Па матывах японскай літаратуры і кінематографа.

 

***

самураі з фільмаў пра самураяў
ніколі ня елі сушы
ў рэстарацыях з назваю “самурай”
і нават ня бачылі фільмаў пра самураяў
як ня бачылі іх мазгі
пытання наколькі іх дзеі адпавядаюць
фармальнаму заканадаўству
ня верыце зверце
з рознымі дакументамі
пачынаючы з фільмаў пра самураяў
як ня ведалі іхнія сэрцы
пытання пра практычны рэзон
учынкаў улюблёных
персанажаў
што гэта ў параўнанні
са шчырасцю сэрца
адданасцю
як не вучылі іх у школе
матэматыке
як не спаліў вучань
настаўленняў якія
настаўнік яму загадаў спаліць
нешта ж прадбачыў стары Ямамото
ці не кнігу ў кабіне
пілота-смяротніка
ці не попел які
не ад старонак запісаных
дбайным вучнем
непаслухмяным
самураі з фільмаў пра самураяў
паміж бардаком навокал
і абрыўкамі настаўленняў
мелі зрабіць нейкі выбар
і хто зрабіў
зварушыў
кадры з фільмаў пра самураяў
а мы іх бачылі

***

Вечар. Снег. Меч-мароз.
То — Ямато, Ямато! —
Недзе побач твой звер.

БАКУМАЦУ

смерць як суседка праходзіць міма
ты забываешся павітацца
зоркі спадаюць з галінаў жніўня
з неба вар’яцкага Бакумацу
горача ўночы а ўдзень застылы
позірк з жытла нейкі твар знаёмы
потым прызнаюцца гэта была
весела страшна і невядома
дзед Накагура ў кіно дзівіцца
п’е пасівелы сэнсэй Саіто
ўзростаў сярэдніх не далічыцца
будзе як лёсаў залой пакрытых
восень праходзіць плашчом крывавым
позірк між ночы шукае кветкі
меў нейкі шанец няпэўнай славы
хто не збаяўся тае суседкі

***

дадаю ў абранае
і хачу
так як вы адбіваць весялосцю страх
запаветны мой файл
вы
схаваная

сталёвая шпілька ў маіх валасах

***

адкуль вы родам Сайто-сэнсэй
адтуль
дзе спякліся кветкі
ў мінулым жыцці
адтуль
налі мне яшчэ каб загладзіць пытанне
а ты

СНЫ

Хіджыката-сэнсэй
уяўляеце
мне прысніўся
горад
увесь з халодных агнёў
там дзяўчынкі з ружовымі валасамі

га а мне дык і шчэ дурней
быццам бы людзі глядзелі
на сцяну велізарную а на ёй
жывыя
тэатральныя персанажы
і яны
зваліся дакладна як мы
Кондо-сэнсэй
Хіджыката-сэнсэй
Саіто-сэнсэй

а мне тое ж самае толькі ў малюнках

што вы ўжываеце сазнавайцеся я
таго ж хачу
пакаштаваць бо мне
сніцца толькі мая галава
што глядзіць
паверх твараў прахожых

***

недастаткова ўважліва
сачу
за тым каго ўваскрашае памяць

крывавыя схільнасці
дрэнныя звычкі
добрых мечнікаў

а цікава
было бы абвіць жаночымі пальцамі
рукі ў стакратнай нябачнай крыві
прашаптаць як бы лёгка
ты мог бы мяне забіць
але ж ты ваяр ты пакліканы
абараніць
прашу
не забівай
таго
хто да таго не гатовы
ўласна
ўласна вы лепей ведаеце

што з табой
запытаўся бо ўпершыню
бачыць як дзеўка
скаланаецца ў плачы
бязгучным

нічога
прабачце і не кажыце толькі
я люблю ваяроў а вас асабліва
была б мая воля я бы бясплатна
але
я не магу
толькі чуць сярод ночы крывавых гісторый
не ня ўсіх а толькі
некаторых
ўсё прабачце спадар
прабачце

вясновая ноч
залатыя агні Шамабары

***

так неймаверна дакладна
кідаецца чырвані паласа
на папяровыя перагародкі
Ікеда-я

ОКІТА СОДЗІ

жыццё па кароткай праграме
фенаменальныя здольнасці
да фехтавання
чырвоныя кветкі
ў чорнай начной вадзе
здаецца што на радзіме
хапае сваіх мярзотнікаў
а я вось чытаю пра Сінсэнгумі

кветкі ўначы
не сустрэнуцца
з цёмнай рачной вадой
і лязо яго не напаткае
чорную котку смерці прадвесніцу
як не ганіся за ёю скончылася
жыццё а калі б не жорсткасць
мо болей
было бы гэтакіх вершаў
і кветкі з начной вадой
здолелі бы
сустрэцца
і трапныя рукі мечніка
спаймалі б ката і
прытулілі
бы
ягонае мяккае цела
да хворых грудзёў
і ён бы мурлыкаў
і
ў апошнюю ноч
кветкі з начной вадой
бы
сустрэліся

САЙТО-САН

на момант расповяду
зваўся стары інакш ды гэта няважна

дзевяць жыццяў ды звыклая
змена імёнаў і дыслакацый
сцеліцца маставой
па якой пляцецца падвыпіўшы
стары скрозь ліхтарную майскую ноч
завулкамі новай сталіцы

скрозь цёмнае дрэва дамоў геаметрыю
юнацкасць садоў слязлівую лёгкасць
пасля дажджу што прайшоў
і прыемна
агні расплываюцца
крыху ў сакэ ды не рэкамендую
аднак правяраць старога
на хуткасць рэакцыі

вуліцай часу і сумесі
галасоў
смеху і тэкстаў вуліцай
што хавае
ў шчылінах кроў і словы
не спяшаецца
ўдалечыні
вуліцы
ззяюць ружовыя валасы
анімэшкіі добрыя
фільмы пра самураяў
а за плячыма
сярэднявечныя воіны
а ў вачах
ідэальны югэн гэта значыць нічога
не прачытаеш

беспамылкова знаходзіць свае вароты
спяць маленькія ўнукі але ўспаміны
калі засынае стары яшчэ больш
абуджаюцца
але сёння
спадзяюся што добра засне спадар
бо была
пра вайну размова з былым таварышам
эх то ж лічыцца шкодным
глыбока ўнутры хаваць
паглядзіце на Накагуру-сана
піша ўспаміны і ўвогулле
добра маўчу
дабранач
інспектар
Фуджыта Горо
вартаўнік старадаўніх мячоў
дабранач
балючы прывід Іціносэ Дэнпаці
незабыўны Сайто Хаджымэ
і юнак за плячыма
Ямагуці Хаджымэ
і Ямагуці Дзіро

дабранач шаноўнаму
ветру высокага фехтавання
камандзіру трэцяга падраздзялення
Сінсэнгумі
сціпламу легендарнаму
мечніку сёгуната
і афіцэру новай імперыі
старому аматару выпіўкі
строгаму дзеду з драўляным мячом
у якасці выхавальнага сродку
дабранач таемнаму
Сайто-сану

ЭПІЗОД З ЖЫЦЦЯ САЙТО

бездапаможнасць
рукамі нявесткі схавала сакэ
ды няўжо яна смерці маёй не жадае

***

чорнае неба
прашытае срэбнымі ніткамі
лёсаў

***

перфекцыяніст Курасава
ажывае ў рацэ чорна-белай крыві
імя якой чалавечнасць

ТОКІО

вызраваюць вар’яцкія
вершы
электрычнымі памаранцамі

агні галактык вялікага
паўбязлікага
горада
два паралельныя
ліфты ўверх і ўніз
Токіо і катана

навучы мяне некалькім
прыёмам схаваць у сэрцы раптам
спатрэбіцца

КАЛЫХАНКА

учора было ўсё магчыма
ды ліхаманка зранку
нацыяналіст Місіма
спявае табе калыханку
меч кароткі
калі
доўгім мячом
трэба
трэба маёй зямлі
кроў умацуе глебу
з вечара да ранку

Місіма чытаў пахаванку