Неба – зорны чарнічнік. Не хочацца спаць.

Неба – зорны чарнічнік. Не хочацца спаць.
“Ці працуе апоўначы пошта?”
Я шукаю нагоду табе напісаць,
Што цябе не люблю…
А навошта?

Я не ўмею чакаць. Я не ўмею маніць.
Я абмыла слязьмі сем падушак.
Перасолены месяц над дахам звініць.
Выліваецца мора з ракушак

І сцякае на вусны салёнай слязой,
І змывае з паперы чарніла…
Я збіраю чарніцы прыручаных зор —
Чарнаморскіх…
Не, я не забыла,

Што такое — з тарфянікаў ліпеньскі дым,
Што такое — зубры і “Пагоня”…
І калі ты раптоўна прыедзеш у Крым —
Прывязі мне чарніц з Панямоння!

Буду прагна іх есці на ўскрайку зямлі,
Цалаваць цябе
Чорнымі вуснамі…

Тут не ўбачыш чарніцы.
Мы – бач ты! – знайшлі!
Мы заўсёды былі беларусамі…

 

a-belanozhka.livejournal.com