Вершы

 

 

 

шукаю цябе ў мяккай поўсці ката
у кроплях дажджу
у штыкецінах
абапіраюся на добры плот
і аплеценая сонцам
– муха ў павуцінні –
чакаю

* * *

заўсёды калі хачу жыць крычу
калі жыццё сыходзіць ад мяне
я прыціскаюся да яго

калі жыццё сыходзіць ад мяне
я прыціскаюся да яго
кажу – жыццё
не сыходзь яшчэ

ягоная цёплая рука ў маёй руцэ
мае вусны над ягоным вухам
шапчу

жыццё
– быццам бы жыццё мой каханак
які хоча сысці –

вешаюся яму на шыю
крычу

я памру калі ты сыйдзеш

* * *

рассякаю памаранч болю
кармлю паловай болю твае вусны
галодныя так дзеляць хлеб
спрагнелыя – ваду

убогая я – маю толькі цела
вусны сцятыя тугою
рукі – лісты асеннія
прагнуць адлёту

рассякаю памаранч болю
справядліва напалам
горкім зернем кармлю твае вусны

* * *

у тваіх дасканалых пальцах
раблюся адно трымценнем

спевам лісцяў
пад дотыкам тваіх цёплых вуснаў

запах дражніць – гаворыць: існуеш
запах дражніць – раскалыхвае ноч
у тваіх дасканалых пальцах
раблюся святлом

палымнею зялёнымі маладзікамі
над памерлым сцямнелым днём
нечакана ўсведамляеш – што я маю вусны чырвоныя
– смакам салёным наплывае кроў

Пераклад з польскай Наталлі Русецкай

 

litaratura.org