Упершыню ў жыцьці скупаўся ў Міжземным моры. І вось пра што падумалася.

У францускіх паэтаў ёсьць зацяганая рыфма, кшталту “кроў – любоў” – “mer – amer” (“мора – горкае”). Я раней думаў, што гэта чыстая графаманія бяз сэнсавай падаплёкі, бо мора НЯ ГОРКАЕ, а САЛЁНАЕ. Дык вось, Балтыйскае і Чорнае – так, салёныя. А Міжземнае настолькі салёнае, што менавіта горкае, і зусім францускія паэты ня хлусілі.

Дзьве гадзіны слухаў фантастычныя фальклорныя песьні на мове сардаў, а таксама на розных іншых італьянскіх дыялектах. Потым бадзяўся па гарадку Альгера – і слухаў каталанскую мову, якой там амаль столькі ж, колькі італьянскай. Скончылася тым, што ўпершыню ў жыцьці пераклаў вершык з партугальскай. У арыгінале – геніяльны тэкст. Аўтар – адзін з найлепшых паэтаў ХХ стагодзьдзя Фэрнанду Пэсоа. Тое, што ў мяне, пакуль чарнавік, так што крытыка вітаецца. (Дарэчы, больш Пэсоа па-беларуску можна будзе прачытаць у перакладах маіх цудоўных сябровак па “Перакладчыцкай майстэрні” – на сайце “ПрайдзіСьвет”, які праз пару дзён абновіцца, не прапусьціце! :)

 

ФЭРНАНДУ ПЭСОА


АЎТАПСІХАГРАФІЯ

 

Паэт ня шчыры ніколі,
хоць праўда ў кожным сугуччы
баліць прыдуманым болем,
калі сапраўды балюча.

 

А потым яго чытач
ня двум гэтым болям, а трэцяму
дасьць веры й даверыць свой плач,
хоць не павінна балець яму.

 

Так круціцца па-вар’яцку
і плача сьлязой чужой
катрынка, машынка, цацка,
што людзі завуць душой.

 

FERNANDO PESSOA

 

AUTOPSICOGRAFIA

 

O poeta é um fingidor.
Finge tão completamente
Que chega a fingir que é dor
A dor que deveras sente.

 

E os que lêem o que escreve,
Na dor lida sentem bem,
Não as duas que ele teve,
Mas só a que eles não têm.

 

E assim nas calhas de roda
Gira, a entreter a razão,
Esse comboio de corda
Que se chama coração.

 

http://khadanovich.livejournal.com