навук. Менавіта такія АСОБЫ і складалі ў той час аснову БНФ. Сёння ж, гледзячы на склад цяперашняга кіраўніцтва Партыі БНФ, хочацца плакаць: там фактычна няма ніводнага сябра аргкамітэта БНФ 1988 года, ніводнага дэпутата 12-га склікання, ніводнага сябра першых соймаў Фронту, ніводнага чалавека, які быў бы аўтарытэтам на месцы асноўнай працы.

У 2007 годзе я такі крызіс прадчуваў і, як той камікадзэ, “кінуўся на амбразуру”. Зноў-такі на эмоцыях, а іх у такіх рэчах быць не павінна.

Так ці інакш, майго аўтарытэту не хапіла, каб навесці там парадак. А столькі шчырых і здольных фронтаўцаў звязвалі са мной надзеі, якіх я не спраўдзіў…

Наогул, цвяроза ацэньваючы пройдзены жыццёвы шлях, мушу прызнаць: памылак у сваім жыцці я зрабіў больш, чым нечага станоўчага.

Адчуванне несапраўднасці

Дзень пачатку маскоўскага путчу 19 жніўня 1991 года. З усіх нашых дэпутатаў бліжэй за ўсіх да будынка Вярхоўнага Савета жыў я, таму, як толькі даведаўся пра путч у Маскве, прыйшоў туды самы першы. Каля восьмай раніцы.

У мяне ўжо як бы быў досвед у справе надзвычайнага становішча. 9 снежня 1981 года я вёў у сваім інстытуце заняткі па нямецкай мове. Раптам пастукалі ў дзверы, пасыльны з ваенкамата ўручыў мне позву і квіток на цягнік да Мінска. Мяне нечакана выклікалі ў штаб Беларускай ваеннай акругі.

Там узгадалі маё анкетнае веданне польскай мовы і пачалі рыхтаваць неабходныя мабілізацыйныя дакументы. Вайсковыя начальнікі сказалі, што сітуацыя ў Польшчы “вельмі складаная”, што ім патрэбна аналітычная інфармацыя пра тое, што там адбываецца.

Мяне і яшчэ некалькіх чалавек зрабілі як бы “аналітыкамі”. Мы аператыўна рабілі агляды польскіх СМІ, у тым ліку і апазіцыйных, накшталт “Тыгодніка Салідарнасць”, слухалі незалежнае радыё, глядзелі відэафільмы і рыхтавалі даведкі, якія потым аналізаваліся “наверсе”.

Дзякуючы гэтаму я, па-першае, набраўся пэўных сімпатый да таго, што рабіла польская “Салідарнасць”, а па-другое, добра ўяўляў сабе, як уводзіцца ваеннае становішча: танкі на вуліцах у Польшчы з’явіліся ў першыя хвіліны ваеннага становішча. І вось у дзень пачатку маскоўскага путчу я адразу ж падбег да акна і ўбачыў, што ніякіх танкаў няма. Ні на вуліцы, ні ў нашым двары.

Ніякага ўзмацнення аховы не было і ў Вярхоўным Савеце, дзе я ў такі ранні час сустрэў толькі памочніка Шушкевіча Івана Сцяпуру. Праз некалькі хвілін прыехаў дэпутат Лявон Дзейка, а да дзевяці раніцы сабралося яшчэ чалавек дзесяць з нашай фракцыі.

Цікавы выпадак быў з дэпутатам-дэмакратам Яўгенам Глушкевічам з Оршы. Як толькі ён даведаўся пра путч, дык адразу купіў квіток і першым цягніком паехаў у Санкт-Пецярбург. Некалі ён працаваў разам з Генадзем Янаевым у Камітэце маладзёжных арганізацый, быў з ім у вельмі кепскіх стасунках. У Піцеры Глушкевіч адразу скіраваўся ў прыёмную да мэра Сабчака і потым адтуль дасылаў нам інфармацыю пра ўсе тамтэйшыя падзеі.

Такую ж інфармацыю праз факс атрымліваў наш калега Пётра Садоўскі (старшыня парламенцкай камісіі па міжнародных справах) з Белага дома ў Маскве.

Дарэчы, першую нашу рэзалюцыю (дакладней, яе праект) адносна путчу напісаў я. Потым яе крыху падрэдагавалі і аддалі Ігару Герменчуку, якому ўдалося на другі дзень перавароту паўпадпольна выпусціць чарговы нумар газеты “Свабода”!

А ў першы дзень, як толькі ў сваім кабінеце з’явіўся Мікалай Дземянцей, мы адразу ж сфарміравалі фронтаўскую дэлегацыю і пайшлі да яго. І вось у гэты момант мне, мабыць, нехта дапамог “звыш”. Якраз светлай памяці Ігар Гермянчук выказаў, памятаю, сумненне адносна таго, браць з сабою дыктафон альбо не. Я настаяў — бяры. Дземянцей быў так упэўнены ў перамозе путчу, што нават не стаў прасіць прыбраць яго са стала.

Пазней, калі путч “ляснуўся” і ён імкнуўся выкруціцца, гэты запіс вельмі моцна прыдаўся. Мы яго пачалі трансліраваць на плошчу перад парламентам у жывым эфіры. Дземянцей быў вымушаны сысці ў адстаўку.

Дарэчы, менавіта ў першы дзень путчу я скарыстаўся прапановай Уладзіміра Коласа і працаўладкаваўся ў Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтр, пры якім акурат стваралася некалькі аддзелаў, у тым ліку і знакаміты ліцэй. Гэтаму ліцэю я не здраджваў ніколі…

Хачу звярнуць увагу і на яшчэ адзін момант. Ужо вечарам 19 жніўня 1991 года на арганізаваны намі мітынг (улёткі зрабілі на парламенцкім ксераксе і самі іх паклеілі на слупах каля Вярхоўнага Савета) у вайсковай форме прыйшоў Мікола Статкевіч і абвясціў, што путч падтрымліваюць не ўсе савецкія вайскоўцы. На той момант гэта быў УЧЫНАК.

Тым не менш адчуванне нейкай несапраўднасці тады было не толькі ў мяне. Той жа Пазьняк сказаў такую фразу: больш за тры дні гэта не працягнецца. Можна шмат што, дарэчы, казаць пра асобу лідара БНФ (я яго далёка не ідэалізую), але я, да прыкладу, перакананы, што, калі б Зянон быў у складзе Вярхоўнага Савета 13-га склікання, прэзідэнцкая авантура з рэферэндумам аб змене Канстытуцыі проста так не прайшла б! Ва ўсялякім выпадку, у такі важны для краіны момант ён (як некаторыя) не хадзіў бы гуляць у футбол…

Нешта зрабіць у справе мабілізацыі дэпутатаў тады імкнуўся таксама светлай памяці Георгій Таразевіч, але яго палітычнай вагі (а сам ён дэпутатам таксама не быў) было замала.

Улада ведала, што рабіла, калі наўпроставым умяшаннем спецслужбаў перашкодзіла Зянону Пазьняку абрацца дэпутатам у Смаргоні…

Галоўны выбар

Вернемся да дзён путчу і пасля яго. Ад самага пачатку Апазіцыя БНФ пачала дамагацца склікання пазачарговай сесіі Вярхоўнага Савета. Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што ў другой палове дня 20 жніўня ў парламент прыехаў Аляксандр Лукашэнка. Пад нашымі заявамі з асуджэннем ГКЧП ён не падпісаўся, але пад патрабаваннем тэрмінова склікаць пазачарговую сесію ўсё ж такі свой аўтограф пакінуў. Яго подпіс можна знайсці недзе ў другім ці трэцім дзясятку.

Дзве ночы перад сесіяй мы амаль не спалі: рыхтавалі дакументы, як кажуць, “на ўсе выпадкі жыцця”. Пра незалежнасць, сімволіку, армію, міліцыю, КДБ і г.д.

Скажу шчыра, веры ў тое, што ўдасца дамагчыся незалежнасці, было працэнтаў 50. У магчымасць спыніць дзейнасць КПБ не верыў практычна ніхто.

Першы дзень быў “жалезабетонны”. Дземянцей трымаўся за сваё крэсла. Маўляў, “усё вы не так зразумелі”. Амаль да вечара сітуацыя была фактычна нязрушнай. Пытанне пра змену кіраўніка, які падтрымаў путчыстаў, што называецца, “падвісла”.

Вечарам пайшлі чуткі пра тое, што Гарбачоў прыпыняе дзейнасць кампартыі. Афіцыйных паведамленняў яшчэ не было, але інфармацыя пачала ўжо гуляць у кулуарах. Наменклатура адчула жывёльны страх і зразумела, што трэба неяк бараніцца. Дземянцея яны банальна “здалі”. Наступнай раніцай ён падаў у адстаўку.

Усе з палёгкай уздыхнулі, і мы адразу пачалі прапіхваць пытанне пра незалежнасць. Аднак ішло яно вельмі марудна. Быў аб’яўлены перапынак. Што адбылося — не ведаю, аднак пасля таго, як ён скончыўся, адзін з самых артадаксальных камуністаў з Гомельшчыны дэпутат Міхаіл Мачуленка раптам прапанаваў “падтрымаць усе прапановы Пазьняка”. Мякка кажучы, гэта быў шок. Сітуацыя пахіснулася.

Пасля чарговага перапынку прыблізна гэтаксама наконт прапаноў апазіцыі выказаўся прэм’ер Кебіч і вынес на разгляд сесіі распрацаваны Саўмінам праект пастановы аб абвяшчэнні эканамічнай і палітычнай самастойнасці Беларусі і перападпарадкаванні ўсіх саюзных устаноў на тэрыторыі Беларусі яе ўраду.

Спрэчкі былі змястоўнымі, але адносна нядоўгімі, і ў рэшце рэшт у 20 гадзін 08 хвілін былі абвешчаны вынікі найважнейшага галасавання: БЕЛАРУСЬ СТАЛА НЕЗАЛЕЖНАЙ. Назаўтра з такім загалоўкам выйшла і газета “Звязда”.

Увечары ж 25 жніўня пад сценамі парламента нас вітаў шматтысячны мітынг. У тым ліку і мой сябар, вядомы пісьменнік Уладзімір Арлоў, які ў гэты дзень святкаваў свой дзень народзінаў. Памятаю, яму нехта падарыў кавалак граніту, што быў адколаты ад будынка ЦК КПБ. Наколькі я ведаю, той прэзент Арлоў захоўвае па сёння.

За некалькі гадзін да гэтага, не пытаўшыся дазволу ў Пазьняка, я папрасіў сакратарыят Вярхоўнага Савета раздрукаваць падрыхтаваны намі закон пра дзяржаўную сімволіку. Сталі яго распаўсюджваць, але віцебскі партфункцыянер-гаспадарнік Уладзімір Кулакоў папрасіў не штурхаць гэта пытанне. Маўляў, потым да яго абавязкова вернуцца, а ў гэты момант усе ўжо “вельмі стаміліся”.

На наступнай сесіі так і адбылося. Але ўжо з вялікай цяжкасцю. Як бы мовіць, наменклатура ўжо “ачомалася”…

Жарты гісторыі, але для ўвядзення гістарычнай сімволікі спатрэбіўся голас Віктара Шэймана. Справа ў тым, што праціўнікі ідэі (у большасці ветэраны) паставілі пад сумнеў яго голас, а для падобных змен патрэбна была “канстытуцыйная большасць”, якая на той момант складала 230 галасоў. 230-м і быў Віктар Шэйман, які публічна пацвердзіў, што галасаваў менавіта “за”.

Дарэчы, тады ж быў прыняты і Закон пра грамадзянства. Дзве трэці тэксту былі ўзяты з праекта фракцыі БНФ, а пісаў яго ў асноўным я. Ганаруся гэтым па сённяшні дзень, хоць сёння яго некаторыя палажэнні (асабліва ў частцы набыцця грамадзянства спартсменамі) і не выконваюцца…

Памятаю добра, што нават Вячаслаў Кебіч на пасяджэнні парламента 25 жніўня сказаў: “Мы ўжо год жывём без Савецкага Саюза і нічога ад яго не маем. Пражывём і надалей…” Гэта ўжо потым ён напіша ў сваіх мемуарах, што нехта яго “няправільна зразумеў”…

Пра першую міжнародную рэакцыю на зробленае тады стала чуваць ужо трэцяга верасня, калі Польскі сейм зрабіў палітычную заяву ў падтрымку незалежнасці Беларусі. Але гэта яшчэ не было дыпламатычнае прызнанне. Першай жа краінай, якая прызнала незалежнасць Беларусі афіцыйна, была Турцыя. Адбылося гэта пасля Віскулёўскіх пагадненняў. На жаль, гісторыкі сёння ўсё крыху “падзабылі”.

Некаторыя рускія шавіністы жадаюць бачыць у распадзе СССР “амерыканскі” альбо наогул “заходні” след. Няпраўда! Усё было з дакладнасцю да наадварот. Амерыканцы тады вельмі баяліся “распаўзання” ядзернай зброі. Калі не памыляюся, ЗША прызналі беларускую незалежнасць толькі пятымі.

У дачыненні да сённяшняга дня хачу сказаць наступнае. Натуральна, тое, што сёння адбываецца з нашай маёмасцю, вельмі непрыемна, але гэта не назаўсёды. Галоўнае, што некалі ўсё можна будзе вярнуць назад, і юрыдычны падмурак для гэтага закладзены 25 жніўня 1991 года.

Падобных прэцэдэнтаў у гісторыі даволі шмат. Тыя ж Фінляндыя, Манголія, Польшча, краіны Балтыі…

Упэўнены, некалі ўсё вернецца “на кругі свае”.

Замест пасляслоўя

Са зразумелых прычын у артыкул аўтар змог “упісаць” далёка не ўсе, што прагучала падчас нашай трохгадзіннай размовы, але на гэтым моманце хачу зрабіць акцэнт спецыяльна. На мой погляд, менавіта ў ім адна з галоўных прычын таго, чаму апазіцыя ўвесь час прайграе ўладзе.

Лявон Баршчэўскі сказаў вельмі слушна і трапна: “Палітычная праца ў нашых умовах павінна быць толькі прафесійнай. Каманда аматараў гуляць у футбол, у прынцыпе, можа перамагчы каманду прафесіяналаў: тады, калі прафесіяналы пачнуць падаць, атрымліваць траўмы, “мяч перастане ісці ў вароты”, а ў аматараў усё будзе атрымлівацца… Падобнае бывае, але здараецца раз у два стагоддзі.

1991-ы і наступныя гады толькі пацвердзілі гэтую ісціну. Прафесіяналы мабілізаваліся, і супрацьстаяць ім маглі толькі прафесіяналы. Перамагаць “нахрапам” альбо “на ўра” далей не атрымалася… Трэба, аднак, разумець: прафесіяналаў у палітыцы можа ствараць толькі народ, і яны могуць з’явіцца толькі ў цесным кантакце з гэтым самым народам. Не ў эміграцыі і не на семінарскіх “мазгавых штурмах”.

З асабістай справы

Лявон Баршчэўскі нарадзіўся 4 сакавіка 1958 года ў Полацку. У 1975 годзе паступіў у Мінскі педагагічны інстытут замежных моў. Працаваў выкладчыкам нямецкай і англійскай моў у полацкай школе №10, потым у Наваполацкім політэхнічным інстытуце (цяпер — Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт).

У 1987 годзе закончыў аспірантуру пры Мінскім педінстытуце замежных моў, атрымаў ступень кандыдата філалагічных навук.

У 1985 годзе Лявон Баршчэўскі разам з Сяргеем Шупам стварыў у Мінску клуб маладых перакладчыкаў “Бабілён”.

Пераклаў на беларускую мову з моў арыгінала творы шэрагу класікаў сусветнай літаратуры (Эсхіл, Сафокл, Эўрыпід, Петрарка, Буало, Кант, Гётэ, Шылер, Ленау, По, Гамсун, Выспяньскі, Апалінэр, Кафка, Брэхт, Ліндгрэн, Мілаш, Бёль, Дзюрэнмат, Мрожак, Гавел і інш.)

Аўтар больш за 30 артыкулаў і навуковы кансультант 18-томнай “Беларускай энцыклапедыі” (1996—2004), а таксама шматлікіх артыкулаў па методыцы выкладання літаратуры ў сярэдняй школе і ва ўстановах новага тыпу.

Рэдактар сэрыі “ЕўраГраматыкі” (з 2008). Склаў 27-моўны “Еўраслоўнік” (2008). З 2012 г. працуе аглядальнікам газеты “Народная Воля”.

Лявон Баршчэўскі — заснавальнік і намеснік дырэктара Беларускага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа, які быў афіцыйна зачынены ўладамі ў 2003 годзе.

Лаўрэат прэміі імя Ф.Багушэвіча Беларускага ПЭН-Цэнтра (1997).

У 1990—1995 гг. Баршчэўскі быў дэпутатам Вярхоўнага Савета 12-га склікання, уваходзіў у склад парламенцкай Апазіцыі БНФ. Быў намеснікам старшыні камісіі па пытаннях адукацыі, культуры і захавання гістарычнай спадчыны, а таксама сябрам камісіі па міжнародных справах і знешнеэканамічнай дзейнасці.

З 1995 г. — намеснік старшыні Беларускага народнага фронту “Адраджэнне”, у 1996—1999 гг. выконваў абавязкі старшыні БНФ пасля эміграцыі Зянона Пазьняка.

На Х з’ездзе Партыі БНФ у снежні 2007 года Лявон Баршчэўскі абраны старшынёй Партыі. У верасні 2009 года сышоў з пасады старшыні, на якой яго, па выніках з’езда партыі, замяніў Аляксей Янукевіч. У 2011 годзе разам з групай паплечнікаў выйшаў з Партыі БНФ.