Алесю Паплаўскаму – 55! Гэтай важнай ва ўсіх сэнсах, але прамежкавай жыццёвай мяжы ён дасягнуў у цудоўнай фізічнай  і творчай форме. За плячыма  ў пісьменніка  два паэтычныя зборнікі і сем аповесцяў. Атрымана таксама  некалькі прызоў, адзін з якіх – літаратурная прэмія «Залаты апостраф» часопіса «Дзеяслоў» – зусім нядаўна, у 2012 годзе.  І мяркуючы па тым, як ён крочыць па гэтай дыстанцыі, яму не трэба чакаць, калі адкрыецца нейкае другое або трэцяе дыханне. Ягоная творчасць набірае абароты, з кожным новым творам узрастае энэргія ягонага літаратурнага таленту. Віншуем і жадаем яму такога чытача, які б не адставаў ад пісьменніка. Ад рэдакцыі bk-brest.by

***

Сыход вялікай чорнай хвалі.

Бяссоннем стурзанае цела.

Бясполы профіль у правале

Майго акна з фіранкай белай.

Святло і рух. Бясформнасць гукаў.

Твайго вяртання немагчымасць.

Самаўяўленне

як  навука

Шторанку слухаць ноч вачыма.

Несувымернасць цмяных блікаў

З нямога тла сатруць далоні…

Там толькі цень сухой галінкі

Дрыжыць

на брудным падваконні.

***

Вар’яцтва мрояў… Холад небыцця…

Туга – не лекар. Страх – не абаронца.

Дзве стрэлкі на гадзінніку Быцця

Разматваюць маўклівую бясконцасць.

Сапраўднасць адкрывае галізну

Сапраўднасці нязбытных абяцанняў.

Дзве лініі сыходзяцца ў адну

Размытую адлегласцю чакання.

Жыццё, як шал, як звычка спакушаць,

Як марнасці наіў, як грэх адхлання…

Ахрыплым рэхам выпырхне душа

З пустэльні цесных, душных памяшканняў.

Паломніцтва ў суладдзе, дзе Сусвет

Вартуе сум нявыплаканай Моўчы,

Дзе слёз маіх застыг нябачны след

Усмешкай тых, хто здрадзіць мне аднойчы…

***

Чатыры градусы цяпла.

Прапахла дымам наваколле.

Панура вечар ля жытла

Калыша непагадзь над голлем.

На прэлым лісці свежы след

Вятроў пранізлівых, прыблудных.

Спрыяльны час – ён здзівіць свет

Прышэсцем новага Іуды.

Вартуе крокі цішыня

У прадчуванні дня агледзін.

Чакаць?… Змірыцца?…

І прыняць…

Прыціх натоўп на плошчы недзе.

***

Зноў навырост на грудзі лёг

Нясцерпны боль – і ўсё багацце…

Прасуюць сотні брудных ног

Дарог асмуглае распяцце.

Акамянелы холад дня

Сваю дыктуе незалежнасць.

А я твой вязень, цішыня.

Мая турма – твая бязмежнасць.

***

За думкамі – нашы словы.

За словамі – нашы справы.

Як часта ў палацы новым

Замок на дзвярах іржавы!

Няўцешнасць – за грэх адплата.

Бязмежнасць – яшчэ не воля.

І брытвы ў руках у ката

Не толькі, не толькі голяць…

 

***

На знявечанным ветрам дрэве

Невядомасць калыша ранне.

Ля калодзежа чорны певень,

Як дзівак,  на ўвесь свет гарланіць.

І трасе журавель пахілы

Перабітай драўлянай шыяй.

Дажывае, губляе сілы.

Дажывае… І сэрца ные.

І па целе — мароз ад песні,

Ад успомненых слоў прарочых,

Што, як злодзей, стаяць ля весніц

Буду некалі я да ночы.

Дык стаю ж… З-пад нябёс да горла

Цягнуць дрэвы густое голле,

І нячутны мне шэпча голас:

— Не прыходзь больш сюды ніколі.

***

Вашы пальцы на клавішах. Снег…

Шэпт маўчання ля белай сцяны.

Палахліва да шыбіны льне

Безаблічча скажэнняў шкляных.

Зноў карміцца з рукі нематой.

Несапраўднасцю жыць люстраной.

Чорным птахам ляцець праз нішто

На пажоўклым, кітайскім пано.

У фарватары ліній прамкіх

На плыце з чарапічнай лускі

Плыць пылінкай сляпой за блакіт

Залатой вертыкальнай ракі.

Браць на смак наўздагад з веку ў век

Першароднай тугі адгалос.

І сачыцца праз пругкасць павек

Электрычнымі стыгмамі слёз.

***

Спадзявацца, кахаць, ня верыць…

І вяртацца… Які ўжо раз?

Хтось пастукае ціха ў дзверы,

Каб нахабна сказаць: “Пара!”

Хоць вазьмі і спыні гадзіннік –

Непадкупны, няўмольны час.

Цені рук на шпалерах сініх,

І дакор, і жальба ў вачах.

Падхаплюся, як быццам злодзей:

Нехта чорны ў тваім акне.

Ты цнатліва: “Ён хутка пойдзе!”

Ды з-за вокання зноўку: “Не!”

***

У шэрасці шэрасць не мрояць…

Прасмердла крыўляннямі існасць.

Спасцігнем  нікчэмнасць выслоўяў

І верым наіўна ў наўмыснасць.

Спакуса пахмельных “мяшанак”.

Вячэра – сняданак галодных.

Але напачатку быў ранак,

І мы з табой верылі ў Годнасць.

Святло – ціхамернасці поўнасць.

А змрок валадарыць начамі.

Спачатку была Выпадковасць

І ў ёй мы былі гледачамі.

Прайшла сузіранняў хлуслівасць.

Калі?.. Не заўважылі самі.

І нашы Любоў і Цнатлівасць

Наскрозь загніваюць грахамі.

***

Дабрынёю тваёй неспазнанай

І чужой мітуснёй безгалосай

Нечакана апусціцца ранак

Праз дзіравую наледзь нябёсаў.

І святло варухнецца на нітцы –

Дзвюх фіранак крануцца далоні.

Твар маўкливы Хрыста ля бажницы

З цемры выхапяць золкія промні.

Сціхнуць крокі далёка ў прасторы.

Сэрца сціснецца ў скрусе і жалю.

І жанчына цнатлівая ў чорным

Тры грамнічныя свечкі запаліць.

Прамільгне перажытае ночы

Раскудлачаны сполах адценняў,

І шчасліва засвецяцца вочы

Недзе ў іншых зусім вымярэннях.