Далёка не заўсёды адносіны паміж каханымі празрыстыя і лагодныя, як неба ў сонечны дзень. Бывае, што і ў пагодлівых высях раптам пагрозліва блісне маланка, прагрыміць гром. Ці не такія ж нечаканасці тояцца ў інтымных пачуццях, асабліва калі ў іх пераважае гарачая і нястрымная да самазабыцця жарсць? Яна незаўважна лёгка можа парушыць гармонію духоўнага і фізічнага пачаткаў, пазбавіць далікатнасці і ўзаемапавагі ў адносінах, што прыводзіць да крыўдаў, надломаў, а ўрэшце да разрыву.

Два нешматслоўныя, але глыбока шчырыя вершы розных аўтараў адлюстроўваюць акурат магчымасць такіх праяў. Чытач, думаецца, зразумее і параненую душу лірычнай гераіні В. Аксак, і адмаўленне героем беластоцкага паэта Я. Вапы душэўнай спустошанасці ды яго рашучы крок да расстання…

Валянціна Аксак

Мая душа ў скарбонцы цела —

і ні вакон, і ні дзвярэй.

Ніхто не бачыў, як трымцела,

калі агонь яе твой грэў.

Ніхто не чуў, як колкі холад

працяў яе эфірны стан,

як, наталіўшы плоці голад,

ты прашаптаў:

«Кахаю здань…»

***

Яўген Вапа

Ціхія словы на світанку

перад ад’ездам

жар папяросы і кароткі кашаль

не можаш зразумець

што значыць свабода

расстанемся ў болі

гневе нянавісці

лепшае гэта ад засушаных

кветак

што вісяць над тваім ложкам

Мо яшчэ так застанемся

ў жывых