За што і за каго тут сёння паміраць? — Гаворыш ты і п’еш праклятае віно,  І на цябе, як звар’яцелага, глядзяць Усе, хто разам піў з табой даўным-даўно.

 

 

—За што і за каго тут сёння паміраць?—
Гаворыш ты і п’еш праклятае віно,
І на цябе, як звар’яцелага, глядзяць
Усе, хто разам піў з табой даўным-даўно
У гэтым бары, дзе святло, як п’яны дым,
І дым, нібы святло, плыве-цячэ праз нас
І, поўнячы нам душы сумам незямным,
З нас вымывае Богам дадзены нам час…

—За што і за каго тут сёння паміраць?—
Гаворыш зноў, нібы забыўся ты, што тут
Не толькі гэты дымны бар, а родны кут
І нашы дзеці з вераю на свет глядзяць
І спадзяюцца, што не ўсё мы тут прап’ём,
А нешта застанецца і на долю іх,
Яшчэ малых, а ўжо амаль зусім чужых.
Мы ў іх сябе даўным-даўно не пазнаём,
І ці пазнаем, як не пазнавалі ў нас
Сябе і нашыя бацькі. Быў лепшы час,
І лепшае віно, і лепшыя сыны,
Што не баяліся ні міру, ні вайны…

“За што і за каго тут сёння паміраць?”—
Віна напіўшыся, нікога не пытай,
Бо ёсць бацькі, сям’я, сябры, ёсць родны Край,
Што на цябе яшчэ глядзяць…

З кнігі «Балада камянёў», 2006