Зь нізкі «Выпадковыя 23″ («Náhodnejch 23″).

НУ, ЧАГО ТАБЕ ЯШЧЭ, ТЫ, ВАЛАДАР ВЫРАДКАЎ?

 

Гм, хто я? пасля чацвёртай раніцы

пытаю сябе ўжо трэці раз

“калі ты сам шукаеш на якія б наступіць граблі

то гэта толькі твае траблы”

(голас аўтэнтычны

+ маланкі сінтэтычныя)

а прыяцель мой у куце пакою

пасля колькіх пляшак галёкае:

“доктара” (захінаецца рукою,

думае што ён усё яшчэ ў дурдоме)

няма тут ні доктара ні бармэна

толькі мы самі, адныя

(сабою скалечаныя)

мы выдуманыя? хто гэта зрабіў?

валадар вырадкаў? Божа, я патэтычны,

я выдуманы, я твой сон?

а цень, што на сцены кідаю грывай

кажа мне: выглядаеш як перуанскі

кат ты адзін і ідзеш у неба

чаго табе яшчэ трэба?

чаго ты хочаш, ты, валадар вырадкаў?

 

хочаш сябе?

сапраўды хочаш?

шэпча мне нехта Бог на вуха

недзе ў метро праз бліскучую

зашпільку торбы

якую цягне старая

праз платформу

шэпча мне: дык што, табе ўжо абрыдла

піць і не спаць? ты ўжо змерз

на выспе жанчын? хочаш сябе?

табе толькі гэтага і нестае!

Занаравішся сабе здрадзіш

застанецца табе адно перарэзаць горла

і гатова

 

валі адсюль чуеш знікні

канец сувязі

 

 

ВАЕННАЯ ЛІРЫКА

 

Што яшчэ рабіць у гэтым задуп’і?

Біць моляў?

мух?

мурашоў?

сраць на зоры?

Спусціцца ў склеп і ўсчаць вайну

супроць пацукоў?

Хіба не, яны б мяне хутка прыручылі

ананізмам заняцца?

Што, зноў?

Усё астатняе забаронена.

І гэта радзіма?

Ну нарэшце!

Мастурбаваць

і ўвесь час пісаць.

З карцін зіркаюць мерцвякі

чужыя грэшнікі.

Па вадасцёку маршыруюць цені

на першы паверх галубы не залятаюць.

 

Калі сярэш на зоры, усё падае табе на галаву.

 

Мая жонка жыве ў горадзе ўнізе

жыццё ёй абрыдла.

Жыве сабе без мяне як я жыву без сябе. І ляжу.

Час ад часу ўстану, адзенуся

устану і іду

выю ад кахання цішком трываю і іду.

 

 

НЯДЗЕЛЬНАЯ ХВІЛІНКА ПАЭЗІІ

 

я дзіка інтэлігентны

і афігенна начытаны

і зусім цябе не разумею

сральнік у аэрапорце

менш зацяжараны

чым мая мазгаўня

у якую злятаюцца дэманы

ты б мяне бачыла!

я сапраўдны паэт

калі ціха і сціпла мачуся з ложку

і чакаю чарговых лаўраў

я адчуваю сусветную вусціш

адзін за ўсё чалавецтва

і таму не крыўдуй

але я хоць забі не магу зразумець

чаму ты не хочаш у мяне адсмактаць

 

нядзельным вечарам

калі мне так пагана

 

 

ШАЛЁНАЕ СЭРЦА

 

тост за канец

прыйдзе хутчэй чым тост за навекі

калі ты праглынеш зоркі

гэтыя кавалкі ўсюдыіснага

над нейкай лякарняй

уверсе чырвона-белыя агні

яны былі адно парассыпанымі гасцямі

і толькі цяпер знайшлі сабе каробку

ззяюць з цемры людскія істоты

ты зіхаціш у маім мозгу

далёка ад фільму пад вейкамі

я прапаную канчатковае вырашэнне

плюнуць у твар кахання

і звар’яцець пад сонцам

што нахабна тарашчыцца на чужыя раны

у мясцовасці ўсыпанай дзікім каменнем

твой вузкі бледны твар

быццам лязо сцізорыка

гэта ўсё тая самая гісторыя

эратаман забіты спружынай з канапы

п’яніца з падрэзанымі крыламі

адбойныя малаткі з будоўлі будзяць мяне а сёмай

і гэта занадта рана для таго стану

калі на многія рэчы ўжо занадта позна

 

 

БЕСТСЕЛЕР

 

і не кажы сапраўды херова

што ў цябе г.зв. дэпрэсія

напішы пра гэта ў “Маладосць”

верш, ёб тваю

 

“спецыфічным напрыклад ёсць стан

калі адчай перастае быць

пытаннем светапогляду і стаецца дадзенасцю

якая перабывае ў рухомасці

і бытуе тут”

чуў я ўчора філосафа

на падпольнай лекцыі

на якую я памылкова прыйшоў

крыху падгуляўшы

таму на шчасце

болей ужо не памятаю

потым я ехаў трамваем ценяў

да сакрэтнага сувязнога андэграўнду

які даў мне ікс самвыдатаў

у смешнай торбе з сабачкам Піфам

 

свет пачынае быць падазроным

хапае мяне за яйцы хваткай бульдога

калі б у мяне былі прышчы я б хваляваўся

але я прыгожы пацан

жыву ў крадзенай кватэры ў доўг

калі б у мяне была сястра я мог бы з ёй спаць

а так не застаецца нічога апроч як цалаваць жабу

адну за адной і чакаць

пакуль расцвіце прынцэса якую я зраблю

галоўнай гераіняй бестселера «Тры сястры»

або «Тры браты»: галюн піва жанчына.

 

Трэба баяцца імпульсіўнай прагі

перарэзаць сабе жылы

сытна паабедаўшы

курыцай з апельсінамі

я еду ў маніі

як у праплачаным напярод таксі

вядома ж без адрасу прызначэння

 

 

МОЙ ТВОР БУДЗЕ НЕПРЫГОЖЫ

 

тымчасам як брат сядзіць

я цягаюся па піўнухах

трынджу сплю з дзеўкамі

і думаю быццам пішу

 

тымчасам як правадыр племені самагубствуе

дзяўбаннем сваёй галавы

я нікуды не хаджу толькі шалею

над варыяцыяй на 60-ы верш пра нішто

 

тымчасам як мая дарагая моліцца ў вар’ятні

я б’юся на вакзале рэпетую чапляю шлюх

шлёндаю палю “старт” сяджу ў кіно

п’ю піва і абсалютна ніякі дапісваю

свой пякельны раман

 

тымчасам як мае сябры жэняцца

адмольваюць спароны і млеюць

у шаленстве і эмігруюць

і засноўваюць новыя экзістэнцыі

я лётаю як нячысцік з адной жопы ў другую

і назад

у першую

 

тымчасам як я сяджу самагубствую

шалею ўжыраюся дохну

спароню цяжару шчаснею

мая кніга брыняе і ўхмыляецца

і страшыць мяне і ганяе з кута пакою

на сярэдзіну пакою

скрыжаванне Анёл

пераймянуюць на Маскоўскую

і яно будзе непрыгожым

 

мой твор будзе непрыгожы

я рыба кавалак галавы ў бляску неба

вады кавалак на кручку

 

 

НЕАБХОДНА ЗДАБЫЦЬ ДУШЭЎНЫ СПАКОЙ

 

Р.К. здабывае душэўны спакой

у сельскагаспадарчай камуне паблізу Гумпальца

Р.Д. адмаўляецца рассоўваць ногі

і займаецца практычным хрысціянствам

сярод дэбілаў

В.К. лямантуе і бадзяецца па кватэры

Г.Б. і В.С. пішуць музыку

Б.Л. пайшла ў тэатр

– ніхто не ведае ў які

В.С. нешта паяе ў пакоі

што суседзіць з маім

І.Л. пад наглядам

ён на працы адзін

Ф.Т. прагульваецца ля Влтавы

М.Г. крадзе машыны

і зазірае ў тэлефонныя будкі

В.Б. не робіць нічога

 

сёння я ехаў аўтобусам

міма школы могілак і шпіталя

прыгожая жанчына якая сядзела насупраць

адкрывала і закрывала рот

у гладкіх шкляных сценах

у гудзенні матора нібыта ў гомане акіяна

мы былі дзвюма страшнымі самотнымі рыбамі

і нема размаўлялі ў адчуванні спагады

на павароце аўтобус запаволіў і я яе пачуў

яна прамаўляла зусім не да мяне

проста паўтарала нямецкія словы

з падручніка каторы трымала за карэньчык

яе рука пакладзеная на калені

на спадніцу жаўцізна якой ззяла сонечным пылам

праз усе прыпынкі да самага канца

 

Пераклад з чэскай Сяргея Сматрычэнкі

 

smatrycenka.livejournal.com

 

 


 

 

Яхім Топал — чэскі пісьменьнік. Нядаўна па-беларуску выйшла ягоная аповесьць «Анёл».