(пра ідэал, да якога спрабую наблізіцца)
АСЕННЯЯ

1.

асенні і аранжавы штандар
на тонкім дрэўцы маладога клёна;
асеннім сонцам астывае шар,
у гарызонта лінію ўлюблёны.
я лісьце пазьбіраю з дываноў —
рабіць сябрам асеннія букеты;
у гэту восень без залішніх слоў
мне трэба жыць, бы прад сканьчэннем сьвету.

2.

закон кнута і перніка — якім
законным чынам перасіліць лоббі?!
асенніх прадчуванняў сьветлы дым,
крывавых фарбаў небясьпечных хоббі.
пакласьці на лапаткі той закон,
не перайшоўшы хрысьціянскіх межаў!..
гарыць штандарам небясьпечны клён;
пад’езд — бы сто прыступак тайнай вежы.

3.

мне напляваць, дазнаюцца ці не:
сапраўднае напэўна ж застанецца
ў рэальнасьці — таемнае дасье
сярод ліствы што фарбаю імкнецца
дастаць нябёсаў далеч у крыві —
ёй напляваць, што сьнег і што струхнее.
на відэа лаві ці не лаві
імгненні — рэчаіснасьць не зьбяднее.

ПАРТЫЗАНСКАЯ

сонейка здзекам вясёлым б’е пад дых,
рацыю мела зоя: не перадушыш усіх
пернікам ссохлым, цьвёрдым, голым кнутом,
песенкай дохлай, нежыццяздольным плячом.
рацыю мела зоя й родны тыл выжываў,
са сьвітальным настроем горкі хлеб спажываў.
біялягічнай патрэбы голас цяжка глушыць —
але ж хочацца неба, але ж хочацца жыць!

НЕВЯДОМЫЯ

я спрабавала запомніць вашыя твары
для інтарэсу, бо іх нялёгка запомніць.
вы б ратавалі дзяцей ад ліхіх пажараў,
быў бы загад. а прыходзіцца выслухоўваць
кшталту «фашысты». і слухалі б крык і стогны,
быў бы загад расстрэльваць (во б не хацелась
большасьці з вас. нехта б нат пайшоў на адмову).
кадры мяняюцца, многія ўжо наелісь.
зараз мы проста едзем — начны горад
у вокнах праходзіць кадрамі — нарвалася.
праваднікоў каманды. кожны як робат.
ясна, што непрыемны кавалак працы.

харошыя суседзі
крычаць пра злы прымус.
мы едзем едзем едзем
у цэнтральны мінскі РУУС.

КАМІСАР

засучыць рукавы.
без эмоцый.
заплюшчыць вочы —
і забыць. падрэзаць рэйкі —
пад адкос.
замест крыві —
сэрца стойкага драўлянага
жаўнёра.

кім ты быў да таго,
як прыняў, як
уступіў?
няважным
лічыш гэта. няважным.

камісар сьмяротных загадаў,
камісар завадных цацак,
што вачыма лыпаюць,
таньчаць.

ты зламаўся, ня выканаў
загад.
ты зламаўся, ня выканаў
загад
слабак
чалавек
слабак
чалавек
слабак

ч
а
л
а
в
е
к

(чэргіаўтаматныячэргі)

***
не збудаваць нам раю на зямлі,
ні нам, ні шчэ камусьці. мо і добра…
мы ў чоўне шэрым і цяжкім плылі
па невыразным беларускім моры.
з глыбінь глядзелі твары і крыжы,
з аблокаў птушкі жаласна крычалі…
і мы былі, здаецца, на мяжы —
але той рай ня мы пабудавалі.

ДА НАС

там, дзе ўсё сапсавана да нас —
дыхаць вольна і прапаведваць.
паўстае вызначальны час,
не апраўдвае план «ня ведаць».
не апраўдвае пол і ўзрост,
і, магчыма, перакананні,
і, тым болей, высокі пост.
..дым ад сьмецця і лісьце ўранні
клічуць нешта зрабіць у той час,
калі ўсё сапсавана да нас.

РЭСПУБЛІКА

гэта рэспубліка вельмі і вельмі зялёная,
чыстая ды без адбіткаў. на сонцы — татальная.
у сьвяты — караткавалосая, крыху шалёная,
у дождж — сумнаватая, ды адэкватна-рэальная.
гэта рэспубліка нам нейкім чынам патрэбная,
раз нарадзіліся тут. адпаведна і мы з табой —
ёй.

прамяні зіхацяць за аблокамі срэбнымі,
быццам трымаючы словы імкліва-вачыстыя.

ПАСЬЛЯ

ціхі, зьбянтэжаны горад зьнямелы,
вецер на скронях чырвоны і белы;
горад зьбірае з асфальту абрыўкі
кніг, драматычныя жоўтыя сшыткі,
позіркі, словы, сустрэчы, сьцісканні
рук… па нябёсным плывуць акіяне
крыкі (мо разам — меньш страшна памерці?),
боль, цяжкі лёс, лёгкі лёзунг ад сэрца…
горад ад страху ці крыку зьнямелы,
вецер ад сьлёз стаў чырвоны і белы.

***
горад бясконца гатоў пасылаць аблокі
ўдалеч. мо спадзяецца, што прынясуць
нешта да вуліц чыстых і шэравокіх
ці да людзей, што па справах сваіх бягуць.
горад — жывы ці не? мы пазьней спазнаем.
ідэаліст — прасунуты рэаліст?
тут не ўстае праектаў, як горад раем
раптам зрабіць. толькі фарбаю пішаш: жыць!..

ЧАЛАВЕК

БЫЎ ЧАЛАВЕК — ЁН БЫЎ БОГАМ АДНАЧАСОВА.
ЁН АЦАЛЯЎ ХВАРОБЫ І БОЛЬ ДУШЭЎНЫ.
ГЭТА ПРЫСУТНАСЬЦЬ АДНА АБНАЎЛЯЛА СЛОВЫ,
ДЗЕІ, ЖЫЦЦЁ. І БЫЛА НЕЧАКАНА-ПЭЎНАЙ
РАДАСЬЦЬ… У РАМКІ ПОСЬПЕХАЎ ЦІ НЯЎДАЧАЎ
НЕ ПАМЯСЬЦІЦЬ ГІСТОРЫЮ ЎСІХ ГІСТОРЫЙ.
ЁН РАТАВАЎ УСІХ… І ЗЬНЯМЕЎ, НЯЙНАЧАЙ,
ГОЛАС РАНЕЙШЫХ ФОРМАЎ І КАНСІСТОРЫЙ.
ЁСЬЦЬ ЧАЛАВЕК. ЁСЬЦЬ ЁН БОГАМ АДНАЧАСОВА.
МОЖАШ ТЫ ЗЬ ІМ ПАГУТАРЫЦЬ ХОЦЬ АДРАЗУ.
МОЖАШ І ЗАПРАСІЦЬ У ЛЮБЫ ЖЫЦЦЁВЫ
КУТ. ТОЛЬКІ НЕ ПАДСТАЎ ЯГО ПАД АБРАЗУ

КЭМПІНГ НА ПОЎДНІ ФРАНЦЫІ

Начныя матылькі ля ліхтароў
Ды галасы апошніх незаснулых, —
Начная частка Францыі, здароў!
Хай сыдзе з гор адкрытасьць дзён мінулых.
Няхай у сэрцах хатніх гаспадынь
Запаліцца рашучасьць Resistans’у;
Хай дзеткі бачаць сны пра берагі
Краёў сярэднявечнага рамансу.
Хай нешта ціха схопіць за руку
І вывядзе з балота спажывецтва —
Мяне і іньшых. Бліжнюю раку
Хай поўняць цені даўняга какецтва,
Калі ў пасьцелі з дамай трубадур
Асьмельваўся адно выказваць словы
Аб захапленні… Але досыць! Мур
Старога форту вам нашэпча новых
Французскіх казак. Добрай ночы ўсім
У камунальнай кэмпінгавай ночы.
Хай ноч нясе былых агнішчаў дым,
Нагадваючы крыху Крым ці Сочы.

***
Асенняя стэп праганяе аблокі жыцця,
Украіна ці Францыя — дождж не цяплей над дарогай,
і ў ім не цішэй разьбіраць ціхі голас быцця,
ды ў Францыі больш адчувальна туга па парогах
радзімы. Па Менску ў аблокаў трацёлетні дождж,
па Мінску, залітаму сонцам татальна-асфальтным…
Я дожджык люблю. А наперадзе — вечар і ноч,
а кроў Рэзістансу — у крыжах прыдарожнае Мальты.

ЭЎРАПЕЙСКІ ГАРАДОК

Адзіноты чырвоны цагляны зьвер
пракрадаецца па брукаваных вуліцах,
раздзяляе дзьверы. зьнікае давер,
быццам прывід утульнасьці дзён мінулых.
Адзінота схавалася ў горле сьцен
горкім комам дэпрэсіі безыменнай.
дзе жывей падаецца той манекен
за жывога — там з болем ідзе натхненне.
Сонца дыск раздзяляе мяшчанскі дзень
на кавалкі заняткаў і назірання.
Адзіноты чырвоны цагляны зьвер
уплывае ў піўной і пунцовай ванне.
можна адпачываць тут, гуляць, глядзець,
як жыве гэты ціхі французкі горад.
Але эміграваць — падаецца, не!
Хіба толькі ў фантазіі папяровай.

СУПОЛКА

гэта суполка шукальникаў эльдарада,
мы адмаўляемся вінаваціць эпоху
ў жорсткасьці да рамантыка-рэтраграда —
шыльды сьвятла замест склізкіх ідэй прайдохаў.
гэта пісаў той хто верыць што эльдарада —
міт, які можа здзейсьніць у рэале рэха,
постмадэрновы вольнасьці канвікстадар.
гэта імкілівы запіс заўсёды зьверху.

ПАВАЖАЮЧЫ ПУБЛІКУ
(пра ідэал, да якога спрабую наблізіцца)

паважаючы публіку, нельга разводзіць сьмецце
з той нагоды, што прадаецца і паспаліты
люд пампуе — ў геаметрычнай, а на талерцы
будзе нешта і акрамя той што з рук сініцы.
паважаючы публіку, варта за нарцысізмам
хоць сачыць, хоць непараўнаўча разумней — кінуць.
бо так блізка вайна — трэ ў саку сваім даць зварыцца, —
паважаючы публіку, — рэчам, што не састынуць.

***

бязьлікай публікі — няма.
а ёсьць фантомы ўласнай пыхі,
амбіцый прагная турма
з няссохлай фарбаю інтрыгі.
бязьлікай публікі няма,
а ёсьць сябры, з кім не знаёмы,
і чалавек, што не дарма
спаткае знак твой улюблёны.