У кнігу “Балахоўцы: Сведчанні, дакументы, даследаванні”, на жаль, не ўвайшлі ўспаміны Ядвігіна Ш. пра палескі паход Станіслава Булак-Балаховіча. Яны друкаваліся ў віленскай беларускай газеце “Еднасьць” на працягу жніўня-лістапада 1921 года.

У кнігу “Балахоўцы: Сведчанні, дакументы, даследаванні”, на жаль, не ўвайшлі ўспаміны Ядвігіна Ш. пра палескі паход Станіслава Булак-Балаховіча. Яны друкаваліся ў віленскай беларускай газеце “Еднасьць” на працягу жніўня-лістапада 1921 года (Na abaronu Baćkauszczyny // Jednaść (Вільня), 1921, № 17, 28 жніўня; № 18, 6 верасьня; № 19, 21 верасьня; № 20, 28 верасьня; № 23, 21 кастрычніка; № 24, 28 кастрычніка; № 26, 11 лістапада). Каштоўнасць іх у тым, што напісаныя ўспаміны па “гарачых слядах” удзельнікам тых падзеяў, актыўным дзеячом “Беларускага палітычнага камітэту”, які займаўся агітацыяй і прапагандай. Відавочна, што тэкст пісаўся паводле дзённікавых запісаў і дакументаў, некаторыя з якіх перадрукоўваюцца.На наш погляд, аўтарам ўспамінаў (яны падпісаныя некалькімі крыптанімамі) быў вядомы беларускі пісьменнік Антон Лявіцкі (Ядвігін Ш., 1869 — 1922). Да такой высновы можна прыйсці, аналізуючы тэкст, напісаны, відавочна, літаратарам. Нельга не звярнуць увагі і на тое, як апісвае аўтар эпізод з выданнем газеты “Зьвястун”, рэдактарам якой якраз і быў Лявіцкі. Да таго ж, вядома, што Ядвігін Ш. у 1921 годзе працаваў над успамінамі. Ну і, вядома, на карысць нашай версіі гаворыць подпіс пад адной з частак успамінаў у “Еднасьці”: J. Sz”. (“Я. Ш.”; Jednaść, 1921, 21 кастрычніка, № 23).

Магчыма, крыптанімы ў розных частках успамінаў мяняла не толькі рэдакцыя, але і сам Ядвігін Ш., які ў той час знаходзіўся ў Вільні, цяжка хварэў ды стараўся не нарабіць сваёй публікацыяй праблемаў сям’і — яна засталася на другім баку мяжы — ў савецкай Беларусі.

Падзагалоўкі да асобных частак успамінаў дадзены намі.

Сяргей Ёрш

***

Плян такі: перайсьці граніцу і — пад беларускім штандарам — ачысьціць ад бальшавікоў Беларусь

Пазнаньшчына… Памор’е… Торунь — горад… Восень 1920 году…

Даліпан не памятаю, на каторым ужо паверху, але ў “выжэйшым обчестве” маленькая, цесная канурачка, але — як гэта там скрозь вядзецца — з пярынамі.

Сядзім мы ў дваёчку: я і мой сябра — менчук К-віч, з каторым тут — на Памор’і — пазнаёміліся.

Каб ня тоя, што мучыла нас “ностальгія” — нуда, жаль — па родным краю, — нуда, жаль па сваіх, якім прышлося астацца там — у бальшавікоў, то жыць было-б нішто.

Праўда, Паморцы глядзелі на нас — бежанцаў — вельмі прыхільна і нат’ спагадалі нам. Але на душы было адно:

— У гасьцях добра, а ў хаці яшчэ лепш.

Аднаго дня ў нядзелю, шэраю гадзінкаю сядзім мы з К-вічам і ўкладываем пляны, як гэта мы будзем варочацца да хаты.

Ён верыў у гэта; я — не. Гутарым — сьпіраемся.

Раптам улетае ў нашую каморачку п[ан] Алексюк.

Трэба і сапраўды быць Алексюком, каб адшукаць такую норку, у якой мы сядзелі.

— Збірайцеся, едзем! — гукануў ён да мяне.

— Куды? Чаго? — зьдзіўляны пытаюся.

— Збірайцеся: на фронт трэба ехаць — Бацькаўшчыну бараніць!..

— Там патрэбны будуць адозвы, газэты, — дадаў п. Алексюк, добра ведаючы, чым найлепш мяне заахвоціць.

Газэта? — ласая для мяне рэч — гатоў, — адказываю, а што да абароны…

—Ну, ня тут аб гэтым гаварыць, — скоса глянуўшы на майго сябрука, кажэ п. Алексюк, — складывайцеся хутчэй, — праз дзьве гадзіны чэкаю вас у сябе на кватэры — там і паталкуем. Справа на столькі важная, момант на столькі адказны, што сьпірацца, думаю, доўга ня будзем, тым больш — што на гэта німа часу: сягоньня ноччу трэба безумоўна выехаць. Вось мой адрэс — чакаю, — закончыў ён і як [с]прытна ускачыў, так [с]прытна шчэз.

Як стаяў я пасярод пакойчыку, так і застаўся на гэтым мейсцы, толькі рукамі развёў, а слоў — і знайсьці не магу…

Мысьлі блытаюцца: абарона Бацькаўшчыны… фронт… адозвы… газэта…

К-віч нешта гавора да мяне; чую, але нічога не разумею — маўчу, а пасьля раптам — як крыкну:

— Хутчэй, браток, хутчэй памагай пакавацца!

Шчыра і з жалям развітаўшыся са сваім сябруком — К-вічам і куды раней — як гэта было назначана — апынуўся я на кватэры п. Алексюка.

І сапраўды — гутарка паміж нас была кароткая.

Ясна было: гэнэрал Булак-Балаховіч, аб гэройстве каторага ў змаганьні з бальшавікамі так часта павядамляў у сваіх тэлеграмах польскі штаб, цяпер — пры замірэньні палякаў з бальшавікамі — быў вельмі не здаволяны тэй лініяй, на каторай затрымаліся палякі.

Балаховіч задумаў сам — са сваімі аддзеламі, у каторых найбольш было беларусоў, перайсьці граніцу і — пад беларускім штандарам — ачысьціць ад бальшавікоў Беларусь і аб’явіць яе вольнаю і незалежнаю дзяржавай.

Удасца гэта — ці не — хто мог згадаць?..

Хто мог згадаць, што з немцамі будзе гэткі канец? На вайне — як у картах.

Як-ні-як, а гэта было нешта больш рэальнае, чымся сядзець у якіх бы там ні было хоць і беларускіх арганізацыях, але дзе ўся работа і пачыналася, і канчалася толькі гарачымі прамовамі і доўгімі рэзалюцыямі…

Ня было чаго варажыць: ехаць трэба было.

А гадзіне 4-й ночы заехаў па нас, раней наняты, звошчык і стаў стукаць у дзьверы — будзіць. Але будзіць нас і ня трэба было, бо які там мог быць сон! У адзін момант сабраліся, селі і скрануліся.

Цемра была страшэнная, ды яшчэ з вечара сыпануў дожджык, а цяпер паціснуў мароз. Ехаць было надта дрэнна: конь сьлізгаўся на ўсе бакі і чуць згоджываўся, зважаючы на пугу, ісьці слабенькім трушком.

А тут яшчэ звошчык уздумаў заежджаць па якуюсь паненку, каторую так сама абецаўся забраць на вакзал.

— Спознімся на цягнік, — асьцерагаем мы яго.

— Ня першы раз еду — лепш ведаю, калі трэбэ выежджаць, — ганорна адказаў звошчык.

Ну што-ж, калі так — забіраймо хоць і паненку.

Пад’ехалі, забралі і скрануліся дальш. Чым болей паціскае пад дзень мароз, тым больш сьлізгаецца конь. Урэшці узьехалі на мост, перакінуты праз Віслу; цягнецца ён з вярсту. Праз мост па закону тутэйшаму можна ехаць толькі крокам. Конь, відаць, добра знаў гэты закон, бо чуць кратаўся, а паміма гэтага так сьлізгаўся, што ў скорасьці і саўсім стаў.

Звошчык злез, узяў каня за ўздзечку і павёў у руках. Гэта крыху памагло, але не надоўга. Наежджаем на звошчыкаў, якіе так сама стаяць на мосьце; пасажыраў сваіх павысаджывалі і яны выправіліся пехатою, бо дальш такі ўжо быў лёд, што ехаць было немагчыма. Затрымаўся і наш звошчык і дальш ехаць адмовіўся. Ніякія абецанкі, просьбы, нат’ і пагрозы, што ў нас вельмі важныя ваенныя справы — не памаглі: прышлося і нам вылезьці.

Што было рабіць? Назад варочацца — ня было ніякага толку: а ну — цягнік спозьніцца і мы здужаем дайсьці. Найгоршая справа была ў тым, што дарогі добра ня ведалі, а ў каго-ж ноччу разпытаешся?

Падрадзілася за правадніка — як мяйсцовая жыхарка — нашая панначка. Добра. З маленькім чамаданчыкам у руках падрыпала яна наперад. З намі была справа горшая: у п. Алексюка была карзіна і то цяжкаватая. Але разважаць ня было калі: учарэпіліся за яе ў двох: ён — за адно вуха, я — за другое, а свой скарб я ўзяў у другую руку і гэтак выправіліся.

Якая гэта была падарожа — хіба дагадацца ня трудна: конь на чатырох нагах, падкованы — і то адмовіўся, а мы што?

Каб нас тады мог хто небудзь здалёк бачыць, напэўна падумаў бы, што або п’яные, або гульню нейкую выдумалі: што не пасьлізнецца каторы — цягне разам з карзінай і сябра свайго, а той, як мага ўпіраецца; сьмяхота ды і толькі… Але нам было не да сьмеху, тым больш, што прыкмецілі, як нашая правадырка пачала вадзіць нас у лукаткі — відаць сама зьбілася з дарогі. Фігуркі яе ня відаць, але чуем як ляскаюць па лёдзе яе абцасікі і коўзаемся, ёрзаем у той бок.

А ў вакол ціша і цемра. Сабраліся параіцца, у які бок брацца; калі глянем: з правай стараны, але ўжо ззаду нас міргацяць нейкіе — быццам ліхтарні — аганькі. Мы і кінуліся на іх сьвятло.

Пярэлазім платы, драты, здабываем уселякія перашкоды, абы толькі не страціць з вока аганькоў.

Урэшці дабраліся; бачым — вакзал. Дзівіла толькі нас, чаму ніякіх галасоў ня чутно? Відаць цягнік даўно ўжо адыйшоў і нікога там німа.

Ледзь адшукалі мы нейкага чалавека, ад каторага даведаліся, што мы зайшлі саўсім з другога боку вакзала, куды нікога ня пушчаюць, дзеля гэтага тут такая ціша, а цягнік і ня думаў ня толькі адыходзіць, але і прыходзіць: позьніцца ён ажно на чатыры гадзіны.

Цяпер другая была бяда; на вакзале столькі набілася народу, што ня то гдзе легчы, але і сесьці ня было дзе. Праз усе чатыры гадзіны прыходзілася шпацыраваць, пазёўваючы з нуды.

П. Алексюку пашэнціла: спаткаўся ён тут з сваім знаёмым п. Я. Пілсудскім (Ян Пілсудзкі (1876 — 1950), юрыст, польскі дзяржаўны дзеяч. У 1920 годзе працаваў у Міністэрстве працы і грамадзкай апекі ў Варшаве, але ў канцы году перабраўся ў Вільню, дзе стаў працаваць судзьдзёй. У верасьні 1939-га быў арыштаваны савецкімі спэцслужбамі ў Вільні. Вызвалены летам 1941 году пасьля заключэньня савецка-польскай дамовы, выехаў у Вялікабрытанію, дзе і памёр — СЁ), родным братам Начальніка Польскай Дзержавы і гэта скараціла крыху час.

Але за тоя, калі людзі ўбіліся ў наляцеўшы цягнік, то ён, каб хоць крыху нагнаць спозьняны час, так шпарка імчаўся, што ня мінула і шасьці гадзін, як мы апынуліся ўжо ў Варшаве.

***

Беларускі Палітычны Камітэт

Варшава!

Што сталася-б з табой, Варшава, каб не сталёвыя грудзі дзяцей тваіх? Што сталася-б з табой, калі б уварваліся сюды дзікія ўсходнія орды? Нат’ падумаць страшна… Страшна ня дзеля рабунку, матэрыяльных страт, разстрэлаў, а страшна дзеля зьдзеку, зьневагі, страшна само сьвятатацтво дзікасьці проці культуры!..

Едзем, мінаем вуліцу за вуліцай; куды ня кінеш вокам — вялізарныя, як вароты — вокны, за бліскучымі шыбамі каторых — горы, цэлыя горы якіх толькі выдумаць можна тавараў. Паліцы гнуцца ад рознай яды, ад чыкуляды, ад мануфактуры; паліцы гнуцца ад срыбра, золата, каменьняў дарагіх!..

Але ось і той готэль, дзе месьціцца Беларускі Палітычны Камітэт.

Узьбіраемся па усходах, што раз выжэй і выжэй, зварачваем на нейкі доўгі калідор, знаходзім надпіс на дзьвярох: “Беларускі Палітычны Камітэт”. Заходзім у першы, другі, трэцьці пакой — усюду народу паўнюсенька.

Гоман, спрэчкі, нарады…

Скрыпяць пёркі, ляскаюць пішучыя машынкі, стукаюць печаткі…

Работа сьпешная, неадкладная, гарачая…

На чале Беларускага Палітычнага Камітэту стаялі: В. Адамовіч (старшыня Камітэту) — тварэц і атаман разпаўсюджанай паўстанчай арміі па ўсей Беларусі пад назвай “Зялёнадубцы”.

Галоўнымі членамі Беларускага Палітычнага Камітэту былі два, знаные ў шырокіх кругах грамадзянства, беларускія дзеячы: П. Алексюк і Я. Сенкевіч.

Пад той час вядомым ўжо стала, што калі Балаховіч, як беларус, ня знойдзе для сябе апоры на беларускіе кругі, — армія яго сальецца з ахвотніцкай арміяй Б. Савінкава і нацыянальная беларуская справа можа патануць у расейскім моры.

П. Алексюк стаў весьці перагаворы з Б. Савінкавым, пасьля каторых склікаў сабраньне і зрабіў свой дэтальны даклад.

З дакладу гэтага выясьнілася, што перагаворы з Савінкавым не далі канкрэтных рэзультатаў.

Ужо гэта адно ставіло Беларускі Палітычны Камітэт у палажэньне цяжкае, амаль ня грознае, і вельмі адказнае.

Б. Савінкаў — знаны тэррорыст, стары палітычны расейскі дзеяч — меў бязумоўна прыхільные для сябе і сваіх палітычных поглядаў пэўныя кругі грамадзянства.

С. Булак-Балаховіч толькі за гэтую вайну шпарка высунуўся наперад, дзякуючы сваім ура[д]жоным ваенным здольнасьцям, і — як адважны, можна сказаць, рызыкоўны ваяка і спрытны арганізатар-партызан, — ярка заблішчэў. Яго падтрымоўвалі ваенные кругі, слухалі і паважалі маладога гэнэрала-атамана.

Ён — як Беларус — праз увесь час стараўся ўсімі сіламі сьцягнуць у атрады сваей арміі найбольш жаўнераў беларусаў. Групуючы каля себе сваіх землякоў, Балаховічу ўдалося давесьці у сваіх некаторых аддзелах да 80 прац. беларусаў, гатовых ісьці за ім хоць у ваду, хоць — у агонь.

Гэтае палажэньне — трэба было выкарыстаць.

Трэба было, выдзяліўшы спагадные для беларускай справы часьці, усей сілай рынуцца наперад, зьніштожыць бальшавікоў-камуністаў і захапіўшы хоць частку, пакуль што, тэрыторыі Беларусі, аб’явіць яе вольнай і незалежнай і, апіраючыся на народ, залажыць моцны фундамэнт пад сваю Бацькаўшчыну — Беларусь.

Пэўна ж знойдуцца людзі, якіе за гэта будуць кідаць у нас каменьнямі і абліваць памыямі, але не пара была на гэта зважаць: трэба было ісьці і рабіць сваю работу.

Такі быў праект П. Алексюка. Доўга яго разбіралі, разважалі і ўрэшці надыйшла гістарычная хвіліна: галасоўка… …Праект быў прыняты аднаголасна.

“Alias jacta est!” (Лёс кінуты! (лат.).

1920-га году кастрычніка 12-га дня Беларускі Палітычны Камітэт  уручыў С. Балаховічу паперу такога зьместу:

“Будучы глыбока пераконанымі, што армія пана Гэнэрала, у складзе каторай такі значны лік беларусаў, сапраўды прынясе нашаму краю праўдзіваю свабоду і магчымасьць будаваньня сваей незалежнай дзержавы, прыступаем да супрацоўніцтва з панам, моцна веручы, што нашая прысутнасьць прыдасьць гарту беларускаму жаўнеру, змагаючамуся за істнаваньне сваей бацькаўшчыны, а народу беларускаму, на землях каторага будзе адбывацца гэтае змаганьне, прынясем абарону ў завірухах ваенных, а так сама прыйдзем з помачай у стварэньні нямінучых формаў адміністрацыйнага жыцьця”.

Калі да гэтага часу ў памешканьні Беларускага Палітычнага Камітэту кіпело як вар, то цяпер работа удвойчылася — гарэла яна.

У гэты ж самы дзень зроблена была пастанова, паводлюг якой супрацоўнічка Беларускага Палітычнага Камітэту Е. Алексюк (верагодна, маецца на ўвазе сястра Паўла Аляксюка Аўгіньня, дыпкур’ер БНР, беларуская дзеячка ў Горадні. (Гл. Шупа С. Невядомая БНР: Аўгіньня Алексючанка // Радыё Свабода, 2003, 16 студзеня — С.Ё.) і я павінны былі як найхутчэй выежджаць у Пінск, каб там — да прыезду Камітэту і яго штабу — разгледзіцца, прырыхтавацца.

Цягнік са штабам Балаховіча і некаторымі вайсковымі часьцямі, як мы даведаліся, меўся выйсьці з Варшавы а гадз. 10-ай вечарам. Варажыць і адкладываць ня было калі, дый нельга было: мы ўжо былі зьвязаны з ваеншчынай і яе дысцыплінай.

Вечарам — загадзя перад адходам цягніка, мы былі ўжо на вакзалі, але ня лёгка было адшукаць патрэбны нам цягнік: аб ім мала хто ведаў.

Ну, але неяк жа разшукалі: стаяў ён далёка ад самага вакзалу, на нейкіх блытаных рэльсамі запасовых лініях. Цемра там была страшэнная; цягнік — бязконца даўгі і німа ведама куды нам уткнуцца. Чуць знайшлі мы камэнданта, пытаемся. Ён, глянуўшы на нашые дакумэнты падарожы, зрабіў нам “пад казырок” і сказаў, каб мы адшукалі штабны вагон пад такім то нумэрам і займалі там сабе мейсцы.

Ня лёгка гэта нам прыйшлося, але калі ўрэшці дабраліся мы туды, то нас вельмі зьдзівіла, што ў штабным вагоне ня было ні аднэй жывой душы, хоць рэчы, пакункі — лежалі.

Вагон быў трэцьцяй клясы даўнейшага расейскага складу: у адзін бок даўгія лавы, у другі — кароценькія, як на аднаго чалавека; у гарэ — паліцы для спаньня. Разьмясьціўшы свае клумкі, занялі мы вольныя мейсцы, — сядзім і чакаем.

Мінае гадзіна, мінае другая — увакол ціха, ніякіх адзнакаў, каб цягнік думаў скрануцца.

Час ад часу перабегалі праз наш вагон нейкія афіцэры. На запытаньне нашае, калі ж урэшці мы паедзем, — усе яны аднолькава адказывалі:

— Штаб паехаў яшчэ раз развітывацца з Варшавай; вернецца — тады і паедзем.

Але вярнуўся і штаб, — вярнуўся з шумам, гоманам, сьмехам, жартамі, — вагон зразу баццам ажыў, але не кратаўся.

Седзячы ў адным вагоні, само сабой, прыйшлося то з тым, то з другім загаварыць, пазнаёміцца. Час плыў крышку шпарчэй, весялей.

Шэрае, хмурае небо пачало ўжо вырысовывацца з цемры, калі першы раз лязгнулі ланцугі, а колы, неяк жаласьліва скрыгануўшы, зрушыліся паволі, бытцам падкрадываючыся да каго, з мейсца.

Доўга мы соўгаліся з лініі на лінію, то ўзад, то ўперад, покуль выблыталіся з гэтай густой жалезнай сеткі рэльсаў і выкаціліся за горад…

Але праз доўгі яшчэ час на сьвітаючым гарызонці адзначаліся высокіе, чорные як бы нечым грозные фабрычные коміны; праз доўгі яшчэ час міналі мы падмястовыя, прыгожыя, багатыя сялібкі.

Ужо добра развіднела, калі перад намі адкрылася, разаслалася даль, праўдзіва вясковая даль.

Нейкі дзіўны, неспадзеваны настрой абхапіў усіх нас: сьціхлі жарты, змоўклі сьмехі. Кожны бытцам з вялікай патрэбы пільна ўглядаўся ў вакно ні то з павагай, ні то з вялікай сумнотай, як бы адгадаць хацеў, чым абдаруе яго недалёкая будучына…

Цягнік наш, бытцам пачуўшы прастор і волю, разварухаўся: гудзеў, сьвісьцеў і урэзаючыся ў што раз новые і новые вобразы натуры шпарка імчаўся наперад.

Узыходзіло сонцэ. Нейкая немач агортывала нас усіх. Ад’езд, апошнія ўражэньні, бязсонная мінулая ноч — усё гэта разам злажылося, а захоплівала апація: здавалося — ўсё ўжо сказана, усё ўжо зроблена — цяпер толькі сапачыць крышку…

Паўкладаліся. Цягнік хутка мінаў станцыю за станцыяй і толькі час ад часу — мейсцамі затрымоўваўся даўжэй, каб захапіць для сябе харчоў, — захапіць дзьве дзіўныя, спрэчныя паміж сабой стравы: агню і вады…

Мінуло ўжэ поўдня, калі на нейкай там станцыі прыйшлося нам затрымацца і то на даўжэйшы час — нат цягнік наш загналі на старану — на запасовую лінію.

Людзі хутка прывыкаюць да суму, і да грохату жалезнай дарогі і пад гэтую музыку смачна спаць. Раптоўная ціша, неспадзеваны спакой — будзяць людзей. Так сталося цяпер і з намі. Усе сталі кратацца, падыймацца, заглядаць у вокны, бытцам дзівіліся, куды яны трапілі.

Прынесьлі ўсім палуднаваць. Так — усім, бо і мы двое залічаны былі на харчы штабовай кухні.

Заварушылося, загудзела ў нашым вагоне: кінуліся мыцца, кожны даставаў запасы рожных закусак, набытых яшчэ ў Варшаве, павылазілі ўрэшці высокія, тонкія і прысадзістыя, тоўстыя бутэлькі, зазьвінелі келішкі і неўспадзеўкі — бытцам нейкая багінька вясёласьці пырхнула ў гэты наш вагон і пачала ўсіх забаўляць, сьмяшыць, з усяго кпінкаваць, усіх ласкатаць…

Рогат, шчыры, вясёлы рогат выбіваўся праз атчыняныя вокны вагону… Час сходзіў незначна. Штабовые афіцэры — людзі ўсё з выжэйшай адукацыяй — мелі і ўмелі што разказаць, было што паслухаць. Ехала і жонка аднаго паўкоўніка, якая прыняла на сябе тут клапоты гаспадыні.

Тут быў і сваяк гэнэрала Балаховіча — беларус з Навагрудчыны. Скончыў ён тры факультэты: матэматыку, тэхнолёгію і “пуцейскага” інжэнера, і цяпер нарэкаў, што вайна перашкодзіла яму дальш вучыцца.

***

Марылі: трэба як найхутчэй захапіць сэрца Беларусі — Менск, вызваліць сваіх людзей

Матэматыкі найчасьцей бываюць нейкіе задуманые, сур’ёзные, маўчлівые, але навагрудчанін усяму гэтаму пярэчыў, пярэчыў нат беларускай псыхалёгіі: нізенькі, кругленькі па беларуску — ёмка зложаны, жвавы, шустры, як з рукава праз увесь час сыпаў рожнымі анэкдотамі, а сьмех, проста па дзіцячаму шчыры сьмех яго — зьвінеў, зьвінеў безконца.

Гэта быў, як мы пасьля даведаліся, кандыдат на пасаду заведуючага усімі чыгункамі, поштай і тэлеграфам.

Быў тут і чыноўнік пры штабе, з каторым калі разгаварыліся, то паказалося што гэта стары беларускі працаўнік з Вітэбшчыні, арганізатар беларускіх мітынгаў, дзеяч пры выбарах на беларускіе зьезды і г. д. Знаў ён шмат беларускіх дзеячоў асабіста, аб іншых — чуў і ведаў іх працу.

Даведаўшыся хто мы такіе, ён зразу нам заявіў, што гатоў перайсьці ў Палітычны Беларускі Камітэт, бо праца ў нацыянальным напрамку яму болей знаная і блізкая, чым ваеншчына.

Так яно пасьля і сталося: працавалі разам.

Калі мы выбіраліся з Варшавы, нас напужалі, што апынімся мы ў нейкай галоднай старане, дык перад выяздам накупілі мы сабе харчоў на дарогу і зрабілі добры запас хлеба. Тым часам, чым дальш ад’ежджалі мы ў глыб ад сталіцы, тым багацейшые былі станцыйные буфэты: сталы былі заваляны хлебам, булкамі, парасяцінай, гусяцінай, целяцінай у рожных формах і шмат іншымі  прысмакамі. І ўсё, куды дзешавей, чым у Варшаве. А хоць мы і мелі сваю кухню пры цягніку, ласавалі і з буфэтаў.

Надыйшла і другая ноч, васеньняя, моцна цемная ноч. Як ня дзіўна, а цемра гэтая прыкоўвае, цягне да сябе вочы чалавека. Ня відаць нічога, а глядзеў бы і глядзеў бы…

Раптоўна, на нейкай закрутцы цягніка, у вокны вагону ўдарыў крывава-залаты водбляск далёкага пажару. Усе зацікавіліся, некаторые, каб лепш прыгледзіцца, повыходзілі з вагону. Цягнік кіраваўся як раз у бок пажару. Здалёк была ўжо відаць доўгая, як вокам сьцягнуць доўгая, бліскучая істужка агнёвых языкоў. Гэта ня мог быць пажар якога колячы двара, вёскі ці нат мястэчка, — так мог гарэць толькі вялізарны горад; мы добра ведалі, што тут такога німа, дык скуль жа такі агонь? Але праз нейкі час, калі мы бліжэй пад’ехалі, — справа выясьнілася: гэта гарэло поле — так поле гарэло…

За час вайны нечапаные плугам абшары зарасьлі высокімі травамі, дзікімі бадылямі, але ня было каму і да іх дакрануцца. Чакалі яны чалавечай рукі — чакалі, але ня прычакалі і… самі засохлі, паўміралі. Цяпер нікому непатрэбную ўжо гэтую суш — падпалілі: на попелішчы яго к налецьцю — калі ня узрасьце колас, то закрасуе маладзенькая, зялёненькая травіца…

Доўга, доўга ўглядаліся мы ў гэты грозны, але дзіўна прыгожы жывы малюнак. Зноў нейкая сумнота агарнула наш вагон…

На заўтра [да]браліся мы пад Пінск.

Ужо пачынаючы ад Баранавіч дарога тут жудасная: руіна і пустэча. Што ні станцыя — разбіта яна, разваляна. Абапал рэйкаў — на адкосах, канавах, рэчках — валяюцца цэлыя горы паломаных, павыкручываных у розные бакі ўжо заржавеўшыя нейкія вялізарныя бляхі, катлы, трубы, коміны… тут і чугун і жалезо, і сталь — усё разам зблыталося, скруцілося паміж сабой; цяпер ужо трудна нат’ разпазнаць, што гэта такое было, як трудна разпазнаць моцна пакалечанага нябошчыка…

Будынкаў, вёсак — ня відаць — шчэзьлі яны, а ўсёй памяткі — кучка высокіх, апаляных, засохшых, з кары аблезшых ужо дрэў; пад імі так самакучка зялёных, высокіх, але дзікіх бадылёў, якіе узрастаюць толькі на старых магільніках.

Жудасна… Жудасна, а ад вакна вагону — не адойдзеш; жудасна — а вачыма шукаеш бытцам жадаючы яшчэ больш жудасных вобразаў…

Цягнік што раз звальняў ход свой, бо тут на балотах, канавах і рэчках густа спатыкаюцца масты і масточкі; усе яны за час вайны зруйнованы, паўзрываны, а цяпер толькі насьпех — да часу — падладжаны, дык язда па іх адбываецца вельмі асьцярожна і памалу.

— Пінск відаць, Пінск! — крыкнуў на ўвесь вагон адзін з афіцэраў, стоячы каля вакна.

Усе усхватываліся са сваіх мейсцаў, кідаліся да вокнаў і ўгледаліся, бытцам і сапраўды меліся там угледзіць нешта дзіўнае, надта цікаўнае, чаго ў жыцьці сваім не бачылі.

А тымчасам Пінск, як самае звычайнае нашае павятовае мястэчка — разпаўзлося сабе па гладкай, як дошка, роўнай даліне і вабіць вока нічым асаблівым не магло.

Заспакоіўшы сваю першую цікаўнасьць, сталі ўсе зьбіраць і укладаць свае клумкі.

Цягнік, калыхаючыся, памалу падпоўз, мінаючы спаляны садок, да станцыі і стрымаўся. Людзі усьцешыліся, што дабраліся да мейсца, пачалі выскаківаць з вагонаў, тузгаючыся са сваімі рэчамі.

Але раптоўна спаткала ўсіх вялікая неспадзеўка: камэндант цягніка аблетаў усю лінію каля цягніка і аддаваў прыказ, каб рэчаў з вагону не выносіць і самім далёка не адыходзіць.

Што ж гэта такое? Што сталося? Добрая ці благая гэта навіна?

Заварушылося скрось як у мурашніку: лёталі з вагону да вагону, разпытваліся, збіраліся ў кучкі, то крычалі, то шэпталіся, размахіваючы рукамі, але адразу ніхто нічога пэўнага сказаць ня мог. Ледзь праз нейкія поўгадзіны даляцелі першыя весткі і то — само сабой — у наш — як штабны — вагон.

Але весткі гэтыя былі блытаныя, няпэўныя, а што яшчэ горш — не аднолькавые. Адны казалі, што паездзем дальш на Гомаль, іншые зноў упэўнялі, што паехаць-то паедзем, але не на Гомаль, а на Міньск. Пачаліся дагадкі, спрэчкі і кожны, разумеецца, цягнуў у свой бок.

Гомельчане даказывалі, што сам розум дыктуе брацца толькі на Гомаль: там правае нашае скрыдло абапрэцца на паўстанчые аддзелы атамана Іскры, падтрымаем Украінцаў, ім тады лягчэй будзе разцягнуць дальш на поўдня — ўніз свой фронт, а гэта падмацуе Врангля, бо ўвесь наступ можа зьліцца ў адну лінію, у адзін даўгі фронт.

Менчукі гэткай фантазыі і слухаць не хацелі, а выводзілі сваю стратэгію.

— “Што нам Врангель? — казалі яны, — калі ён сапраўды шчыра ідзе з народам, то народ яго і падтрымае, калі — не, — то ўсё роўна будзе яму такі канец, як і Дэнікіну і лучнасьць з Вранглям можа тады толькі нам пашкодзіць, дыскрэдытаваць. Дый на Гомаль німа чаго пхнуцца: украінцы даўно абвесьцілі яго сваім горадам, дык не цяпер пара выклікаць нейкія там неяснасьці і спрэчкі. Гэта справа будучыны і з украінцамі мы-беларусы напэўна зталкуемся без звадкі. Нам трэба як найхутчэй захапіць сэрцо Беларусі — Менск, вызваліць сваіх людзей, за каторымі пайшоў бы народ, а тады будзе ясна, як і кудою дальш кіравацца, каб асвабадзіць ад бальшавікоў сваю Бацькаўшчыну, і аб’явіць яе незалежнай.

Спрэчкі аб спосабах стратэгіі цягнуліся праз увесь дзень: узрывалі масты, адрэзалі дарогі бальшавіком, захоплівалі вузлавыя станцыі, бралі гарады і г. д…

Надыйшла і ноч, а мы ўсё яшчэ ваявалі…

І шчасьлівы быў той, каторы ў гэту ноч хоць прысьніў тую пуцявіну, па якой яму так жадалося ісьці…

На раніцу зноў неспадзеўка: прыказ выбірацца з вагонаў і размешчацца ў Пінску.

Усе ружовыя надзеі і Менчукоў, і Гомельцаў развеяліся як туман…

Разсыпаліся “рэквізаваць” памешканьні.

Нам двом адвялі на разе адзін усяго пакойчык у старой удавы-жыдоўкі, некалі багатыркі — цяпер абяднеўшай да званьня; пры ёй была ядыная дачка, скончыўшая гімназію і досыць сымпатычная і разумная дзяўчына.

З пачатку глядзелі яны на нас скоса, але ў скорасьці пазнаёміліся бліжэй і можна сказаць — здружыліся. Адна была бяда: пакой наш, як і ўсё памешканьне нашых гаспадароў — не апаліваліся і мы настаяшча мерзлі, адагрэваючыся толькі самаварамі. Але нас прынадзеялі, што хутка штаб раздабудзе дроў і з намі падзеліцца і апрача таго знойдзецца адпаведная кватэра для Беларускага Палітычнага Камітэту.

Дзень йшоў за днём.  Войска прыбывало. Трэба адзначыць, што тады палякі стараліся як мага выпхнуць з сваей тэрыторыі Балахоўцаў і Савінкаўцаў, бо гэта пярэшкаджала іх мірным, пад той час перагаворам, а мо былі і іншыя думкі…

Пінск — з пачатку узтрывожаны нашым наездам — у хуткім часе пераканаўся, што ня толькі баяцца ня было чаго, а нат’ цешыцца мог: завёўся парадак, паадчыняліся крамы і — дзешавей, ці даражэй — а дастаць было можна ўсяго.

Тут — у Пінску — першы раз убачыў я гэнэрала Балаховіча.

Некаторага дня пайшоў я ў штаб дапытацца аб справах. Гляджу: шмат селян стаіць каля штабнага гмаху. Пытаюся:

— Чаго вы, браткі, чакаеце?

— Да “Бацькі” маем справы, а ён зараз маніцца прыйсьці, — адказываюць яны.

Я перайшоў на другі бок вуліцы і прысеў на ганачку пустога дому.

Ня мінула дзесяць мінут, як паказаўся гэнэрал. Сярэдняга ўзросту, сярэдняга складу з крывой сабляй пры боку, ён адразу затрымаўся каля селян і стаў кожнага разпытваць. Селяне акружылі яго і гутарылі як з добрым сваім знаёмым.

Дзіўнае ўражэньне робіць Балаховіч: здаецца нічога асаблівага німа, а глядзеў бы на яго і глядзеў; прыковываюць да сябе яго вочы: коляр іх бытцам зменяецца, а калі і засьмяецца, то вочы застаюцца сур’ёзнымі.

Частку селян гэнэрал павёў за сабою ў штаб, частку адпусьціў, аддаючы нейкія прыказы свайму ад’ютанту.

Не пайшоў я сягоньня ў штаб, а вярнуўся з дзіўным, незразумелым для сябе настроям у свой пакойчык…

У гэты ж дзень паказаліся і “нашые” — з Палітычнага Беларускага Камітэту.

Частка іх прыехала цягніком, частка — самаходам.

“Самаходцы” моцна прамерзьлі і моцна выгаладаліся, але прывезьлі з сабою зайца, які трапіўшы ў ночы пад сьвятло самаходу не дагадаўся зыйсьці з дарогі, а пёр пад сьвятлом — покуль не змарыўся і не папаў пад колы самаходу…

Адагрэўшыся пры самавары, зараз жа ўзяліся за работу. Памешканьне для камітэту адвялі нам вялікае і досыць выгаднае.

Праца закіпела: зноў заскрыпелі пёркі, зноў застукалі печаткі.

***

Генэрал Балаховіч чытае свае беларускія вершы

Вестка аб збройным выступе гэнэрала Балаховіча і аб стварэньні Беларускага Палітычнага Камітэту шыбка разляцелася па ўсей Беларусі. Шмат валасьцёў выдало свае адозвы, вітаючы гэтую працу.

Ясна было: увесь беларускі народ прызнаваў Балаховіча, як свайго кіраўніка нацыянальнага руху, здатнага асвабадзіць Беларусь.

Гродзенскі Беларускі Народны Камітэт, прэдстаўляючы сабой палітычную беларускую думку Гродзеншчыны ў надзвычайным сваім паседжаньні 24-га кастрычніка зрабіў пастанову, у якой зазываючы ўвесь беларускі народ аб’еднацца пад штандарам незалежнасьці, ганючы невялічкія гурткі, якія ў мэтах асабістых хацелі б утрымаць штучную ўладу ў сваіх руках, “шлець гарачае прывітаньне Народнаму Атаману Беларускаму Булак-Балаховічу, Беларускаму Палітычнаму Камітэту і жадае, каб распачатая імі праца ў цяжкіе дні для Бацькаўшчыны давела да пабеды дарагую армію Беларускую над самазванцамі бальшавікамі”.

Камітэт прырэкае ўсей моцай свайго аўтарытэту падтрымаць гэты выступ.

Але былі выступы і іншага зьместу. Людзі адарваные ад свайго народу, ад рэальнай працы, людзі, займаючыя фантастычныя пасады беларускіх міністраў, баючыся выпусьціць з сваіх рук міністэрскія партфэлі, занялі варожае становішчо і проці Балаховіча, і проці Беларускага Палітычнага Камітэту і стараліся іх дыскрыдытаваць.

Так, Горадзенскае “Беларускае Слова” ў № 31-ым ад 9-га лістападу 1920 г. падае перадрук з “Kur. Polsk.” весткі Беларускага Урадоваго прэсбюро аб акцыі гэнэрала Балаховіча:

“Ня маючы нічога супольнага з успомнянай акцыяй, ні беларускае грамадзянство, а ні таксама нацыянальныя беларускія арганізацыі жаднай адпаведнасьці на сабе ня прыймаюць”.

Гэтая ж самая газэта ў № 38 ад 17-га лістапада піша:

“Кракаўская газэта “Czas”, абгаварываючы тэлеграмы Балаховіча і Савінкава да Пілсудзкага, а таксама адозву Балаховіча да “Народнай Ахвотніцкай Арміі” і адозву Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, знаходзячы ў гэтых адозвах дзьве палітычныя праграмы, піша:

“Згодна з аднэй з гэтых праграмаў, на якой грунтуецца Беларуская Рада, мяйсцовыя сілы, просячы гэнэрала Балаховіча і яго ахвотніцкую армію аб дапамозе, высоўваюць ідэю “вольнай”, ці як сказана ў другім мейсцы — “незалежнай” Беларусі, якая мае быць Рэспублікай Народнай, дэмакратычнай і г. д., не зьвязанай ні з Расеяй, ні з Польшчаю, а толькі аб’еднанай з абедзьвіма гэтымі дзержавамі “братэрскімі зьвязамі”. “Братэрства” гэта трэба разумець, як племянное радство, а не які небудзь фэдэрацыйны зьвязак, бо аб адначасовай фэдэрацыі і з Расеяй, і з Польшчай ня можа быць і гутаркі.

Гэтак гаворыць адозва, за якую, бытцам, стаяць мяйсцовыя сілы, — што трэба разумець з некаторым абмежаваньнем, прыймаючы пад увагу малую сьвядомасьць і адсутнасьць палітычнай ініцыятывы ў беларускага селяніна.

Як бы гэта ня было, але мы зьяўляемся сьведкамі таго, што з беларускіх лясоў, балот і азёраў паўстае новы палітычны, сэпаратны рух. Беларусы, нават і праваслаўные, — а тут гаворыцца толькі аб праваслаўнай частцы Беларусі — адвеку рожніліся звычаямі, мовай і псыхалёгіяй ад вялікарусаў”.

У разрэз з глыбокім аналізам беларускага руху кракаўскай газэтай “Иas”, беларуская віленская газэта “Наша Ніва” ў № 4 ад лістападу 16-га 1920 г. займаецца перадрукам аб Балаховічу з жыдоўскіх газэт — “Najer Hajnt”, дабаўляючы свае ўласныя ўвагі:

“Хаця за “будаваньне Беларусі” Балаховіч узяўся саматугам у паразуменьні з галавой расейскага палітычнага камітэту — Савінкавым, і ад беларусаў ніякага загаду ня меў, усёж нам, беларусам, вельмі сумна чытаць гэткія весткі аб адным з сыноў нашага народу (справа ідзе аб жыдоўскіх пагромах, у якіх “Najer Hajnt” вінаваціць Балаховіча. Рэд.). “Будаваньне Беларусі”  справа лішне вялікая і для нас сьвятая, каб мы маглі спакойна глядзець, як наш чысты, дагэтуль, штандар пляміцца ў руках Балаховіча крывёй бязвінных людзей”…

А справа з жыдоўскімі пагромамі была тады ось якая:

Німа чаго таіць, што ў бальшавіцкіх арганізацыях, а асабліва ў аддзеле шпіёнства, жыдоўскае грамадзянства вельмі рашуча старалася і памагала арыштоўваць мейсцовых жыхароў — хрысьціян, якіх заганялі — бытцам за контррэвалюцыю — ў бальшавіцкія турмы.

Калі гэн. Балаховіч займаў мястэчкі, а яго войска асвабаджало “палітычных праступнікаў” з турмы, тые — зразумела рэч — помстваваліся на знаных сабе сем’ях, якія былі прычынай іх арэшту і зьдзеку. Але сам Балаховіч пры помачы свайго штабу і войска заўсёды вёў энэргічную барацьбу з такімі самасудамі.

Яшчэ пару слоў варта успомніць і аб гродзенскай газэце “Беларускае Слова”, з якой зрабілі мы тут перадрукі.

Рэдактарам гэтай газэты самапраўна падпісывалі выдаўцы газэты В. Адамовіча. Адамовіч і сапраўды сперша быў рэдактарам, але калі рабілі гэтые перадрукі, тады ён ужо парваў уселякія зносіны з гэтай газэтай і быў, і лічыўся пры штабе Беларускага Палітычнага Камітэту на фронце.

А на фронце пад гэты час дзеялося саўсім нешта іншае, чым думалі і гадалі “дзеячы і рэдактары” беларускіе, седзячы ў сваіх норах і трымаючыся за свае партфэлі.

На фронце кіпела.

Надыйшла хвіліна, калі гэн. Балаховіч пастанавіў перайсьці граніцу, штучна зробленую, і рынуцца на бальшавікоў, абвешчаючы Беларусь незалежнай дзяржавай.

Не то, што цікаўная, але вельмі паважная была хвіля.

Вагон трэццяй клясы. У маленькім заканурачку, які даўней — пры царскім урадзе — займаў кандуктар цягніка, размесьціліся і Балаховіч, і Савінкаў. Сярэдзіну вагону займалі прэдстаўнікі Беларускага Палітычнага Камітэту. Аддзел вагону быў абшырны, але абстаўляны саўсім інакшым складам, чым гэта звычайна робіцца: лавы толькі па бакох, а па сярэдзіне вялізарны стол, заваляны стратэгічнымі, цэннымі мапамі. Быў і трэцьці аддзел у гэтым самым вагоне, прызначаны для бліжэйшых штабных гэнэрала Балаховіча.

Ноч. Цёмная беларуская, позна — васеньняя ноч… Людзі прамерзлі, прагаладаліся. Назначылі вячэру. У сярэднім аддзелі вагону пазьнімалі са стала мапы, а заставілі яго па загаду Балаховіча кансэрвамі, хлебам і іншымі прысмакамі для галодных. Сабраліся ўсе  з трох аддзелаў вагону, але падмацаваўшыся  штабныя афіцэры выйшлі, а засталіся толькі гэн. Балаховіч, Савінкаў і прэдстаўнікі Беларускага Палітычнага Камітэту.

Ішла нарада: стратэгічная нарада, аб якой яшчэ не час гаварыць. Беларусь з Меншчынай — і дальш — па Дзьвіну, частку Днепра і Прыпяць…

Здавалася, будзе нашая Беларусь вольная і незалежная

Бралася ўжо пад дзень, калі скончылася нарада, але разыходзіцца ніхто ня думаў. Пачалася гутарка прыватная — успаміны аб беларускім руху як даўнейшым, так і ў пазьнейшые часы. Гаварылі ўсе, толькі па беларуску,  але Савінкаў мала і адзываўся, пільна,  зьдзіўлянымі вачыма ўглядаючыся, прыслухоўваўся да магутнага нацыянальнага настрою прысутных…

“Ці паляк ты, ці ты рускі —

Мёд піць будзеш беларускі

Толькі з нашай добрай волі —

Як сусед у гасьцёх,

А з наездам — дык ніколі —

Хіба на нашых касьцёх”…

Запаляна дэклямаваў свае вершы гэнэрал Балаховіч.

А Савінкаў моўчкі сядзеў і ківаў у тахт галавою. І толькі — калі пасьля паказалі яму мапу Беларусі прафэсара Карскага, якога нельга западозрыць у вялікай прыхільнасьці да незалежнасьці Беларусі, Савінкаў, углядаючыся ў гэтую мапу, адазваўся:

“У вас аппетиты ничего себе”.

На гэта яму адказалі, што ніхто і ня думае з беларусаў гвалтам цягнуць да сябе, прымерам, абмаскаляных Смаленчанаў, ці Вязямцаў, але нельга згодзіцца і на іншы гвалт, — каб долю Беларусі рэшаў хто іншы, апрача самых беларусаў.

Як ні памалу сунуўся цягнік, але ўрэшце дакаціўся ён да бальшавіцкай граніцы.

Ужо віднела. Марозная раніца кінула на землю і лес белы шоран.

Гэнэрал, клікнуўшы сваіх ад’ютантаў, аддаваў кароткіе прыказы. Гэты чалавек, бытцам перарадзіўся: голас яго зьвінеў моцна і востра.

Аддзел кавалерыі, выгрузіўшыся з вагонаў, пад струнку выстраіўся  ту жа  каля жалезнадарожнай лініі. З боку стаялі самаходы.

Гэнэрал выйшаў з вагону. Ляснулі і бліснулі ў чыстай, віднеючай раніцы шаблі. Прывітаў іх гэнэрал, зноў кароткі прыказ і… махнуў рукой. Яшчэ раз зазьвінелі шаблі і з вялікім імпэтам забразгалі падковы па шырокай дарозе. Сьледам за імі — ў першым самаходзе — ехаў Балаховіч, у другім — Савінкаў.

Беларускі Палітычны Камітэт пад гэты час меў перад сабою вялікія, цяжкія і адпаведныя заданьні: прыходзілося тварыць грамадзянскую ўладу на тэрыторыі Беларусі, асвабоджанай ад бальшавікоў Балаховічам.

Так узварушыўся, так ускалыхнуўся ўвесь той вокруг, праз каторы праходзіў г[энэрал] Балаховіч, што Беларускаму Палітычнаму Камітэту трэба было вялікай натугі, каб утрымаць парадак у грамадзянскіх справах.

Пасыпаліся заявы ад земстваў, вучыцялёў, каапэратываў, валасьцёў і іншых грамадзянскіх установаў, што ўсе яны прызнаюць г[энэрала] Балаховіча, як правадыра беларускага руху і маюць надзею, што ён шчыра жадае “вольнай і незалежнай Беларусі”, а Беларускі Палітычны Камітэт гатовы падтрымаць усе, прызнаючы яго за часовую, патрэбную і карыстную ўладу.

***

“Горача вітаем Вас, дарагі Бацька Булак-Балаховіч, і жадаем Вам поўнай удачы…”

Гэткія спагадныя праявы беларускага грамадзянства з аднаго боку, выязд Б. Савінкава ў сьлед Балаховіча на фронт — з другога, — выклікалі пастанову Беларускага Палітычнага Камітэту неадкладна сьпешацца на частку ўжо асвабаджонай тэрыторыі Беларусі, побач ісьці з галоўным штабам ахвотніцкай арміі і ўзяўшы ў цьвёрдыя рукі кіраўніцтво, выковываць з мяйсцовых сьвядомых сіл беларускіх — асьветную ўладу грамадзянскую і нацыянальныя беларускія арганізацыі.

Асобны вагон быў прырыхтаваны праз некалькі гадзін. Цяпер ужо стукалі не машынкі і печаткі, а сякеры і малаткі: пакаваліся і забіваліся ў яшчыкі дакумэнты, кнігі, важныя паперы і іншыя рэчы.

Самаход-грузавік у сьлед забіраў і адвозіў на станцыю, там — пад дазорам штатных Камітэту — пакі складаліся ў вагон. Як толькі рэчы былі перавезяны, пераехаў у вагон і ўвесь штат служачых Камітэту.

Праз нейкі час штандар беларускі яшчэ шумеў над памешканьнем Камітэту, дзе засталіся апошнімі — члены яго.

Але ось, завурчэў, засоп самаход Беларускага Палітычнага Камітэту, і ажно скрыгануў — так раптоўна стрымаўся перад пад’ездам памешканьня… Недзе зноў сьпешна застукаў малаток, а ад гэтых удараў бел-чырвона-белы сьцяг захістаўся, схіліўся і… шчэз… Зноў стук малатка і праз хвіліну і над аўтамабілям зноў завіс беларускі штандар. Члены Камітэту сьпешна занялі свае мейсцы. Самаход зноў завурчэў, зноў засоп, а пасьля ціха пакаціўся на станцыю. Там ужо чакалі прыбыцьця самаходу, пасьпеўшы за такі кароткі час прыгожа прыбраць увесь вагон нацыянальнымі невялікімі сьцягамі і беларускімі адзнакамі.

У апошні момант, калі члены Беларускага Камітэту ўжо садзіліся ў вагон, — яшчэ прыходзілася прынімаць рожныя заявы ад мяйсцовых і акалічных жыхароў.

Але ось і самаход паважна заняў сваё мейсца на празначанай яму плятформе, якая прычэплена была з заду вагону.

Сьвісткі, яркія сьвісткі чыстым далёкім рэхам разсыпаліся па роўным далінам сумнай Піншчыны… разсыпаіся і… змоўклі. А паравоз, востра дмухануўшы некалькі разоў парай, стаў бухаць клубамі чорнага, густа-зьбітага дыму. Яшчэ хвіліна і — бытцам ляніва, неахвотна колы скрануліся з мейсца.

У вагоне Беларускага Палітычнага Камітэту гудзело, як у вульлі пчолаў. На адпачынак часу ня было: трэба было перагледзіць апошнія паперы, прырыхтаваць распараджэньні, пастановы, прыказы.

Адзін з апошніх дакумэнтаў — была рэзалюцыя Пінскіх беларусаў:

“Прэдстаўнікі земства, каапэратывы, вучыцельства і жыхароў Піншчыны горача вітаюць Вялікага правадыра — асвабадзіцеля роднай Беларусі — бацьку Булак-Балаховіча і выказываюць гатоўнасьць падтрымліваць пачатую ім вялікую справу.

Сабраўшыяся вітаюць шчыра працу Беларускага Палітычнага Камітэту і выказываюць яму поўнае даверые”.

(Шмат подпісаў).

На скорую руку ў вагоне наладзілі нешта кшталтам канцэлярыі. За стол заселі сэкрэтар Камітэту і яго памошнік.

Цягнік каціўся саўсім памаленьку.

П. Аляксюк, каторы надта ня любіць сам пісаць, ходзе шпаркімі, крыху нэрвовымі крокамі з канца ў канец вагону і дыктуе-дыктуе… Голас яго яркі, стыль ляканічны, ясны. Паведамленьне ідзе за паведамленьнем, пастанова — за пастановай, прыказ — за прыказам.

Паміж іншымі пастановамі тут зрадзілася пастанова і аб друкованым слове:

“Перасіліваючы якія ня былі б перашкоды і трудноты, — неадкладна арганізаваць рэдакцыю і друкарню для выдавецтва газэты, агітацыйных адозваў і брашураў.

Пастанову сягоньня-ж перадаць пад распіску …-у для выпаўненьня задань[н]я”.

— Німа што сказаць: удружыў, умазаў п. Аляксюк …-ага раздумываю, седзячы ў кутку вагону і ўгледаючыся праз вакно ў незнаную даль.

Дый большасьць нашага штату, якія ня былі заняты работай, пільна адзін праз другога ціснуліся да вокнаў. Нічога цікаўнага, разумеецца, там покуль што ня было, але ў хуткім часе гэтае “цікаўнае” спадзяваліся ўгледзіць: вольную зямліцу — Вольнай Беларусі.

Раз за разам стрымліваючыся, бо чыгуначная лінія шмат у якіх мяйсцох была зруйнована і толькі насьпех крыху падпраўляна, цягнік асьцярожна падкачываўся да граніцы, дый урэшці саўсім стаў: дарогу перарэзала глыбокая і шырокая рэчка, праз якую даўнейшы мост так быў парваны, пакерашаваны, што здавалася здалёк — бытцам вісяць нейкія вялізарныя, моцна парваныя анучыны і фантастычныя шнуры.

Каб папасьці ў “Сваю Хату”, прыходзілася, робячы значны наклад, дальш перабірацца хто на падводах, хто — на самаходзе.

Жыхары, якія круціліся то ў зад, то ў перад і па дарогах, і каля рэчкі сталі цяпер гуртам зьбірацца каля нашага вагону і цікаўна-зьдзіўлёнымі вачыма ўзіраліся на яго.

Як толькі даведаліся ў чым тут справа, — неколькі маладзейшых хлопцаў кінуліся ў блізкае — вярсты 1,5 мястэчка, і мы не агледзіліся, як падвода за падводай пад’ежджалі як найбліжэй да нашага вагону.

Паказалося што ўсе тутэйшыя жыхары ня толькі дасканальна зналі мэту Балаховіча, але некаторыя — усьпелі ўжо яго пабачыць і пагаварыць з “бацькам”.

Зналі так сама і чакалі прыезду членаў Беларускага Палітычнага Камітэту, каб ім уручыць пастанову сваіх сходаў і параіцца, што дальш рабіць, чаго трымацца, чым памагчы, каб хутчэй вызваліць з пад бальшавікоў сваю Бацькаўшчыну.

Трэба ведаць, што пад той час шмат было асабліва маладзежы, якая ўцекла і крылася тут ад бальшавікоў. Цяпер яны зваліся ў ахвотнікі, але каб толькі папасьці ў “сваё” войско.

Грамада нашых новых знаёмых кінулася ў вагон, разхватала нашыя рэчы і разлажыла іх на фурманкі.

Яшчэ момант і абоз скрануўся.

Але паехалі ня ўсе разам: адна фурманка з двума, закутанымі ў нейкія паласатыя пасьцілкі, седакамі зьвярнула ў старану ад тракту — на пуцявінку і — не зважаючы на карэньні і груду хутка скрылася ў зарасьняку.

Куды? Чаго? — Каму трэба было — той ведаў — куды і чаго, а каму ня трэба — той таксама ведаў, што ўсё роўна не дапытаецца — і… маўчаў.

Дарога была цяжкая — настаяшчая беларуская дарога, ды яшчэ ў Піншчыне: то глыбокі пясок, то груда замёрзлага балота, — дык езда была няспорная.

У Кажан-Гарадку — першым мястэчку, якое было па дарозе — прыйшлося затрымацца: жыхары мяйсцовые зьвярнуліся з просьбай да Беларускага Палітычнага Камітэту празначыць членаў сваіх для прысутнасьці на тутэйшым сходзе, на якім і састаўлена была пастанова такога зьместу.

“1920 г. 4-га лістападу, Кажан-Гарадок.

Сход сьвядомых беларусаў.

Прысутнымі былі: 1) Стахоўскі-Стаховец Мікалай, 2) Мацкевіч Грыгор, 3) Войцехоўскі Павел, 4) Дамашэвіч Грыгор, 5) Стаховіч Дзьмітро, 6) Стаховіч Максім, 7) Малафейчык Васіль, 8) Старшыня Бел. Палітычн. Камітэту Вячэслаў Адамовіч, 9) Начальнік Канцэлярыі Бел. Паліт. Кам. Бэкіш Язэп, 10) Афіцэр для даручэньняў пры Бел. Пал. Каміт. Машчынскі.

Вынясены пастановы:

1) Арганізаваць па валасьцёх і мястэчках Беларускіе Нацыянальные Камітэты для пашырэньня сярод жыхароў нацыянальнай сьвядомасьці і руху і падтрыманьня абароны Бацькаўшчыны ад камуністаў-бальшавікоў.

2) Усе арганізаваныя Камітэты павінны працаваць пад дырэктывам Беларускага Палітычнага Камітэту пры арміі гэнэрала Булак-Балаховіча, які пайшоў з сваім слаўным войскам і беларускімі партызанамі вызваляць нашую родную старонку ад ворагаў.

3) Камітэты павінны напраўляць усіх дабравольцаў у Бел. Паліт. Камітэт, які назначае іх у Беларускія часьці.

4) Прасіць Бел. Палітычны Камітэт аб адкрыцьці беларускіх школ у Кажан-Гарадэцкай, Плотніцкай і Столінскай (у арыгінале тут і далей — “Сталінскай” — СЁ) валасьцях.

5) Прасіць Стахоўскага-Стахоўца асабіста перадаць Бацьку Булак-Балаховічу ніжэй напісаную рэвалюцыю:

Мы беларусы-хлебаробы Кажан-Гарадэцкай, Плотніцкай і Столінскай воласьцяў, горача вітаем Вас, дарагі Бацька Булак-Балаховіч, і жадаем Вам поўнай удачы ў вялікай справе асвабаджэньня нас і нашай Бацькаўшчыны з пад бальшавіцкага ярма.

Так сама просім далажыць усіх стараньняў, каб нас, адарваных Рыжскім прэлімітарным мірам, далучыць да роднага нашага краю — Беларусі і бараніць нас ад усіх тых, хто на наш край пасягае.

З свайго боку абецаем уселякую дапамогу — чым толькі зможым.

Хай жыве незалежная Беларусь!

Хай жыве наш правадыр Бацька Булак Балаховіч!

Прэстаўнік Плотніцкай воласьці: Мікалай Стахоўскі.

Прэдстаўнікі Кажан-Гарадэцкай воласьці: Вайцехоўскі, Мацкевіч Грыгор, Дамашэвіч Грыгор, Стаховец Дзьмітро, Стаховец М., Малафейчык”.

Гэткія і падобныя сходы і пастановы адбываліся на ўсей дарозе, дзе прыходзілася праежджаць Беларускаму Палітычнаму Камітэту і гэта, само сабой, стрымоўвала язду.

Апрача таго, шмат воласьцяў — як Давід-Гарадзейская, Альшанская і інш. — пасылалі свае дэлегацыі на фронт — асабіста перагаварыць аб вызваленьні Беларусі з Бацькам Булак-Балаховічам.

Мінула некалькі дзён. Конны кур’ер нагнаўшы на папасе ў нейкай вёсцы абоз Бел. Паліт. Каміт., і хутка саскочыўшы з каня, адвязаў туга нечым набіты мех і ўбег у хату, дзе пасілкаваліся члены Камітэту. Разьвязаўшы мех, кур’ер страсануў яго: адтуль пасыпаліся, павязаныя пачкамі, беларускія друкаваныя адозвы і выглянуў на сьвет першы нумар “Зьвястуна”.

Зьдзіўленьне і радасьць — былі агульныя.

Цяпер толькі ўсе дагадаліся і ўспомнілі тую фурманку, якая скруціла з тракту на пуцявінку…

Быў і ліст ад Рэдакцыі:

“Вітаючы Беларускі Палітычны Камітэт з першым нумарам “Зьвястуна”, паведамляем: маемо паперу, шрыфт, машыны, фарбу і рабочых, але варункі працы вельмі цяжкіе — уся друкарня месьціцца ў халоднай будыніне, дык наборшчыкам пальцы мёрзнуць пры рабоце, а друкуючы — застывае фарба, дзеля гэтага адбіткі выходзяць бледныя. Іншага адпаведнага памешканьня пад друкарню няма. Але дармо: неяк будзем даваць раду. Кур’ера (хлопец пэўны) доўга не трымайце і прышліце праз яго ўвесь матэр’ял, які патрэбны для друку — зробім усё, што трэба”.

“Зьвястун” выйшаў друкаваны гражданкай; адрэс рэдакцыі быў глухі: “мейсца пастою штабу Арміі; выдавецтва — Беларускага Палітычнага Камітэту”.

“Зьвястун” у першым сваім нумары коратка, але ясна выказаў сваю праграму:

1) Незалежная Вольная Беларусь.

2) Беларуская Армія на чале з Булак-Балаховічам.

3) Беларускі Ўстаноўчы Сойм.

“Зьвястуна” — ня то што расхоплівалі, а проста вырывалі адзін у другога з рук — як па мястэчках і вёсках, так і сярод войска.

***

Тураў — першы горад ужо Вольнай Беларусі

Адозва, якую першай цяпер прывезьлі, была даслоўна ось такая:

Да Жыхароў Беларусі.

Да Вас, жыхары, змучанай, зьніштожанай Беларусі зьвяртаемся:

Ідзе і хутка ў Вас будзе наш Бацька гэнэрал Булак-Балаховіч з Народнай Ахвотніцкай Арміяй, пасля паўстаўшымі беларускімі хлебаробамі і партызанамі Зялёнадубцамі.

Ідзе ён з вялікай, моцнай сілай, каб уратаваць Вас ад бальшавіцкай няволі і зьдзеку, ад камісарскіх гвалтаў, ад заразы камунізму і ад крывавага тэрору.

Ідзе, каб хутчэй даць Вам тую зямлю, якую да гэтага часу бальшавікі давалі толькі на паперы, а сапраўды заводзяць “Савецкія хазяйствы”, дзе Вас — гаспадароў — рабілі парабкамі, над каторымі панавала і прыганяла шайка прыблудаў-камуністаў.

Ідзе, каб зрабіць Вас гаспадарамі у сваей хаце, каб даць магчымасьць працаваць для сябе, а не на карысьць гультаёў-камуністаў і камісараў, набіваючых Вашым потам і кроўю свае кішэні.

Ідзе, каб зрабіць Беларусь Незалежным Гаспадарствам.

Ось дзеля чаго ідзе да Вас наш дарагі бацька.

Дык сустрэкайце ж яго ўсе беларусы — як збаўцу, як роднага бацьку — з хлебам-соляй. Памагайце яму, хто чым зможа. Рабіце сходы ў вёсках, сельскіх вобшчэствах і валасьцёх; састаўляйце прыгаворы, самі ганіце ад сябе бальшавікоў і камуністаў, адымайце ад іх стрэльбы, амуніцыю, снаражэньне і нясіце ўсё з сабой да Бацькі. Рабіце гэта хутчэй, не адкладаючы, покуль ёсьць час, бо прыйдзе вясна — трэба будзе працаваць на полі.

Хто мае моц трымаць у руках вінтоўку, — той нехай сам ідзе ў Беларускае войска бяз уселякай прынукі, ведаючы, што чым болей будзе аружнай сілы, тым хутчэй можна будзе прагнаць з нашай зямелькі шкодных ворагаў, тым хутчэй настане парадак і свая народная ўласьць.

Дык ось што:

Хто лічыць сябе Беларусам і жадае шчасьця сваей матцы Незалежнай Беларусі,

Хто хоча спакойнай працы і лепшага жыцьця,

Хто проці гвалтаў над спакойнымі жыхарамі, проці крывавага тэрору, зьдзеку, “чрэзвычайкаў” і камісараў, хто проці грабежства чужога дабра —

Усе тые, не трацячы ні аднэй хвіліны, павінны сьпешацца да Бацькі. Праца знойдзецца для кожнага чалавека.

Не бядуйце і ня бойцеся і тыя, якія служылі ў бальшавіцкіх камісарыятах і ў чырвонай арміі: нехай і яны ўсе сьмела ідуць да Бацькі — ніякай кары ня будзе, калі самі па сваей ахвоце заявяцца і здадуць, у каго засталося, аружжа.

Хай жа па ўсей Беларусі прагрыміць наш кліч!

Хай прачнуцца людзі і ўсёй грамадай, разам з Народнай Ахвотніцкай Арміяй і партызанамі — ідуць пад правадырствам Бацькі Булак-Балаховіча на апошні крывавы бой з ворагамі — бальшавікамі-камуністамі.

Хай жывець Незалежная Беларусь!

Хай жывуць Народная Ахвотніцкая Армія, Партызаны — хлебаробы і Зялёнадубцы!

Хай жыве наш дарагі правадыр — Бацька Булак-Балаховіч!

Прыхадзілася пісаць адозвы і ў расейскай мове, якія праз сваіх агэнтаў пасылаліся далёка за фронт і разкідываліся паміж краснаармейцаў.

Але газэты і адозвы — гэта адно, а распараджэньні, пастановы і прыказы ад імяні Беларускага Палітычнага Камітэту — саўсім што другое: для большага аўторытэту іх — трэба было неадменна афіцыяльна і публічна прыняць тую грамадзянскую ўладу ад імяні якой выходзілі пастановы. Гэта мог зрабіць толькі галоўнакамандуючы ўсімі збройнымі сіламі і Народны Беларускі атаман гэнэрал Булак-Балаховіч.

Прысьпяшыць гэты акт Беларускі Палітычны Камітэт уважаў патрэбным яшчэ і дзеля таго, што сталі даходзіць весткі аб нездаваленьні сярод вышэйшых штабовых кругоў, куды заселі пераважна даўнейшыя царскіе афіцэры маскалі, або яшчэ горш — рэнэгаты маскаляфілы — нездаваленьні тым чыстым (мо’ нат’ крыху шавіністычным) нацыянальным беларускім рухам, які выклікаў Беларускі Палітычны Камітэт і тым напрамкам, таксама беларуска-нацыянальным, які ярка выкрысталізоўваўся ў гэн. Балаховіча.

А што канешна як найхутчэй трэба было адмежавацца чыста беларускім —асабліва вайсковым — аддзелам ад агульнай масы Народнай Ахвотніцкай Арміі — гэта было ясна: у склад агульнай Народнай Арміі усьцяж наплывалі ахвотнікі. Гэта былі людзі найбольш прыпадкова загнаныя сюды то з глыбокай Расеі, як Яраслаўцы, Тульскія, Казанскія, Тамбоўскія і г. д., то з далёкага Сыбіру, то з Каўказу і інш.

Гэта былі тыпы найчасьцей здэмаралізаваныя, нездатныя да ніякай спакойнай, сыстэматычнай працы і цяпер яны выбралі сабе ваяцтва толькі як выгадную і даходную прафэсію.

З гэткімі жаўнерамі (ці нат’ афіцэрамі) чужынцамі, налётчыкамі — беларусам было не па дарозе — паміж імі нічога супольнага ня было і быць не магло. Сама нат’ псыхалёгія гэтых людзёў страшэнна розьнілася, не кажучы ўжо аб тым, што мэты наступу на бальшавікоў у кожнага былі саўсім іншыя.

Беларусы ішлі асвабаджаць сваю Бацькаўшчыну ад чужынцаў камісараў з іх прыслужнікамі-камуністамі і заняць свае мейсцы у сваей роднай хаце; чужынцы-налётчыкі пільнавалі і карысталіся мамэнтам, каб як колячы ўварвацца першымі ў сяло, мястэчка, ці яшчэ лепш — горад, дзе можна было б пажывіцца чужым дабром. Для іх — пагромы, пажары, руйнованьне нашага краю — саўсім не абходзілі, не аблелі…

Ні сам Балаховіч, разумеецца, прыймаў у войска ахвотнікаў, а штаб, у якім да беларускай справы было больш воражасьці, чым прыхільнасьці, дык трудна нат’ напэўна вырашыць, ці прыйманьне так непажаданых, шкодных для ўсяе справы элемэнтаў, якімі былі налётчыкі, была толькі нядбальствам, ці злой воляй.

Скарэй за ўсё, што было там — у штабе — адно і другое. А рэзультат быў адзін: правакацыя беларускай справы.

Інакш лічыць, мягчэй назваць — ня прыходзіцца: беларуская тэрыторыя, беларускі галоўнакамандуючы, — беларускі палітычны камітэт і сумныя выпадкі пагромаў і грабежства.

Гэта не важна, што такіх выпадкаў было ня многа, як не важна, што такіх галаварэзаў разстрэльвалі тут-жа на мейсцы, а парадак, спакой і закон хутка ўвадзіліся на асвабаджоных ад бальшавікоў абшарах, але факт-фактам: вырадкі былі, а гэтага было досыць тым, каму гэта было на руку, — каб з камара зрабіць вала: раздзьмухаць іскрачку ў попялішчы, а тады крычаць на ўвесь сьвет праз радыё: “всем, всем, всем!” — глядзіце, што робіцца на Беларусі, глядзіце, што там даказывае Булак-Балаховіч.

Якую ролю ў ва ўсей гэтай справе іграў Б. Савінкаў, — рашуча сказаць нельга: пэўна ж — пагромаў не арганізоўваў, але пры звычайнай кіпучай яго энэргіі — у гэтых выпадках прыкмечалася быццам нейкая пассыўнасьць, інэртнасьць.

На жаль, прыходзіцца адзначыць, што некаторыя і беларускія групы з усіх сіл раздзьмухівалі тую-ж іскрачку на тым жа пепелішчы.

Мо’ справядлівей было б назваць ня групамі, а разкіданымі адзінкамі, якія цяпер падалі сабе рукі, каб супольнымі сіламі бараніць супольныя інтарэсы. Яны варожа сталі да ўсяго, што пагражала іх надгніўшым, але выгодным міністэрскім крэслам і туга набітым платанічна-папяровымі рэзалюцыямі  партфэлям.

Словам — націснуты былі ўсе спрунжыны, каб як найбольш зашкодзіць таму вялікаму рэальнаму заданьню ў справе беларускай, якое намецілі сабе і Булак-Балаховіч і Беларускі Палітычны Камітэт. Але ворагам гэтай ідэі ўдалася іхняя работа толькі ў далі ад фронту; а тут — на мейсцы — на частцы ўжо асвабаджонай Беларусі — дзеялася саўсім што іншае, і беларускі народ з усей сілай свайго размаху прымкнуў да супольнай працы над адбудовай сваей Бацькаўшчыны.

Дык і дзівіцца німа чаго, што калі надыйшоў дзень аб’яўленьня Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі і перадачы ўлады грамадзянскай г[энэралам] Балаховічам у рукі Беларускага Палітычнага Камітэту, — дзень гэты стаўся вялікім гістарычным, нацыянальным сьвяткаваньням.

Тураў са сваімі старасьвецкімі, гістарычнымі мурамі, як першы горад ужо Вольнай Беларусі празначаны быў для гэтага сьвяткаваньня.

***

Генэрал Станіслаў Булак-Балаховіч: Няхай жыве незалежная Беларусь!

7-га лістапада 1920 г. з самай раніцы, як жывыя, даўгія, рожнакалёрныя істужкі — вялізарнымі вузакамі сунуліся з рожных старон натоўпы народу на Тураў.

У вуліцах гораду істужкі гэтыя часова разрываліся, крыху блыталіся, але кіраўнікі сьветкаваньня сягоньняшняга дня спатыкалі іх, парадкавалі, заводзілі на пляц і разстаўлялі там групамі паводлуг раней прыгатаванага пляну: дэлегацыі як ад хрысьціян, так і ад жыдоў займалі адну старану пляцу, царкоўныя — з харугвямі і хорамі — працэсіі займалі асобныя мейсцы — бліжэй, спэцыяльна збудаванага на сягоняшні дзень, аўтару.

Сталі надыходзіць і вайсковыя часьці, паміж каторымі чыста беларускія аддзелы выстройваліся ў пярэдніх радох.

Пад той час былі ўжо сфармованы: 1-шы Беларускі Менскі Полк стральцоў, Магілёўскі Полк, Вітэбскі Полк, 1 батальён у Астроўскім Палку і Эскадр[он] Кавалерыі.

А гадзіне дзесятай з крэстным ходам, харугвямі і хорамі надыйшло мяйсцовае духавенства. Стала зьбірацца і начальства: Б. Савінкаў са штабам расейскай арміі, прадстаўнікі англійскай палітычнай і ваеннай місіі, Беларускі палітычны Камітэт са сваім штатам, а ўрэшце зьявіўся і гэнэрал Булак-Балаховіч са сваім штабам.

Пачалося малебства, у канцы якога духоўнік праваслаўны магутным голасам прапеў: “Незалежнай Беларускай Народнай Рэспубліцы — Многія Леты!” “Мно-о-гі-я Леты, Мно-о-гі-я Ле-е-ты!” — падхапілі царкоўныя хоры, падхапіла гэтыя словы і войска, падхапіў і ўвесь прысутны тут Народ!

Пяялі — як хто мог, як хто ўмеў, а ад гэтага магутнага акорду народнага — здавалася — грымеў увесь Тураў, а рэха, як і думкі прысутных тут Беларусаў каціліся безканечна далёка…

Хай бы хоць на адзін гэты мамэнт апынуліся тут цяпер тыя беларускія чыноўнікі — міністры і іх служкі, якія — седзячы на мягкіх крэслах цёплых памяшканьняў Вільні, Горадні і заграніцы — выкпівалі і аблівалі памыямі ў сваіх канцэлярскіх рэзалюцыях і часопісах жывую рэальную працу Беларускую, а пэўна-ж, што іх жорсткасьць і самалюбства растаялі б ад агульнага народнага энтузіязму: пэўна-ж — загарэліся б і іх вочы, забілася-б — шчыра забілася-б і іх беларускае сэрца, а з грудзёў — ня пытаючы ўжо чыноўніка — вырваліся б тыя ж самыя словы, ад якіх цяпер грымеў Тураў.

А мо б каторы ўкрадкам і няпрошаную сьлязінку я вока змахнуў, як не адзін з прысутных тут у гэтую вялікую гістарычную хвіліну — нязначна змахіваў іх…

Так: гэта ня была камэдыя, гэта ня была заўчасу задуманая авантура — гэта быў шчыры ідэйны парыў, абвеены глыбокай любоўю да свае замучанае Бацькаўшчыны…

Пасьля малебства праваслаўнага духавенства, мяйсцовы рабін з дэлегацыямі жыдоўскімі адправілі свае малебства, у канцы якога таксама прапяялі малітвы за “Вольную Беларускую Народную Рэспубліку”.

На пляцы сьціхла.

Беларускі Народны Штандар захістаўся ў руках г[энэрала] Балаховіча. Ён сваім быстрым, цьвёрдым крокам, падышоўшы да сяброў Беларускага Палітычнага Камітэту, падняў яго высока ў гару і раптоўна апусьціўшы моцна і глыбока ўбіў — убіў Беларускі Штандар у Беларускую Вольную Зямлю.

А на пляцы была такая цішыня, што чутно было, як быццам ёкнула гэтая зямля…

“Я — сын гэтай няшчаснай зямлі, — пачуліся на ўвесь пляц словы Балаховіча. — Урачыста прысягаю, што не палажу аружжа, пакуль не асвабаджу радзімага краю ад узурпатараў. Прысягайце і вы са мной, што пад гэтым дарагім для нас Штандарам Народным — пабядзім, або памрэм! Няхай жыве Незалежная Беларусь!”

Яшчэ хвіліна цішыні, а пасьля — як бы раптоўна прарваўшыйся вялізарныя хвалі пакаціліся па ўсім Тураўскім пляцы:

“Няхай жыве Незалежная Беларусь! Няхай жыве Незалежная Беларусь!!”…

Тымчасам ад імені Беларускага Палітычнага Камітэту П. Аляксюк прыняў з рук Балаховіча Беларускі Народны Штандар — як эмблему грамадзянскай улады ў Вольнай Беларусі і перадаў Яго старшыні Камітэту.

У гэты момант паднесьлі Беларускі сьцяг, празначаны Менскаму палку. П. Аляксюк, узяўшы яго ў рукі, прамовіў да г[энэрала] Балаховіча:

“Магутны Сын Беларускі! Камандуючы Народнай Арміяй! Сягоньня — сьветлы дзень у гісторыі Беларускага Народу — дзень, у які Ты, Вялікі сын нашай зямлі, кроў з крыві, косьць з косьці нашага народу, зысьціў (ажыцьцявіў — СЁ) мары нашых дзядоў.

Гэта Ты, Наш Сын, сьмела і горда падняў штандар незалежнасьці над радзімым краем. Сягоньне на свабоднай зямлі Беларускай Рэспублікі развяваюць нашыя штандары. У гэты гістарычны дзень Беларускі Палітычны Камітэт даручае скромны дзяржаўны сьцяг Табе, Магутны Сын Беларусі, з просьбай аддаць яго Першаму Менскаму Беларускаму Стралковаму Палку, які пад Тваім правадырствам здабывае крывёй родную зямлю.

Магутны Сын Беларускі! Ідзі сьмела ўперад, удрузі беларускія штандары над гарыстым Смаленскам, нізінамі Вітэбска і бурным Дняпром Магілёўскім… ідзі за Табой і з Табой увесь беларускі сялянскі народ, бо Ты яго сын. Ты — сапраўды дасі яму зямлю і волю. Як адзін чалавек — уся Беларусь паўстане на Твой зоў. Мары пакаленьняў — сталі явам… Беларусь уваскрэсла… Беларусь жыве… сымвал гэтага жыцьця перадаю ў Твае магутныя, Сын Беларусі, рукі…

Г[энэрал] Балаховіч, прыймаючы з рук П. Алексюка палкавы сьцяг, у сваіх словах подкрэсьліў, што ён, — як родны сын Беларускай зямлі — прыняў на сябе заданьне асвабадзіць яе ад чужынцаў-наезднікаў. Ён шчасьліў будзе бачыць сваю Родзіну — Незалежным Гаспадарствам і цьвёрда верыць, што гэта ў хуткім часе збудзецца.

Камандзер Менскага палка палк. Стрыжэўскі, прыняўшы з рук г[энэрала] Балаховіча нацыянальны палкавы сьцяг, сказаў, што Менчукі гатовы моцна ўдарыць на ворагаў, каб хутчэй вызваліць родную зямельку ад бальшавікоў. Родны штандар, як сьвятыню, будуць бараніць і не пазволяць, каб чужынцы гаспадарылі ў роднай Незалежнай Беларусі.

Пасьля яшчэ іншых рожных прамоваў выступіў палкавы сьвяшчэньнік Абрамовіч і сказаў:

“Сягоньня сабраліся мы на зямлі нашай роднай Беларусі, каб выпрасіць благаслаўленьне Бога для вялікага заданьня — асвабаджэньня сваей Родзіны ад іга бальшавіцкага.

Хрыстос сказаў: “дзе два, або сабраньне ў імя Маё — там і Я сярод іх”. Нас сабралася для малітвы ня два, ня тры, а тысячы.

З нашай малітвай нясуцца да Бога стогны няшчасных ахвяр, яшчэ ня вызваленых.

Смела ідзіце ўперад з Богам пад правадырствам нашага дарагога Бацькі Булак-Балаховіча — там вас — сваіх дарагіх асвабадзіцеляў — чакаюць і дачакацца ня могуць”.

Прамовы скончыліся. Паміж войска — нязначны рух… Але вось ударыла, загрымела вайсковая музыка, ад якое спачатку быццам толькі скалыхнуліся палкі, а пасьля — стройныя рады іх спранжыстым, шпаркім крокам сталі прахадзіць цэрамоніяльным маршам перад сваім начальствам, на чале каторага стаяў Балаховіч.

Гэнэрал быццам перарадзіўся: твар яго гарэў, вочы — сур’ёзныя, нат’ строгія — здавалася пранізывалі кожнага жаўнера і толькі — як бы саўсім незалежныя ад усяго твару — час ад часу здаволена ўсьмяхаліся.

Яркім голасам вітаў гэнэрал усе прахадзіўшыя часьці беларускага войска…

Сябры англійскай місіі былі вельмі зацікаўлены і зьдзіўлены ўсімі парадкамі сягонешнега дня, вялікімі нацыянальнымі праявамі ўсіх прысутных і стройнасьцю і дысцыплінай маладога беларускага войска. Яны раз за разам ляскалі сваімі фатаграфнымі апаратамі, паясьняючы, што гэтыя адбіткі пойдуць у англійскія журналы, якія зараз-жа прышлюць сюды — на фронт.

Зьдзіўлены былі ня толькі англійцы — зьдзіўляны былі ўсе так неспадзявана ўдалым днём беларускага сьвята.

Гэты дзень  назаўсёды застанецца вялікім, гістарычным, ніколі незабытым днём — для нашай дарагой Бацькаўшчыны — Беларусі!