У кнізе публіцыстыкі Алеся Бяляцкага, якая рыхтуецца зараз да выдання, шмат тэкстаў прысвечаных нацыянальным каштоўнасцям ды іх уплыву на грамадзянскую супольнасць. Алесь Бяляцкі — зняволены праваабаронца, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай Федэрацыі правоў чалавека (FIDH) у 80-ыя гады быў адным з лідараў моладзевага нацыянальнага руху, старшынём Таварыства маладых літаратараў “Тутэйшыя”.

Вось фрагмент тэксту пра дзейнасць моладзевых нацыянанальна арыентаваных суполак:

“Нацыянальныя свабоды ўспрымаліся ў звязку з дэмакратычнымі каштоўнасцямі. Мы бачылі Незалежную Беларусь, але таксама і дэмакратычныя свабоды — свабоду слова і сходаў, сацыяльную абароненасць беларускіх грамадзянаў. Мы разглядалі свой удзел у грамадскім жыцьці, як абавязак, як адзін з інструментаў распаўсюду і ўкаранення нацыянальнага элементу ў грамадзянскай супольнасці.

Можа быць, былі людзі, якія прыйшлі да беларускасці праз палітычныя перакананні, але абсалютная большасць нашага пакалення прыйшлі ці праз захапленне беларускай літаратурай, ці праз захапленне беларускай гісторыяй, ці праз захапленне беларускім фальклорам, этнаграфіяй, мастацтвам, архітэктурай. Пасля гэта было той легальнай шырмаю, пад якой існавалі моладзевыя групы, рухі васьмідзясятых гадоў, аж да 1988 году, бо стварэнне Фронту ў кастрычніку 1988 году – гэта мяжа, калі з’явілася аб’яднанне, якое выставіла палітычныя мэты, не хаваючы за нейкімі іншымі.

Напачатку 80-ых удзельнікамі “Міктарату” (заканспіраваная група) даволі хутка быў пройдзены этап захаплення “чыстай беларускасцю”, і мы перад сабою ставілі чыста палітычныя мэты.Найбольшы акцэнт мы ставілі на максімальнай аўтаномііі, максімальнай незалежнасці. Было зразумела, што падыйсці да Незалежнасці адразу немагчыма, што мусяць быць нейкія падрыхтоўчыя, пераходныя часы. Мы абмяркоўвалі гэта. Мы збіраліся, як мінімум, раз на месяц, а то і часцей. Мы скідвалі складкі — па пяць рублёў у месяц у партыйную касу. За гэтыя грошы мы набывалі друкавальныя машынкі, займаліся вырабам ўлётак, часопісаў, рабілі часопіс “Бурачок”.

Сітуацыя, калі ўзяць крыху шырэй была цікавая, бо гэта быў 1983 год, год тэрора, калі разграмілі ўвесь дысідэнцкі рух у Расеі. Частка людзей была высланая з Савецкага Саюзу, частка пасаджана. Быў разгромлены Украінскі нацыянальны рух. А ў нас гэта час, калі пайшла нейкая хваля. І, дзякаваць Богу, што тады ўлады не прасяклі, што гэта ўсё з аднаго разліву — з адной бочкі віно, што разлівалася на Украіне і ў Літве. Бо калі б у 1983 правялі шэраг рэпрэсій… Прычым тады не трэба было саджаць шмат людзей. Дастакова было проста нейтралізаваць. Набор метадаў быў шырокі — павыганяць з універсітэтаў, пазабіраць у войска. А на той час пасля гэтага ты не мог бы знайсці нідзе нармальную працу. Вымушаны быў пераходзіць на стан качагара — нефармала поўнага. Ці так выбудоўваць сваё жыццё — каб “нідзе ніколі нічога”. Але ў нас рэпрэсій да пэўнага часу не было, і гэта гаворыць пра тое, што мы будавалі працу дастаткова граматна. Бо ўхапіць студэнтаў за тое, што яны спяваюць песні, гэта не ўкладвалася ні ў якія рамкі. Прасцей было проста не заўважаць гэта. А тое, што з нашага кола ніхто не “стукануў”, гэта дакладна.

І плюс — мы не рабілі дурноты… Тое, што прыдумлялася, тады было геніяльным і для таго часу і для гэтага. І тыя ж самыя “Дзяды”, якія мы распачалі. Водныя экалагічныя раллі па Дзвіне і па Прыпяці. Былі вялікія спрэчкі, дыскусіі. Былі артыкулы Васіля Быкава ў абарону нефармальных суполак, быў артыкул “Пена на хвалі перабудовы” – супраць. Усё гэта актыўна абмяркоўвалася. І людзі шукалі кантактаў і вызначаліся. І гэта было вельмі важна асабліва ў тыя часы, калі было бачна, што Саюз хутка лясне”.

І яшчэ раз нагадваем адрас Алеся Бяляцкага ў Бабруйскай калоніі:

Алесь Бяляцкі

213807, вул. Сікорскага, 1, ІК №2, атрад №14, г.Бабруйск.