Верш пра Полацак.

 

ёсьць гарады прыдуманыя Богам

ёсьць гарады прыдуманыя д’яблам

а хто цябе прыдумаў горад мой?

 

хто сьніў цябе такім якім ніколі

ты не прачнесься раніцай туманнай

каб у Дзьвіне памыць заспаны твар?

 

што сьнілася табе ў тваіх кашмарах

і ў прыцемным бурштынавым бяссоньні

і ў сьветлых снах што спавівае сум?

 

хто зь сьвечкай йшоў па гулкіх сутарэньнях

палохаючы вусьцішныя цені

ўладыкаў звар’яцелых і цароў?

 

хто летапіс твой скраў крывёй паліты

хто расьцягнуў тваю бібліятэку

зьвёз хто ў чужыну жыватворны крыж?

 

ты прышласьці званіў Сафійскім звонам

ты нашым сьніў сябе Ерусалімам

ды трэці Рым прызначыў іншы лёс

 

о як мне часам прагнецца ўваскрэснуць

у тагасьвеце у які ня веру

дзе містыка і тайніцы твае

 

са мной няхай давеку застануцца

у вандраваньнях па чысцы і раі

а лепш усё ж па пекле: цікавей…

 

я не ўваскрэсну а вось ты — ўваскрэсьнеш!

 


 

Уладзімер Арлоў — пісьменьнік і паэт.