Паэт Андрэй Хадановіч, як і штогод на Раство, прадстаўляе новы калядны верш.

о скільки конику-братику крутих чудасій на світі

Ю. Андруховіч

Колькі дзівосаў, колькі цудаў наўкола!
Трэба верыць у сьвята і пашанцуе.
Зранку званок дамафона. Хто там?
– Сьвяты Мікола,
я да суседзяў, у іх дамафон не працуе.

Цісну на кнопку. Ціха. А потым грукат у дзьверы,
бо званок зламаўся ня помню калі.
– Можна пагрэцца? Суседзяў няма ў кватэры,
а мяне ля пад’езду баршчом аблілі.

Толькі таго… я з аленямі. Пусьціш?
– Пушчу.
Во будзе радасьць малой – авечкі, кароўкі…
Адчыняю. Тры дзядзькі. Адзін з каструляй баршчу,
а ў руках у “аленяў” дзьве паўлітроўкі.

Покуль Мікола палову каструлі выеў,
я ім казаў пра наша жыцьцё фіговае.
– Мы тут праездам, хлопча, з падарункамі ў Кіеў,
ён іх болей чакае і заслугоўвае.

Скончылі пляшкі. Пайшлі па горадзе пешкі.
– Дзякуй за пачастунак. Нясмачны боршч.
Добра, хочаш прэзэнтаў – чытай мне вершыкі,
толькі кажу адразу, пасьля ня збоч!

Слухаць паэзію госьць пажадаў на пленэры.
Разам прыйшлі на ганачак, пад музэй.
Я – пра калядную зорку, а ён – аб зорцы Вэнэры.
Пара сяброў і больш – у цывільным – друзей.

Аплядысмэнты. Уцёкі. Цягнік. Пацалункі.
Патасны верш пакрысе пераходзіць на шэпт…
Зранку вярнуўся дамоў, а там падарункі.
Факсімільны “Вянок”. І баршчу ўкраінскі рэцэпт.

Сьнежань, 2013