Чарговы пераклад з чэшскай Сяргея Сматрычэнкі.

тупыя пошлыя вершы ну

без канца тое самае

прыхаваныя думкі

вуліцы завулкі

падваротні

тэлефонныя будкі

скрэмзаныя пажадлівымі

жалудамі

разведзенымі

нагамі летняе

паветра

асфальт пасля дажджу

і гэта я?

тупыя пошлыя вершы

пустая галава цэлымі днямі

зусім бесхрыбетна

чытаю анталогіі

гэта самае лепшае народныя паэты

спачатку зарабіць на шыкоўны

густы дыван

а потым на ім валяцца калі

пісаніна не лезе да галавы калі

тыдзень канчаецца а вам

няма

што прапанаваць

у перадачу

нядзельная хвілінка паэзіі

асфальт

я

з усёй гэтай бздурой у мазгаўні

яшчэ трохі далей лютую

можа разбіць сабе башку

людзі ўхіляюцца

ад гэтай белай абразіны

яны не ведаюць

што сваю агрэсію

я выплюхваю інакш

не лязом

не з нажом

на ваўкарэза

ці на самотных жанчын

і да т.п.

 

калі б гэтая далікатная красуня

чорны волас пад берэтам бліскучыя

змеі бранзалеты

на запясцях ведала што сваю агрэсію

я выплюхваю ў тупых пошлых вершах

пра самоту ўначы

яна б не перайшла на другі бок вуліцы

усміхнулася б

 

smatrycenka.livejournal.com

 

 


 

Яхім Топал – чэскі літаратар.