Ежы Навасельскаму на ўспамін пра размовы аб забойствах жывёл.

Памятайце, калі д’ябал
хоча кагосьці пхнуць, зробіць гэта
не сваім конскім капытом,
але сваёй чалавечай нагой.

У швайцарскім часопісе
я прачытаў артыкул
пад назваю “Arme Schweine”
бедныя сьвіньні

як жа ж гэтыя нявінныя стварэньні
пакутуюць прадчуваючы сьмерць
але нашы польскія сьвіньні
ня менш чульлівыя
чым іхнія швайцарскія сёстры

па дарозе ў разьніцу
почасту паміраюць ад сардэчнага прыступу

“забой сьвіньняў” асацыюецца ў нашай
краіне з народзінамі і сьмерцю
хрэсьбінамі хаўтурамі
і нават з прычасьцем

я чытаў у “Палітыцы” артыкул
пра перасадку сэрца сьвіньні
маладому чалавеку

– Чаму вы абралі
менавіта сэрца сьвіньні? – пытаецца журналіст
Бо ў яго найбольш адпаведны памер
– адказвае доктар Зьбігнеў Рэліга
са Шлёнскай медычнай Акадэміі –
гэта было маладое пагалоўе
вагой ад 80 да 100 кг –
такое, каб сэрцы былі чалавечага памеру…
прычым Касьцёл цалкам падтрымлівае
ўсе перасадкі, акрамя
трансплантацыі мозгу і органаў родзічаў…

няхай жыве сьвіньня!
сяброўка чалавека
выгукваю гэты вокліч
з глыбіняў сэрца (чалавечага)

няхай жывуць усе сьвіньні
з’едзеныя чалавецтвам
ад стварэньня сьвету!

колькі сьвінячых сэрцаў нырак
колькі сьвінячых ножак
перасадзяць
да канца ХХ сагоддзя

як мараліст пытаюся

ці знойдзецца хоць адзін
чалавек, які хворай сьвіньні
аддасьць сваё сэрца мозг
або нырку

калі чалавецтва дасьпее
да такой любові
каб сказаць
сястра мая сьвіньня

калі паставім у Жэнэве
перад сядзібай аб’яднаных нацый
помнік
сьвіньні з парсючкамі

Конкурс на помнік сьвіньні
“лічу адчыненым”