а на гаўбцы тым часам вуркаталі фрыкатыўна
ганак і мазгі

Няма фатэлю — няма фатыгі
а то яшчэ думай, куды ўвапхнуць
няма й няма
Няма шындзёлаў — няма турботаў
а то яшчэ шукай ды тлумач
няма й няма
няма фацэтаў, і зухі перавяліся,
вісусы кудысь паабвіслі — адзін прайдзісвет
на ўсіх, і той — электронны

філіжанка дала лататы з каляжанкай
цымус сышоў на пшык
ружанец дакешкаўся з чужаніцай,
беражніца злыгалася з АСВОДам,
дыван з канапай,
пол здрадзіў палаці — як нізка ён паў!
дзежка выкляла рошчыну на нішчымніцу,
макарона дазволіла сябе кланаваць,
перцам з імберцам перасыпалі шарачак,
і прасніцы запхнулі ў кубелец,

а на гаўбцы тым часам вуркаталі фрыкатыўна
ганак і мазгі

увесь свет рушыць, хаця некаторыя кажуць — рушыцца
А вы паўтарайце «сяпала калуша»
можа, нарэшце забачыце яе,
буцяўку

Няма фатэлю — няма фатыгі
няма й няма
хіба ногі баляць стаяць,
а як тут сядзеш, калі
рэчы забыліся на імёны
Гэй, клыбай сюды, ты, аб чатырох ножках,
мяккае тое, на чым сядзяць
вой, не, нейкая прыходзіць
мнаганогая дупа
пэўна, гэта і ёсць яна,
наша буцяўка

 

karshytal.livejournal.com