“Мабыць я б з радасцю”, “Адраджэнне паэзіі”.

МАБЫЦЬ Я Б З РАДАСЦЮ

 

мабыць я б з радасцю

з часам зрабіўся б

пячорным малюнкам

відаць чырвоным быком

якому бакі і карак

скалолі дзідамі

але тады я хутчэй заснуў

тымчасам як шаман грымеў

трашчоткай з пазногцяў

выдраных у мёртвых таварышаў

відаць я заснуў

і прачнуўся толькі цяпер у метро

з намерам цябе спаткаць

я адчуваў нешта

несумненна звярынае

у пурпуровым святле гукання

болю й крыві а чаму? а таму

якая была – love? вакол

чыста

і транспарт досыць хуткі

і танны

мы спаткаліся ў адным з пераходаў

я праводзіў цябе з лініі В

на лінію С

пяць хвілінаў хадзьбы

пасля двух гадоў маўчання

мы размаўлялі пра метро

пра тое самагубства пісалі нават у газеце

ты мне ўдакладніла

гэта быў супрацоўнік у форме

таму ён мог прайсці ў тунэль

там ён лёг

цягнік разарваў яго ўмомант

ад камераў не было карысці

у машыніста які яго бачыў

не было часу даставіў

пасажыраў туды куды яны кіраваліся

ад нябожчыка засталіся адно невялікія

цёмныя плямы

з двух бакоў клеткі мы

сышліся

на тым што адчуваем гэта абое

 

потым мы развіталіся

абсалютна спакойна

апошнія словы заглушыў

прыезд цягніка

у дзверы якога ты зайшла

і села дзверы зачыніліся

той цягнік ляцеў па тунэлі

насустрач уласным прыгодам

як я

прайшоўшы праз турнікет

я прабіў новы квіток

на новую паездку

 

 

“АДРАДЖЭННЕ ПАЭЗІІ

 

ліло дзень пры дні

зноў была восень

ён хадзіў увесь час па кругу

толькі ў апошнія хвіліны прагулкі

ён выцягнуў яе ліст

над вільготнай мазлівай глебай

парку вар’ятні 1982

яна пісала што больш не хоча з ім жыць

ён склаў паперку напалам

і кінуў яе ў сметніцу

гэта быў усяго папяровы прастакутнік

запаліў цыгарэту

але быў час вяртацца 15.00

 

ён быў надзейны

таму цягам наступнага месяца

вадзіў іншых пацыентаў на электрашок

у суправаджэнні нейкай з сясцёр

адна з іх насіла на шыі крыжык

і прысаджвалася толькі на край крэсла

яе доўгія тонкія пальцы

былі нервовымі жывёлінкамі

што жывуць уласным жыццём

 

у пачакальні яны сядзелі насупраць адно аднаго

і гулялі ў шахматы датыкаліся рукамі

тым часам як тыя крычалі й ванітавалі

біліся ў канвульсіях

пад электрычным токам

часам гэта было чуваць

некаторым дапамагала

прынамсі на нейкі час

яму хацелася б у яе спытаць

чаму вы яго носіце? тут? дзе вакол усё гэта?

але ведаў што яна б яму адказала “менавіта тут”

і трохі адчувала б да яго грэблівасць

маладая сястрычка што паспяхова засвоіла спецыяльнасць

што паспяхова засвоіла свайго Бога трохі нясмелая

хацела “дапамагаць тым, хто церпіць” яна б не вынесла

што ён не цярпіць так як належала б

калі б ён пачаў яе лапаць

пасля тых месяцаў посту

яна паклікала б санітараў

каб і яго абслужылі

ён мог з ёй адно перастаць гуляць у шахматы

мог сядзець і чытаць Свет сацыялізму Кветы

Свет моладзі Сігнал СБ і КП

або разглядаць яе доўга

і неадрыўна пакуль яна не чырванела

і не пачынала хадзіць па пакоі

як шалёная

 

правакаваць было лепш

чым спрабаваць пісаць свой прастакутнік

пісаў лепш пра сябе

прычым заўжды спрэс хлусню

тым разам хацеў напісаць праўду

але гэта было немажліва

урэшце таму ён у тым жамярыным доме і жыў

адчуваў што чым спрабаваць пісаць праўду

лепш было б

падысці да зашклёных дзвярэй сястрынскага пакою

і разбіць іх

але кожнага разу ён толькі пастукаўся

і папрасіў паперы

старыя фармуляры

і апытальныя лісты

з аднаго боку яны былі чыста белыя

і іх там было многа

урэшце гэта перастала мець значэнне

ён застаўся ў той цяпліцы адзін і быў там чым заўгодна

забытаю рэштаю ежы або забытым мужчынам

ані адно ані другое яго не турбавала

тэрарызаваў сабе астатніх

часта гэта было немагчыма вынесці

але ўсё адно лепш імгненне патрываць гвалт

чым думаць пра тое што будзе пасля

ён хацеў бы забыць усе літары

але заставалася яшчэ многа звяроў

што не мелі наймення

урэшце гэта перастала мець значэнне туша астыла

драпежнікі разабралі яго на часткі штосьці паціху

гніло ў вушах і саладзела

дарогай да мозгу ён ужо пачынаў думаць

што перамог што вісіць над светам жыве як расліна

што ён нарэшце неяк засне ў той ухмылцы

калі дні ўсе ягоныя

гэта нарастала і было чым далей тым лепш ужо выглядала

на тое што ён будзе ціхаю мышкай што будзе маўчаць нічога

не выглядала больш рэальна чым той сон маны

тая бязмежная ціша

і нічога не выглядала як рэальнасць

 

пакуль аднойчы зімой

на вячэру не далі рыбу

ён угрызся ў мяса і хрыбет выламаў яму хворы зуб

раструшчыўся і абломак косткі ўваткнуўся яму ў нерв

да самай зубной лункі ён крычаў

у яго цяклі слёзы і ён крычаў

яшчэ доўга пасля таго як прайшоў

напор болю

і пасля таго як мелася падзейнічаць

болеспатольная голка

праз колькі гадзін ён забыўся на боль

але не на тую немач

праз колькі гадоў ён пісаў пра адраджэнне паэзіі

пісаў пра гэта ў двукоссі ў вершы

 

дзе праўда мае значэнне

прыблізна такое ж як рыбіная костка

вось так

цяпер ён піша ў бяспечным сховішчы

есць на вячэру што хоча

і піша як умее

спісвае процьму паперы

якая звычайна

белая з двух бакоў

пералівае з пустога ў парожняе

цяпер ён у бяспечным сховішчы

і многія рэчы страцілі сваё значэнне

 

а праўда мае значэнне

такое ж як вострая рыбіная костка

якая ў патрэбны час

апынаецца ў патрэбным месцы

 

Пераклад Сяргея Сматрычэнкі

 

smatrycenka.livejournal.com

 

 


 

 

Яхім Топал – чэскі пісьменьнік.