Вершы са зборніка “Апавяданьні і легенды вершамі розных аўтароў” (Вільня, 1914 г.).

Тры злодзеі

 
І цяпер і бывала ёсьць здарэньняў нямала,
Як нямала на сьвеце народу;
Я йшчэ помню, – ці чулі? – як нам правіў дзядуля
Адну дзіўну і сьмешну прыгоду.
– Дзеткі, – так ён гавора, – ў адным мейсцы, за морам,
У Нямеччыне, за часоў даўных,
Дзе край мудры, багаты, і народ панаваты,
Трох зладзеяў было вельмі слаўных.
Вось, адною парою мелі раду з сабою,
Куды кінуцца ім на здабычу?
Адзін кажа: “Да вёскі”, другі кажа: “Да Моські”,
Старшы кажа: “Да пана я зычу”.
А яму кажуць тыя: “Там сабакі ліхія,
І замкі вельмі крэпкі да тога.
Ды жалезны аковы, мур высокі і новы,
І дворні, як на ліха, там многа”.
– Э, няма што баяцца, толькі трэба узяцца,
А ўжо добрыя будзем мець гулі!
І, падкраўшыся ракам, сыпнуў зельля сабакам;
Тыя зразу, як відзіш, паснулі.
І, зайшоўшы ад саду, дастаў нейку прыладу
Ды вакно з рамкай выняў бяз мукі,
Сам палез у пакоі, стаў зьбіраць сёе-тое,
Што папала наскора пад рукі.
Ён там доўга стараўся і да скарбца дабраўся,
Што быў туга, як кіем, набіты;
Ў ім ляжала бяз конца і рублёў і чырвонцаў,
На дне пояс із золата літы.
Там яны да астатка, ўсё абчысьціўшы гладка –
Усе чыста куточкі і шпаркі,
Выйшлі, ўсё пазьбіралі ды дзяліціся сталі
Між сабою бяз крыўды, бяз сваркі.
І узялі так класьці на тры роўныя часьці,
Але пояс быў вельмі прыгодзен;
За яго сталі брацца, пачалі тут спрачацца,
А ўступіць то ня хоча ніводзін:
Старшы кажа: “Пажджыце, калатні не рабіце,
Бо дабра з таго пэўна ня будзе;
Як німашака згоды, пойдзем да ваяводы:
Ён нас хіба найлепей рассудзе”.
Але ведаць ня шкодзе, што таму ваяводзе,
Дзе згарнулі багацьце нямала,
З чарады быць судзьдзёю над таёй стараною
Акурат пад той час выпадала.
І судзьдзя той такую меў налогу брыдкую:
Любіў вельмі ён казкі; бывала,
Зіму, восень і лета трымаў хлопца на гэта,
І той баяў яму, што папала.
Спаць – здаровы, ці хворы – мусіў ў панскай каморы
У кутку, пры дзьвярах на памосьці:
Пан, як толькі прачнецца, на хлапца адазьвецца,
Каб ён баяў харошага штосьці.
Вотаж злодзей той старшы, пад вакном ціха стаўшы,
Абодвум сказаў пільна паслухаць,
Сам палез да пакою, лёг за хлопца сьпіною;
Таму зельля пад нос даў панюхаць;
А тады на трывогу нагой грукнуў ў падлогу
Ды захроп на ўсю панску каморку.
Пан, як відзіш, прачнуўся, на хлапца навярнуўся:
“Кажы казку, ты шэльма!” – гавора.
Той, зьмяніўшы размову, пачаў казку такову:
“За гарамі, далёка на сьвеце
Было некалісь сталых трох зладзеяў ўдалых,
Двух малодшых, старэйшы быў трэці.
Яны ў ночку туманну, к аднаму прыйшлі пану
(Дазналіся, што грошай меў многа).
Старшы знаў загаворы, дык палез да каморы,
Сну на дворню навёўшы цяжкога.
Ён там лазіў і гнуўся, ажно ў скарбцы спынуўся,
Хоць той вельмі дарэчна быў схован;
Там на самым вяршочку, як і ў нас, мой паночку,
Ляжаў пояс із золата кован.
Злодзей гэны ўсё з дому падаваў быў другому,
А ўжо трэці адносіў йшчэ далей,
І вось гэткім парадкам вельмі спраўна і гладка
Таго пана начыста абкралі.
Па рабоце той сьмелай, як прыйшло да разьдзелу,
Выйшла ў іх калатня немалая:
Разьдзяліўшы ўсё гладка, за паяс выйшла звадка, –
Яго кожын сабе забірае.
Як здаецца, паночку (ды сыпнуў ізь мяшочка),
Каму пояс павінен дастацца?”
А пан ціха і скора ужо сонны гавора:
“Во! Старшому! – няма што пытацца!” –
Як той вылез адтулі, “а што? – кажа – ці чулі,
Што сказаў нам сам пан ваявода?”
Дык на тым асталося, што каму давялося,
І настала ізноў у іх згода.
Як дачуліся недзе ваяводы-суседзі, –
Лезуць ў вочы і роўны, й няроўны:
Людзі, к жартам ахвочы, кпяць, сьмяюцца за вочы,
А найгорай мясцовы духоўны.
Дык таму ваяводзе стала слухаць ўжо годзе:
Ён пусьціў пагалоску такую,
Каб старэйшы той злодзей к яму сьмела прыходзіў,
Бо яму пан усё падаруе.
Неяк раз адвячоркам – серадой ці аўторкам –
Як здаецца, асеньняй парою –
Здаравенны мужчына, ростам са тры аршыны
Паявіўся у панскім пакою.
Пан адразу спужаўся, ды ў таго запытаўся:
– Ты адкуль тут узяўся, як з ямы?
Мо ты пояс мой сплавіў, ды йшчэ казку тут правіў?”
– Гэта я, мой паночку, той самы.
– Вотаж табе, мой братка, выбачаю на гладка,
Можаш нат барыша спадзявацца,
Калі зробіш ты штуку духоўнаму ў навуку,
Каб я мог ды над ім пасьмяяцца? –
– Добра! – гэны гавора, – адсьмяешся і скора,
Абы толькі хапала ахвоты…
І, пазваўшы дружакаў, злавіў дзьве торбы ракаў
Ды забраўся да мудрай работы.
Пайшлі ў поўнач глухую у бажніцу у тую,
Што стаяла на краі ў аддалі.
Усім ракам на плечы наляпілі па сьвечы,
Запаліўшы іх, поўзаць пускалі.
Ды прыбраўшыся самі удвох паслугачамі,
Ўсё сьвятло запаліўшы на кепства,
Старшы ўзьдзеў дзела віду духоўную хляміду,
Пачалі разам правіць малебства.
Стораж калі прачнецца, – сам ня знае, дзе дзецца!
Кінуў вокам праз шчыліну ўсюды,
І са страхам, з трывогай пёр да дому дарогай,
Ледзь прамовіў ён: “дзівы ў нас, цуды!”
Пастар наш працёр вочы: што за ліха па ночы?..
“Звар’яцеў чалавек мо часамі?” –
Той склаў рукі на грудзі: “там анёлы, ня людзі,
“У бажніцы ў нас моляцца самі!”
Дык і ён прыпёр скора, “фатэр унзэр” гавора,
На зямлю сам упаўшы ніц тварам,
І сьлязінку уроне, ажно гэны гамоне
Да яго, што стаяў прад аўтарам:
“Браце, – кажа, – мой мілы, з Боскай моцы і сілы
Табе ведаць сягоньня патрэба
Насамперад вось тое: за жыцьцё за сьвятое
З душой, зь целам ты пойдзеш да неба;
Толькі помні, мой браце, што тваё ўсё багацьце
Для убогіх павінна астацца,
То ж празь месяц ты з дому, не сказаўшы нікому
У дарогу павінен сабрацца” –
І сьвятло пагасіўшы, ды ракоў палавіўшы,
Пайшлі стуль сьмеючыся дадому;
А наш пастар, што мае, усё скора збывае
І ня кажа нічога нікому.
А тут, з ветрам, бы хмарка, праляцеў месяц шпарка,
І пара ўжо зьбірацца ў дарогу;
Ў адну ночку пануру, пад грымоты і буру
Далі знаць у бажніцы трывогу.
А духоўніка ў неба будзіць доўга ня трэба:
Ён лічыў сябе госьцем у дому,
Дык, як бачыш, прыходзе і так сама знаходзе
Тое ўсё, што было месяц тому.
Яму госьць напачатку кажа: “Вотаж, мой братка,
Я ад Бога сягоньня прысланы,
І то ведаць патрэба, каб дастацца да неба,
Трэба лезьці у мех, у скураны”.
І духоўнік наш бача, як удвох паслугачы
Падстаўляюць вялізны мех – з пуню!
Ён ня пэвен, што будзе, склаўшы рукі на грудзі,
Сваю бедну галоўку ўжо суне.
Тыя, доўга ня ждаўшы, крэпка мех завязаўшы
Пацягнулі яго ад парога;
Толькі з меха стагнала, як яго падкідала,
Пакуль скончылась ў неба дарога.
Аж шурчэлі каменьня, як цягнулі зь сяленьня
На гару, дзе вісельня стаяла;
Там вяроўкай мех скора падцягнулі угору
І пайшлі, як ні ў чым не бывала.
А назаўтрае з ранку ваявода з нагайкай
І гасьцей напрасіўшы сабраньня,
Ды усей грамадою акурат ў мейсца тое
Ехаці здумаў на паляваньне.
Быццам ў рэчы ня знае, ды у голас пытае:
“А тут што? Йшчэ чаго не бывала!”
І, рубнуўшы палашам, – “я це – кажа – пастрашу!”
Мех упаў, аж зямля застагнала.
А тут служкі прыпалі, ды мяшок разьвязалі, –
Адтуль пастар вылазе паволі…
Ваявода ж пацеху меў вяліку і сьмеху, –
Жартаваў зь бедака ён даволі.
І расказываць годзе, што найлепш выйшаў злодзей.
(Стары баяў) – вось, помніце, дзеці,
Як двух роўных зьбяруцца, ды калі задзяруцца,
Карыстае заўсёды там трэці.
 

Год беларуса

 

Край Беларускі, край ты наш родны,
Неураджайны хоць небязводны;
Не чарназёмна твая зямліца:
Глей, або гліна, ці камяніца.
Дробны загоны і скібы тонкі,
А замест межаў дык – баразёнкі;
Доўгія ніўкі і надта вузкі,
Як быццам мотуз ад добрай стужкі…
Кажуць старыя, калі даць веры,
Што былі пушчы, лясы бяз меры,
Пчол надта многа, мёду як гліны,
Птаства бяз ліку, процьма зьвярыны,
Дзікаў, мядзьведзяў, рысяў і лосяў,
Цяпер жа нешта усё зьвялося…
Народ наш ціхі, прытом нясьмелы –
Яго згубілі часты разьдзелы.
Акром бядоты у беларуса
Добрае сэрца, хоць часам куса,
Вось, як той кажа, ізь ім бывае,
Ён дае раду, не наракае.
Калі сашле Бог гадкі цяжкія,
Ці вельмі мокры, або сухія,
Або паводка зьнясе, папсуе,
Або нарэшце град адпытлюе,
Або зладзеі абчысьцяць скрынкі,
Або пажарам зьмяце будынкі, –
Заставіць круншы і папялішчы,
Або ўб’ецца злая вясьнішча…
Тады бываеш рад і мякіне
Як няма есьці сабе і скаціне;
То ён прыкупіць, то прыпазычыць,
Цяпла чакае, нядзелькі лічыць.
А як Бог вышле лягчэйшу пору,
Як пойдзе проста сонейка ў гору
Ды сьнег растане, дык ужо скора
Папрылятае “вырай” з-за мора.
Як цёплы ветрык з нізу павее,
Нашаму брату шмат палягчэе;
Як скрозь абсохне, спадуць і рэчкі,
Пойдуць у поле цёлкі, авечкі,
Пастушкі сядуць там за палянкай.
Надойдзе хмарка з громам, з маланкай, –
Казаў бы, дзеці будуць баяцца,
Яны ж са сьмеху стануць куляцца.
Дожджык пакропіць, сонца прыгрэе,
Цьвіце вярбіна, рунь зелянее,
Сыпнула ўсьліды зь зямлі травіца,
Зямля абсохла, блішчыць расіца;
Вось, жаваранка пяе дарэчы;
Стары дзядуля вылез з-за печы
І сеў на сонцы зубы пагрэці,
А там кацёлку качаюць дзеці,
За сьметнік пеўні дзяруцца ёмка,
Шпачок і дрозьдзік шчабечуць громка;
А там на дубе буслы клякочуць;
Гагаюць гускі, куркі сакочуць;
Бляюць авечкі, бычкі бадуцца,
Пастух іграе на новай дудцы,
А там, у стадзе, волік бушуе.
Зязюла ў белым садзе кукуе,
Там салавейка, там і жаўтушка;
Гудзіць і пчолка, зьвініць і мушка.
Ідуць мурашкі, як сонца ўбачуць,
Лятуць матылькі і жабкі скачуць.
Гай, што быў цёмны, зазеляніўся;
Сад, што быў голы, ўжо распусьціўся.
Зацьвіла яблынь, сьліва і груша,
Зацьвіла вішня і какалуша;
Ёсьць многа красак ў лузе, у дуброве.
Травы даволі ў полі карове;
Пойдзе скаціна ў “табар” рагата,
Паедуць з коньмі хлопцы, дзяўчаты.
Турка, Тамашка, Міхаська, Янка,
Сымон, Нікіпар, Зьмітрок, Раманка,
Андрэй і Юзя, Астап з Кандратам,
Як сабяруцца ды перад сьвятам, –
Або ў суботу перад нядзелькай
Валы прыгоняць Наста з Марцэлькай,
Тэкля з Даротай, прыйдзе Раіна
Даіць каровы і Кацярына.
Ўперад скацінку сваю агледзяць:
Дояць кароўкі, малачко цэдзяць,
Збанкі абвяжуць, у куст схаваюць,
Ды як наложаць агонь вялікі, –
А з сваіх хлопцаў ёсьць два музыкі:
Адзін па струнах смыкам пілуе,
Другі ў цымбалы ёмка пытлюе, –
Нашым дзяўчатам многа пацехі:
Пачнуцца жарты, пачнуцца сьмехі;
Пачнуць ўсе гуртам песенькі пеці,
Скачуць, гуляюць, крычаць, як дзеці,
Паднімуць гоман малойцы нашы,
Як жыды тыя што на кірмашы,
Круцяць галовы з апошняй мочы
І так дурэюць да позьняй ночы
Цёплай вясною так, як бы летам,
А спаць кладуцца – дык ужо сьветам.
Павесялела мужыча доля,
Сыпнуў рабочы народ на пола,
Працуюць людзі, поту ня чуюць.
Аруць і сеюць і барануюць
Аўсы, пшаніцы, хоць яравыя,
А хто гароху гонцы, другія;
То стрэхі правяць, платы гародзяць,
Ячмені сеюць, гнаі вывозяць,
І садзяць сьпешку або хунтоўку,
Хто дарагону, хто асаноўку,
Ўрэшце на полі грэчкі і лону,
Ў гародзе рэпы і шабалбону,
Буракоў, морквы, цыбулі, маку,
Бобу, капусты і пастарнаку.
І кожын весел, лёгак як плашка,
Хоць ён працуе так, як мурашка;
Не аглянецца, як час пяройдзе,
Вясна ўцякае, лета надойдзе.
Тагды гарачы ўжо час настане,
Наступіць жніва і сенаваньне;
Тагды ўжо годзе сядзець у хаці,
Бо трэба брацца за сенажаці.
Бліснуць на сонцы сярпы і косы,
Зьвіняць мянтушкі, растуць пакосы;
Хоць залівае з працы пот вочы,
Кожын вясёлы, кожын ахвочы,
Касой махае, аж яна сьвішча,
Хоць бы ў пояс расла травішча;
Нарэжуць траваў і канюшыны.
Хоць часам цягне пуп аж да сьпіны.
Другому, праўда, некалі гладзіць,
Каса ня ўдасца, або ня ўладзіць.
А дзеўкі, бабы ім памагаюць –
То вернуць сена, то разьбіваюць,
Пасьля пластуюць і заграбаюць
І на астатку ў копы складаюць;
Ўрэшце, якая служыць дарога,
Возяць у гумны або да стога;
А сена пахне ад розных траваў
Лепш ад усякіх панскіх прыправаў,
І як жа добра, зьняўшы адзеньне,
Заснуць па працы на сьвежым сене!
Йшчэ сенаваньне не надаела,
Глядзь! Аж тут жыта ужо падасьпела.
Не час драмаці ні ахіляцца,
Але за жніва трэба ўжо брацца;
Дык і бяруцца ж нашы кабеты:
Тэклі, Ганулі, Эўкі, Альжбеты!
Жнуць, снапы вяжуць, шапкі ламаюць,
Снапы падносяць, бабкі стаўляюць;
Сьпяшае баба, сьпяшыць дзяўчына, –
Калом ня гнецца ў іншай сьпіна! –
І цягнуць шнурам так, як салдаты,
Як сьвет – на поле, зь цёмным – да хаты.
А як часамі ў каторай хаце
Ёсьць маладзіца, дык, мой ты браце,
Ну, дык снапшчыну тады спраўляюць,
А усе жнейкі гулянку маюць;
Яе ж дык робяць з такой парадай:
Ідуць на поле усей грамадай,
Стануць на ніве у кругавую
І выжнуць постаць адну, другую;
Снапоў наносяць, браўшы ў ахапку,
Ды як паставяць першую бабку,
Стануць навокал яе, як дзеці,
Ды пачнуць песьні ўсе разам пеці,
А маладзіца сувой расшые,
Ды цэлым станам бабку накрые.
Пасьля пасядуць кругом, як гускі,
Маюць гарэлкі шмат і закускі,
І лье другая, як у кадушку,
Ці манапольку, ці саматужку.
А як падвып’юць бабы і дзеўкі,
Пачнуцца жарты, сьмехі, прыпеўкі;
Пасьля зьбяруцца усе да кучы
Ды пяюць “жніво”, дамоў ідучы:
“Да ужо сонца за бор зайшло
“Я малада дамоў пайшла
“Мне маладой ня хочацца
“Каля печы варочацца”…
Адны з парадку ўсё пачынаюць,
Другія гэтым, бач, адпяваюць
І так суладна, – з боку здаецца,
Як быццам поле зьвініць, трасецца.
Цяжкая праца ўсім не дадзела,
Аж тут і лета ўжо праляцела.
Жніво ярное – гэта ўжо восень
І, як той кажа, работак восем.
Ўжо дні пахмурны і карацейшы,
Халодны ночкі і шмат даўжэйшы,
Раніцы мокры, або туманны;
Часам марозік выскачыць ранны,
І на начлезе сьцюжай ня сьпіцца,
І сам ня знаеш, за што хваціцца.
Бо йшчэ і сена на сенажаці,
Тут жыта сеяць, снапы ўбіраці,
Араць на зіму і ланы рваці,
Касіць атаву і забіраці,
Лён убіраці, ўперад сушыці,
Каноплі рваці, пенькі мачыці,
То ланы слаці, то падбіраці,
Дамоў вазіці, а посьле мяці,
Ўрэшце і бульбу трэба капаці,
Пасьля з гародаў трэба ўбіраці.
Ўжо забыўся мужык аб горы,
Бо ў яго поўна ў гумне, ў каморы,
Поўна ў істопцы, поўна у клеці,
Сам не галодны, пад’еўшы дзеці;
Хоць ўстае рана і пры лучынцы,
Але й сабе ёсьць, ёсьць і скацінцы.
А як надойдзе ўжо Пакрова,
Ужо не наесцца ў полі карова, –
Тады халодны ветрык павее,
Трава пажоўкне і пачарнее;
Часам, як з коньмі ў полі начуесь,
Пяючы “восень”, дзяўчат пачуеш:
– Ой, каліна, маліна, ды ня стой над вадою,
Не ківай галіною, не раўнуйся са мною…
…Чаму не прыйшоў, ані прыехаў,
Як я цябе прасіла?
Ці каня ня меў, ці сам не хацеў,
Ці матка не пусьціла?..
І, сказаць праўду, дык, мой ты браце,
Ад гэтай песьні за сэрца хваце,
Бо яе тая працяжна нота –
Хоць сьлёзы гоніць – слухаць ахвота;
Ні то жалосна, ні то праціўна,
Так неяк лёгка і неяк дзіўна…
Бо ў гэтай ноце як бы, здаецца,
Чалавек плача, то рад сьмяецца,
Вясны шкадуе, маладых летак,
Зімы баіцца – старасьці гэтак.
Як стане з дрэва ліст абсыпацца,
Птушкі у вырай пачнуць зьбірацца, –
Жураў і бусел, пігаўка, пліска,
А калі гусі, ды лятуць нізка, –
Тады гавораць старыя людзі,
Што ужо скора зіма к нам будзе.
Пойдуць ў край цёплы птушак грамады,
Варон і галіц лятаюць стады;
На дварэ стане сьцюжа і сьлёта,
І па калені гразі, балота.
Пачне памалу восень канчацца,
Стане паволі зямля сьцінацца,
Наступіць холад, птушка ня пісьне,
Зіма настане, мароз прыцісьне,
Ды па калені наваліць сьнегу,
Даставай сані, хавай цялегу,
Цягні суконкі цёплы з паліцы,
Кажух, патрэны і рукавіцы,
Трэба ўстаць рана, не ахіляцца,
Але ахвоча да цэпа брацца,
Бо тут гультайства не дапаможа;
Малаціць трэба і веяць збожжа,
Зярнё да клеці трэба знасіці,
Саломай зь сенам быдла карміці.
Хто каля дому корміць каровы
А хто да лесу едзе па дровы,
А той па сена, хоць дзень кароткі.
Гэны з жыдамі у заработкі,
Хоць там ня відна многа выгоды;
А хто дык часам едзе ў калоды,
Калі ня мае ў хаці работы. –
Так зарабляюць на соль, на боты,
На мерку газы, ці на фунт мазі,
Натопчуць многа сьнегу і гразі.
І нашы бабы такжа ў рабоце:
Прадуць кудзелю на калаўроце
І ў клубкі ніці зьвіваюць з шпулі,
А посьле выткуць нам на кашулі.
Ня сьпіць другая і сьлепіць вочы
Дымнай лучынкай, ўстаўшы з паўночы,
А тут работа ідзе не гладка,
А у калысцы плача дзіцятка:
Ці то урокі, ці злыдні можа,
Ці хто спалохаў, – барані Божа!
За што хваціцца, чым тут ганяці,
Што скажа знахар – трэба спытаці.
Сьпіць яно мала, а плача болей,
Ці вады з рота, ці зносіць солей,
Ці паіць макам з гарачым млекам,
Курыць бы хіба ды лавандрэкам?
Знахар парадзіў (як жа ж ня верыць?),
Што яму трэба прыча памерыць,
І цягнуць так, каб ня ведаў ён конца.
Праз тры парогі да ўсхода сонца.
Дык у клапоце бедна кабета:
Робіць і тое, робіць і гэта,
І ёй трудоў то больш, як мужчыне,
Ні зьесьць парою, ні адпачыне…
Гэтак гаруе не адна хіба
Матка і б’ецца, як аб лёд рыба.
Трудна і горка ня раз мужчыне
Але ня лепей ёсьць і жанчыне…
Мусіць, ад Бога гэтак патрэба
Гараваць цяжка на кусок хлеба!

 

Гэтыя і іншыя вершы тут: sasha-istorik.livejournal.com