словы ў гэтым вершы

ня могуць стрываць адзіноты.

 

***

 

This Is a Real Thing

 

Гэта — зьвязаная мова паэтычнага выказваньня.

Вызначае ступень тэкставай зьвязанасьці,

упарадкаваньне тэксту ў яго вонкавым ладзе.

Адносіцца хутчэй да формы, чым да зьместу.

Яе перавага — у сьцісласьці.

Тут — гэта асноўная адзінка

вершаванага рытму, зазвычай адзін радок.

Вызначаецца гукавой упарадкаванасьцю.

Дагэтуль сказанае цалкам

адносіцца і да гэтага спалучэньня

асноўных адзінак вершаванага рытму

на аснове агульнай рыфмавай схемы

і ўжываньня

аднолькавага мэтрычнага малюнку.

Найменшая страфа — двухрадкоўе.

Калі схема ў тэксьце сыстэматычна зьмяняецца

і не вызначаецца рэгулярнасьцю,

яна адносіцца хутчэй да зьместу, чым да формы.

 

***

 

7 банальных сытуацый

 

Уяўленьне, што нехта пачуў наш голас,

калі дзьверы былі зачыненыя,

напаўняе нас, калі шчыра, пачуцьцём

няпэўнасьці. Уявім сабе.

Уявім жа гэта так, што той, хто

так кажа, пачуў галасы з пакою,

здалося яму, што ў іх ён пазнаў нас,

але ён ня ўпэўнены, ці выпадкам там

не працавала радыё.

І тое мажліва, што нас не было,

але нашае радыё грала:

хтось іншы ўключыў.

Але зусім ня выключана й тое,

што мы там былі, а радыё наша ня грала.

Тады мы ў той вечар былі

ў дамоўленым месцы,

у гэтай замкнёнай прасторы.

Або ў нас радыё грала.

Калі не было нас там і радыё не працавала,

яны на ілжывым сьледзе,

няпраўда, што нас хтосьці чуў.

Спадзяемся, былі мы ў той вечар.

Яшчэ і тады, калі сапраўды хтось казаў

у нашым пакоі, а нас не было

і радыё не працавала.

 

***

 

Неперадавальнае перададзенае

Гэты тэкст, верагодна, рэпрэзэнтуе

нейкі іншы тэкст. Замяшчае. Замяняе.

Не вытлумачвае. Адсылае да іншага,

шмат глыбейшага сэнсу —

сэнсу недасяжных глыбінь.

Гэты тэкст, верагодна, рэпрэзэнтуе

самога сябе, сам сябе замяшчае, праўда,

толькі калі яго тут няма, ён сам сабой пра сябе,

сам сябе замяняе, пацьвярджае. Сам

сабе ёсьць адсылкай, што адсылае да сябе.

Гэты тэкст, адпаведна, ня мае ніякіх іншых сэнсаў,

толькі той і адзіна той, які мае. Апроч яго,

яму немагчыма прыпісаць ніякага іншага сэнсу,

а пагатоў адняць.

Яго адзіны сэнс у тым, што сам сабой

ён ніякага сэнсу ня мае, што ўсё ж ня тоесна

зь бяссэнсавасьцю.

Гэты тэкст ёсьць часткай таемных навук.

 

***

 

Мост

 

словы ў гэтым вершы

ня могуць стрываць адзіноты.

баяцца: страху

хісткай мяжы

пустэчы…

словам у гэтым вершы

патрэбныя спадарожныя

хай сабе часам

хіжыя, ненадзейныя…

 

словы ў гэтым вершы

вымагаюць іншых

словаў у гэтым вершы,

каб стварыць ланцуг:

ланцуговы мост,

якім яны змогуць

хадзіць і скідаць

зацёртыя гукі

й адрузлыя,

скалечаныя сэнсы,

зь якімі яны ніколі

не супадалі

й ніколі ніякія путы

ня зьвязвалі іх між сабой.

 

 

Са славацкай пераклала Сьвятлана Богуш паводле: Peter Macsovszky. Strach z utópie. 2. vyd. — Bratislava: Drewo a srd, 2000; Peter Macsovszky. Ambit. — Bratislava: Drewo a srd, 1995.

 

 

 


 

 

Пэтэр Мачаўскі (Peter Macsovszky) нарадзіўся ў 1966 г. у Новых Замках, ва ўнівэрсытэце ў Нітры вывучаў пэдагогіку, славакістыку, англістыку. Паэт, празаік, перакладчык. Выдаў амаль два дзясяткі кніг, у тым ліку тры паэтычныя зборнікі па-вугорску.

 

 

 


 

 

ГЭТЫЯ І ІНШЫЯ ВЕРШЫ ЧЫТАЙЦЕ У №9 «ARCHE» ЗА 2010 ГОД

 

Гэты нумар, як і іншыя, можна замовіць у распаўсюднікаў:

Баранавічы — Руслан Равяка, п/с 13, 225409, Баранавічы-9, тэл. (029) 767-20-37.

 

Берасьце — Ігар Бараноўскі, тэл. (0162) 25-61-55.

 

Віцебск — Барыс Хамайда, тэл. (0212) 34-52-41.

 

Гомель — Ларыса Шчыракова, тэл. (029) 341-66-94;

 

Дзяніс Федарэнка, тэл. (029) 733-55-22.

 

Горадня — Эдвард Дмухоўскі, тэл. (029) 133-87-17.

 

Магілёў — Алесь Асіпцоў, тэл. (0222) 25-57-85, (029) 625-57-85.

 

Маладэчна — Алесь Кштальтны, тэл. (044) 792-36-88, (029) 271-77-22.

 

Менск — Сяргей Бахун, тэл.(029)724-54-56, (029) 624-54-56 .

 

Наваполацак — Ірына Бельская, тэл. (029) 296-15-73

 

Шукаем распаўсюднікаў зь іншых мясьцінаў.